Tribuna/вид спорта не определен/Блогі/Беларусский футбол/Адна з найлепшых футбалістак Беларусі падпісала кантракт з клубам Неймара – так, у Саудаўскай Аравіі ёсць жаночы футбол

Адна з найлепшых футбалістак Беларусі падпісала кантракт з клубам Неймара – так, у Саудаўскай Аравіі ёсць жаночы футбол

Мужчынская каманда лідаруе, у жаночай ёсць пытанні.

Аўтар — bytribuna com
18 студзеня, 06:39
Адна з найлепшых футбалістак Беларусі падпісала кантракт з клубам Неймара – так, у Саудаўскай Аравіі ёсць жаночы футбол

Саудаўская Аравія спрабуе зладзіць сама ў сябе футбольны бум. Мясцовыя клубы масава запрашаюць сусветных зорак – летам-2023 яны патрацілі 875,4 млн долараў на навічкоў. Гэта быў другі паказнік па свеце пасля чэмпіянату Англіі (1,98 млрд долараў).

Актыўней за іншых падчас летняга трансфернага акна працаваў «Аль-Хіляль» з Эр-Рыяда. На ўзмацненне клуб выдаткаваў 353,1 млн еўра. Галоўным падпісаннем стаў бразілец Неймар, за якога ПСЖ атрымаў 90 мільёнаў еўра. Таксама «Аль-Хіляль» запрасіў іншых топаў – Малкома («Зеніт», 60 млн еўра), Рубена Невеша («Вулверхэмптан», 55 млн еўра), Аляксандра Мітравіча («Фулхэм», 52,6 млн еўра), Сяргея Мілінковіч-Савіча («Лацыа», 40 млн еўра), Каліду Кулібалі («Чэлсі», 23 млн еўра) і Ясіна Буну («Севілья», 21 млн еўра). Такі размах магчымы дзякуючы таму, што 75% акцый клуба належыць Суверэннаму фонду Саудаўскай Аравіі – адной з найбуйнейшых дзяржаўных скарбонак у свеце, якая змяшчае актывы на 430 млрд долараў. Проста цяпер «Аль-Хіляль» упэўнена ідзе на першым месцы ў чэмпіянаце краіны, маючы пасля 19 тураў 53 пункты.

Але ж у Саудаўскай Аравіі спрабуюць падцягваць і жаночы футбол, які быў у краіне забаронены да 2017-га. У 2018-м жанчынам дазволілі наведваць трыбуны на мужчынскіх матчах, а яшчэ праз два стартаваў першы ў гісторыі краіны жаночы чэмпіянат – мужчынскія клубы ўключылі ў сваю структуру аматарскія жаночыя калектывы. Пакуль справа не даходзіць да запрашэння сусветных зорак жаночага футбола, аднак легіянерак у мясцовым чэмпіянаце паступова большае. «Аль-Хіляль» у гэтым сэнсе не выключэнне – там створаны адзін з топавых жаночых клубаў Саудаўскай Аравіі.

Па інфармацыі «Трыбуны», каманда ўжо падпісала кантракт з 30-гадовай паўабаронцай зборнай Беларусі Анастасіяй Ліннік. Адна з мацнейшых гульцоў нашай краіны ўжо пачаў трэнаванні з новым клубам.

Апошнія чатыры гады футбалістка выступала за мінскае «Дынама-БДУФК», з якім за гэты час выйграла ўсе турніры ўнутры краіны. Ліннік не раз прызнавалі найлепшай паўабаронцай чэмпіянату Беларусі. Усяго за «Дынама-БДУФК» у нацыянальным першынстве яна правяла 83 матчы, у якіх забіла 64 мячы.

«Аль-Хіляль», які абзавёўся жаночай камандай у 2022-м, не адзін месяц цікавіўся беларускай. Першая прапанова аб пераходзе паступіла восенню 2023-га, аднак на той момант у Ліннік не скончыўся кантракт з «Дынама-БДУФК», а сам мінскі клуб не хацеў адпускаць футбалістку, хаця пытанне па датэрміновым чэмпіёнстве было практычна вырашанае. У спартсменкі таксама меліся прапановы ад некалькіх турэцкіх клубаў і маскоўскага «Дынама».

Пасля першага круга жаночай лігі Саудаўскай Аравіі (турнір праходзіць з кастрычніка па красавік, у ім удзельнічаюць восем каманд, якія гуляюць у два кругі) «Аль-Хіляль» ідзе другім з 13 пунктамі пасля сямі сустрэч. Адставанне ад лідара «Аль-Насра» складае восем балаў. У азіяцкую Лігу чэмпіёнаў адправіцца толькі пераможца турніру.

Старт другога круга ў «Аль-Хіляля» намечаны ўжо на бліжэйшую суботу. Каманда ўдома прыме «Аль-Кадысію» з пятага месца.

Па рэгламенце чэмпіянату Саудаўскай Аравіі адначасова на полі могуць знаходзіцца не больш за чатыры легіянеркі (з наступнага сезона плануюць павялічыць гэтую колькасць). Ліннік стала ў «Аль-Хіляле» дзявятай замежніцай. Акрамя яе ў камандзе сабраны тры прадстаўніцы Ганы, дзве – Егіпта, па адной футбалістцы з Марока, Панамы і Камеруна.

З Камеруна прыехала цэнтральная абаронца Клаўдыя Дабда. У сезонах-2020-2022 яна выступала за «Дынама-БДУФК» (66 матчаў і 8 галоў у ЧБ). Сёння 22-гадовая камерунка зʼяўляецца капітанам саудаўскай каманды.

У верасні 2023-га «Аль-Хіхяль» узначаліў 53-гадовы серб Дарка Стаянавіч. Спецыяліст не мае вялікай вядомасці нават у жаночым футболе. У 2010-2012 гадах ён узначальваў жаночую зборную Сербіі U-17. У снежні 2023-га Стаянавіча прызналі найлепшым трэнерам месяца ў чэмпіянаце Саудаўскай Аравіі – пасля таго каманда атрымала дзве перамогі ў двух матчах з агульным лікам 6:2.

Дамашнія матчы «Аль-Хіхяль» праводзіць на стадыёне медычнага каледжа. На арэне ўсяго адна невялікая трыбуна, якая на гульнях запаўняецца практычна цалкам.

Іншыя пасты блога

Усе пасты