Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Помніце Яхшыбоева, які бліснуў у ЧБ пасля сыходу Шкурына? «Легія» заплаціла 300 тысяч еўра за ягоныя 11 хвілін, забіў «Рэалу», хацеў вярнуцца ў Еўропу, але захрас на Радзіме

Помніце Яхшыбоева, які бліснуў у ЧБ пасля сыходу Шкурына? «Легія» заплаціла 300 тысяч еўра за ягоныя 11 хвілін, забіў «Рэалу», хацеў вярнуцца ў Еўропу, але захрас на Радзіме

Баяўся, што вайна ва Украіне зачэпіць і яго.

Аўтар — bytribuna com
20 ліпеня, 09:28
Помніце Яхшыбоева, які бліснуў у ЧБ пасля сыходу Шкурына? «Легія» заплаціла 300 тысяч еўра за ягоныя 11 хвілін, забіў «Рэалу», хацеў вярнуцца ў Еўропу, але захрас на Радзіме

Пасля сыходу ў ЦСКА Іллі Шкурына ў студзені 2020-га «Энергетык-БДУ» не застаўся без забіўнога форварда. Анатоль Юрэвіч знайшоў замену беларусу ў асобе ўзбека Жасура Яхшыбоева, якога ўзялі ў арэнду ў «Пахтакора». За сезон-2020 легіянер паспеў пагуляць не толькі за «студэнтаў», але і ў «Шахцёры». Усяго за той чэмпіянат Беларусі Яхшыбоеў забіў 16 мячоў у 27 матчах і ўзяў залатыя медалі з «гарнякамі».

Апошні раз пра Жасура ў Беларусі ўспаміналі ўвосені 2021-га, калі нападаючы ў групе Лігі чэмпіёнаў забіў «Рэалу», паспрыяўшы сенсацыйнай перамозе «Шэрыфа» ў Мадрыдзе 2:1 (адзнака 0:16).

Пасля лігачэмпіёнскай шуміхі карʼера ўзбека развіваецца далёка не па найлепшым сцэнары. Футбалісту ўсяго 26, і можна сказаць, што ён перажывае крызіс.

У студзені 2021-га Яхшыбоеў з чэмпіянату Беларусі перабраўся ў польскую Экстракласу. «Легія» пералічыла «Пахтакору», якому належалі правы на футбаліста, 300 тысяч еўра. У Варшаве з аптымізмам глядзелі на бамбардзіра з беларускай лігі – разлічвалі на дапамогу ў барацьбе за чэмпіёнскі тытул з «Пагоняй» са Шчэціна. Спадзяванняў на хуткую адаптацыю дадаваў і той факт, што «Легію» тады ўзначальваў ураджэнец Беларусі Чэслаў Міхневіч, які валодае рускай мовай.

У Варшаву Яхшыбоеў прыляцеў у зусім разабраным стане. Польскія СМІ пісалі, што форварду давялося практычна з нуля набіраць форму, калі вясновая частка чэмпіянату Польшчы была ўжо ў самым разгары. На гэтым праблемы Жасура не скончыліся – футбаліст часта скардзіўся на здароўе, а ў «Легіі» не маглі зразумець, ці то нападаючы прыкідваецца, ці то ў яго насамрэч пашкоджанне. Цяжкасцяў дадаў Рамадан, які ў 2021-м прыпаў на частку красавіка і траўня. У гэты месяц мусульмане трымаюць пост, у светлы час сутак адмаўляючыся ад ежы і вады. Атрымлівалася, што перад вячэрнімі матчамі форвард не еў і не піў па 12-14 гадзін.

У такой сітуацыі Яхшыбоеў альбо паліраваў лаўку запасных, альбо ўвогуле аказваўся па-за заяўкай на матчы. За вясновую частку чэмпіянату-2020/21 Жасуру далі ўсяго 11 хвілін у адным з матчаў Экстракласы. Таксама навічок правёў адзін матч за другую каманду «Легіі» у Д4. У выніку варшавяне без дапамогі Яхшыбоева аформілі другое запар чэмпіёнства, апярэдзіўшы «Пагоню» на пяць балаў.

