Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/На гарызонце ў Беларусі – страта аднаго з чатырох месцаў у еўракубках. Здарыцца гэта не заўтра, але ўсё выглядае так, што выкруціцца будзе складана (горш за нас – толькі Сан-Марына)

На гарызонце ў Беларусі – страта аднаго з чатырох месцаў у еўракубках. Здарыцца гэта не заўтра, але ўсё выглядае так, што выкруціцца будзе складана (горш за нас – толькі Сан-Марына)

БАТЭ ўратуе?

Аўтар — bytribuna com
18 жніўня, 10:14
2
На гарызонце ў Беларусі – страта аднаго з чатырох месцаў у еўракубках. Здарыцца гэта не заўтра, але ўсё выглядае так, што выкруціцца будзе складана (горш за нас – толькі Сан-Марына)

17 жніўня «Нёман» скончыў свой шлях у еўракубках сёлетняга сезону – быў разгромлены «Цэле» ў трэцім раўндзе адбору Лігі канферэнцый. Гродзенцы зарабілі ў турніры 850 тысяч еўра (але нямала і патрацілі з разʼездамі па Еўропе і арэндай стадыёна ў Венгрыі).

Так у Еўропе застаўся адзін беларускі клуб – БАТЭ. Пасля праходу першага раўнда адбору ЛЧ ён уляцеў спачатку «Арысу», а потым і «Шэрыфу», але працягне ў раўндзе плэй-оф кваліфікацыі Лігі канферэнцый. А ў матчы ў адказ з малдоўскім клубам нават у апошні момант зачапіў нічыю – і прынёс крыху пунктаў Беларусі ў табліцы каэфіцыентаў УЕФА.

Аднак перспектывы ў гэтай табліцы для белфутбола ўсё роўна пагражальныя. Асабліва калі БАТЭ прайграе і косаўскаму «Балкані» і не выйдзе ў групу ЛК. Праўда, адчувацца наступствы будуць не адразу. Табліца каэфіцыентаў УЕФА працуе так: сума за пяць запар сезонаў вызначае, дзе краіна будзе праз два гады пасля апошняга з іх. Прасцей кажучы, месца Беларусі на сезон-2024/25 ужо вызначана – па выніках сумы пунктаў за сезоны-2018/19, 2019/20, 2020/21, 2021/22 і 2022/23. Наш футбол праз год (калі, вядома, не будзе канчаткова забанены) падыдзе да еўракубкаў на 40-м месцы рэйтынгу з 55 асацыяцый.

Зрэшты, вялікай розніцы для пазіцый з 34-ю па 50-ю няма – усе федэрацыі з іх выстаўляюць па адным клубе ў першы раўнд адбору ЛЧ і па тры каманды ў кваліфікацыю ЛК. Адзін нюанс – у чатырох найлепшых краін з гэтага прамежку адна каманда стартуе з другога раўнда адбору ЛК. Беларусь ніжэйшая, таму ўсе тры нашыя каманды ў самым слабым еўракубку павінны будуць стартаваць з самага першага раўнда. Хаця тэарэтычна магчыма, што працяг бана Расіі ўсё ж такі дасць уладальніку Кубка Беларусі ў 2024-м пуцёўку адразу ў другую стадыю.

Больш змрочны расклад на сезон-2025/26. Там будуць улічвацца пяць сезонаў, з якіх апошні – цяперашні. Гэта значыць перастане ўключацца ў падлік кампанія-2018/19 – тая самая, дзе БАТЭ дайшоў да плэй-оф ЛЕ, дзякуючы чаму Беларусь атрымала паўнаважкіх пяць пунктаў у рэйтынг. Далей усё ішло горш – чатыры наступныя сезоны агулам прынеслі менш балаў, 4,875. У 2023-м белклубы пакуль набралі 1,5 балы (6 пунктаў, па адным за перамогу і палоўка за нічыю, дзеляцца на 4, колькасць беларускіх клубаў у розыгрышы).

6,375 пункты – гэта пакуль 49-е месца ў табелі на 2025 год. А клубы з 51-га месца і ніжэй маюць менш месцаў у еўракубках – у ЛК выстаўляюць толькі дзве каманды, а не тры. Але і тут абыдзецца – Беларусь ужо не апусціцца ніжэй за памежны 50-ы радок. Апошнія пяць месцаў рэйтынгу на сезон-2025/26 вядомыя – там Андора, Уэльс, Чарнагорыя, Гібралтар і Сан-Марына, усе клубы з якіх ужо вылецелі. Абагнаць Беларусь можа толькі Паўночная Македонія (адстае на 0,375 бала), чыя «Струга» ў вырашальным раўндзе адбору ЛК згуляе з пасільным ісландскім «Брэйдаблікам».

Але калі глянуць на перспектывы ў сезоне-2026/27, то можна ахнуць. Праз правалы ў еўракубках апошніх гадоў Беларусь у рэйтынгу на 54-м з 55 месцаў – ніжэй толькі Сан-Марына. Прычым у Уэльса на віртуальным 50-м радку больш на 0,916 бала – гэта значыць, каб дагнаць, белклубам трэба ў кваліфікацыі (у рэйтынг, пра які вядзецца тут гаворка, ідзе і адбор у наступным годзе) атрымаць на чатыры перамогі больш, чым камандам з брытанскага рэгіёну, а заадно чакаць правалаў згаданых Чарнагорыі, Андоры і Гібралтару. Карацей, страта адной пуцёўкі ў Еўропу блізкая. Добра яшчэ, што праз пашырэнне з 2024-га групавых этапаў еўракубкаў да 36 каманд УЕФА скасавала папярэдні раўнд адбору ЛЧ – сёлета быў апошні раз, калі чэмпіёны асацыяцый з чатырох апошніх месцаў рэйтынгу мусілі прайсці двух супернікаў, каб проста патрапіць у першую стадыю адбору.

Але ўсё яшчэ можа змяніць БАТЭ – калі патрапіць у групу цяперашняй Лігі канферэнцый (поспех з «Балкані» прынясе ў беларускую скарбонку яшчэ як мінімум 0,25 бала) і пакажа там вынік, бо перамога ў матчы групавога этапу ацэньваецца ўжо ў 2 еўрабала (0,5 у рэйтынг краіны), а нічыя – у 1 (0,25 для Беларусі). З такімі «расцэнкамі» рашэнне задачы перадухіліць сітуацыю на 2026 год становіцца куды больш рэальным.

Іншыя пасты блога

Усе пасты