Летам 2021-га форвард пачаў падрыхтоўку да новага сезону з «Легіяй», аднак неўзабаве зноў стаў скардзіцца на сваё здароўе. У шасці стартавых турах Яхшыбоеў ні разу не зʼявіўся нават у заяўцы, правёўшы два матчы за другі склад у Д4.

У апошні дзень лета «Легія» аддала замежніка да канца сезону ў арэнду «Шэрыфу», які ўзначальваў знаёмы футбалісту па «Шахцёру» Юры Вернідуб. Да таго моманту «жоўта-чорныя» нечакана выйшлі ў групу Лігі чэмпіёнаў і мелі патрэбу ў пашырэнні ростэру для гульні на некалькі франтоў. Пры гэтым, паводле слоў футбаліста, у ім быў зацікаўлены і нейкі партугальскі клуб.

У Малдове Яхшыбоеў пачаў феерычна: у дэбютным мачце мясцовай лігі аформіў 1+1 з «Петракубам» (2:0), а затым дапамог абгуляць на старце групы ЛЧ «Шахцёр» Данецк (2:0) і «Рэал» (2:1). Ну а пасля пачаўся спад, які працягваецца да гэтага часу.

Кандыцыі футбаліста і ў Тыраспалі выклікалі пытанні. За адрэзак у клубе ўзбек ні разу не правёў на полі 90 хвілін. Да заканчэння восеньскай часткі сезона-2021/22 Яхшыбоеў двойчы аказваўся ў спісе траўмаваных, праз што прапусціў тры матчы ў групе ЛЧ. Нападаючы правёў толькі 82 хвіліны дамашняй сустрэчы з «Інтэрам» (1:3). Няважна ў футбаліста ішлі справы і ў чэмпіянаце Малдовы – пасля дэбюту Жасур адыграў там усяго пяць матчаў, адзначыўшыся асістэнцкім дублем супраць «Зімбру» (6:0).

У пачатку 2022-га «Шэрыф» пачаў падрыхтоўку да матчаў 1/16 фіналу Лігі Еўропы супраць «Брагі». У абодвух сустрэчах Яхшыбоеў выходзіў у стартавым складзе, але выніковымі дзеяннямі не адзначыўся і быў заменены перад фінальным свістком. Партугальцам удалося забраць пуцёўку ў 1/8 фіналу толькі ў серыі пенальці.

На момант матчу ў адказ Украіна ўжо другі дзень супраціўлялася поўнамаштабнаму ўварванню Расіі. Пасля гульні ў Брагу Вернідуб адправіўся на Радзіму, дзе далучыўся да ўкраінскага войска.

Вакантнае месца галоўнага трэнера заняў памочнік Вернідуба Віктар Міхайлаў. Пры ім Яхшыбоеў канчаткова змаркатнеў і да канца сезону нават ні разу не трапляў у заяўку на матч. Тады да «Легіі» дайшла інфармацыя, што футбаліст перажывае праз уварвання ва Украіну і магчымых баявых дзеяннях у Прыднястроўі, дзе базаваўся яго клуб. Нагадаем, увесну 2022-га хадзіла шмат інфармацыі, што Расея збіралася адкрыць яшчэ адзін фронт менавіта ў гэтым рэгіёне.

У арэнднай дамове з «Шэрыфам» была прапісаная опцыя выкупу правоў на Яхшыбоева, але малдаўскі клуб не стаў ёю карыстацца, развітаўшыся з футбалістам у канцы вясны 2022-га. Усяго за тыраспальцаў узбек ва ўсіх турнірах правёў 12 матчаў і забіў два мячы.

Да таго моманту Міхневіча, які і паклікаў узбека ў Варшаву, у «Легіі» ўжо не было – яго звольнілі ў кастрычніку 2021-га. Пакуль Жасур знаходзіўся ў Прыднястроўі, у варшаўскім клубе паспелі памяняць яшчэ двух трэнераў, пад кіраўніцтвам якіх сталічная каманда фінішавала толькі дзясятай. Улетку 2022-га руліць «Легіяй» даверылі немцу Косце Руняічу. Новы трэнер не стаў спісваць Яхшыбоева з рахункаў, даўшы шанц праявіць сябе падчас перадсезоннага збору ў Аўстрыі. Па выніку легіянер праз дрэнную форму праваліў усе тэсты, а таксама пасрэдна правёў кантрольныя спарынгі, хаця яго актыўна выпускалі (няхай і не звыкла ў нападзе, а на флангу).

«Калі каманда бегала кросы, Яхшыбоеў адставаў. З кожным кругам павялічвалася дыстанцыя паміж ім і аднаклубнікамі. Як ён выглядаў на трэнаваннях? Сярэдне, мякка кажучы. У таварыскіх матчах? Былі рыўкі і добрыя моманты, якія чаргаваліся з доўгімі супынкамі і назіраннямі за гульнёй. Яму не хапала хуткасці і цягавітасці. Да гэтага дадавалася мова цела, якая казала, што футбаліст не хоча змагацца. Усё гэта не змагло пераканаць новага трэнера [у неабходнасці працаваць з Яхшыбоевым]», – пісалі польскія журналісты. Пры гэтым яны адзначалі, што ў нападаючага было ўсё, каб стаць забіўным футбалістам на прасторах Экстракласы.

Паўплываць на ўзбека спрабавалі аднаклубнікі. З футбалістаў «Легіі» па-руску гаварыў экс-гулец «Краснадара» Артур Энджэйчык. Спрабавалі камунікаваць з нападаючым украінец Ігар Харацін, ізраільцянін Ёэль Абу-Хана (два гады правёў у «Зары» Луганск) і трэнер па фізпадрыхтоўцы грэк Стэргіёс Фотапулас, які з 2015-га па 2018-ы працаваў у брэсцкім «Дынама», а затым у тульскім «Арсенале» і маскоўскім «Спартаку». Аднак усім ім не ўдалося знайсці падыход да Яхшыбоева, які стараўся з калегамі не збліжацца. Сваю закрытасць футбаліст тлумачыў важнасцю ў ягоным жыцці сямʼі і рэлігіі.

Гісторыя Яхшыбоева і «Легіі» скончылася ў ліпені 2022-га, калі бакі разарвалі кантракт па ўзаемнай згодзе. Атрымлівалася, што за паўтара года форвард правёў за варшавянаў толькі 11 хвілін, якія каштавалі клубу амаль траціну мільёна еўра.

Гэтым еўрапейская частка карʼеры футбаліста пакуль вычэрпваецца. У тым жа ліпені выхаванец «Пахтакора» вярнуўся ва Узбекістан, дзе падпісаў кантракт з галоўным канкурэнтам свайго роднага клуба за чэмпіёнства «Наўбахорам». Такі пераход зразумелі не ўсе прыхільнікі ташкенцкага клуба. На Радзіме «Наўбахор» называюць «новым ПСЖ», які зазывае футбалістаў на вялікія заробкі. У летняе трансфернае акно-2022 Яхшыбоеў стаў для клуба з Намангана галоўнай трансфернай мэтай. Пры гэтым аб працяглым кантракце з нападаючым дамовіцца не ўдалося – той не губляў надзеі праз паўгода вярнуцца ў Еўропу. Разам з Яхшыбоевым тады падпісаўся экс-хаўбек «Энергетыка-БДУ» Даніер Абдуманапаў. На той момант у складзе каманды знаходзіўся былы нападаючы «Дняпра» і «Нёмана» Зоран Марушыч. Адзначым, што сёння абодвух футбалістаў у складзе «Наўбахора» ужо няма.

З 13 тураў, што заставаліся да фінішу лігі, Яхшыбоеў выйшаў на поле толькі ў сямі – і толькі тройчы ў старце. Даходзіла да таго, што яго маглі памяняць ужо ў першым тайме. Прыхільнікаў «Наўбахора» нападаючы парадаваў усяго адным голам у вароты «Бунедкора» (1:2) (адзнака 5:36).

«Наўбахор» фінішаваў на другім месцы ў адным пункце ад «Пахтакора», аднак гэта не перашкодзіла камандзе трапіць у кваліфікацыю азіяцкай ЛЧ, якая стартуе ў жніўні 2023-га.

Пасля сезона-2022 Яхшыбоеў не спяшаўся працягваць пагадненне з «Наўбахорам». Узбекістанскія СМІ пісалі, што нападаючы вось-вось зʼедзе за мяжу, але ён так і застаўся ў Намангане.

Гэты сезон Жасур пачаў гульцом стартавага складу, зʼяўляючыся на правым флангу атакі «Наўбахора», але затым зноў пачаліся арэлі. За першы круг чэмпіянату Узбекістана (13 тураў) Яхшыбоеў зʼявіўся на полі дзесяць разоў (пяць выхадаў у старце) і набраў сціплыя 2+1. У другім туры ён паразіў вароты «Металурга» (3:0) (адзнака 3:18).

А ў сярэдзіне траўня з пенальці прынёс перамогу над «Сурханам» (1:0), паразіўшы вароты экс-галкіпера мінскага «Тарпеда» і «Мінска» Арцёма Патапава (да 2022-га насіў прозвішча Лявонаў) (адзнака 3:11).

Адзначым, што Жасур не ўпершыню засмучае Патапава – увесну 2020-га ён забіў яму ў футболцы «Энергетыка-БДУ», калі дапамог абгуляць «Мінск» 2:0 (адзнака 0:45).

На летнюю паўзу-2023 «Наўбахор» сышоў лідарам чэмпіянату, апярэджваючы «Пахтакор» на адзін пункт. Праўда, у апошняга матч у запасе.

Пры сваёй даволі сціплай гульні Яхшыбоеў у пачатку 2023-га нечакана спатрэбіўся нацыянальнай зборнай, у якую яго не запрашалі з лістапада 2020-га. Срэчка Катанец хацеў выклікаць нападаючага яшчэ на кастрычніцкія таварнякі 2021-га, калі той шумеў у Еўропе з «Шэрыфам», аднак перашкодзіла траўма.

Праз паўтара года славенец запрасіў Жасура на два сакавіцкія спарынгі ў Саудаўскую Аравію. З Балівіяй (1:0) Яхшыбоеў правёў 59 хвілін, а ў таварыскім матчы супраць Венесуэлы (1:1) выйшаў на заключныя 17 хвілін, зарабіў пенальці і з 11-метровай адзнакі адкрыў лік сваім галам за зборную (адзнака 5:25).

Гульня футбаліста задаволіла Катанца, таму Жасур атрымаў выклік і на наступныя матчы нацыяналкі – на дэбютны Кубак нацый ФАЦА (Футбольнай асацыяцыі Цэнтральнай Азіі), які праходзіў у чэрвені-2023. У сваёй групе ўзбекі перамаглі ва ўсіх матчах – Аман (3:0), Туркменістан (2:0) і Таджыкістан (5:1). Яхшыбоеў правёў першы і апошні матчы, паразіўшы вароты таджыкаў (адзнака 4:28).

У фінале Узбекістан супрацьстаяў Ірану і саступіў 0:1. Яхшыбоеў зʼявіўся на полі на 90+4-й хвіліне. З таго часу на рахунку нападаючага восем матчаў за зборную пры двух галах.

Проста цяпер Transfermarkt ацэньвае форварда ў 550 тысяч еўра. Ва ўзбекістанскай лізе Яхшыбоеў далёка не топавы гулец па гэтым паказніку – усяго 28-ы агулам і 9-ы ў клубе. Адзначым, што на піку Яхшыбоеў каштаваў 750 тысяч еўра – так яго ацанілі пасля паспяховага сезона-2020 у шэрагах «Энергетыка-БДУ» і «Шахцёра».

Іншыя пасты блога

Усе пасты