Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Вось як Шаранговіч выпаў са склада «Нью-Джэрсі»: клуб падпісаў канкурэнта, у якога ў сезоне ў 2 разы болей ачкоў, але справа не толькі ў гэтым

Вось як Шаранговіч выпаў са склада «Нью-Джэрсі»: клуб падпісаў канкурэнта, у якога ў сезоне ў 2 разы болей ачкоў, але справа не толькі ў гэтым

Ужо 6 матчаў па-за гульнёй.

Аўтар — bytribuna com
16 сакавіка 2023, 09:52
Вось як Шаранговіч выпаў са склада «Нью-Джэрсі»: клуб падпісаў канкурэнта, у якога ў сезоне ў 2 разы болей ачкоў, але справа не толькі ў гэтым

У ноч з аўторка на сераду «Нью-Джэрсі» Ягора Шаранговіча ў чарговым матчы рэгуляркі НХЛ саступіў дома «Тампэ» 1:4. Гэта была шостая гульня запар, калі беларускага хакеіста не аказалася ў заяўцы «д'яблаў». Пры гэтым форвард здаровы і трэніруецца ў агульнай групе.

Разбіраемся, чаму Шаранговіч выпаў з асновы.

Маглі абмяняць у «Сан-Хасэ»

Першы трывожны званок для беларуса прагучаў напрыканцы студзеня. Тады з'явілася інфармацыя, што «Нью-Джэрсі» зацікаўлены ў паслугах нападаючага «Сан-Хасэ» Ціма Маера. Заакіянскія эксперты пісалі, што швейцарскі форвард са складу аўтсайдэра Заходняй канферэнцыі здольны выдатна ўпісацца ў хакей "д'яблаў", што дапамагло б перад будучым стартам у Кубку Стэнлі.

Адным з варыянтаў пад абмен называлі якраз Шаранговіча. Эксперты разважалі, што растанне з беларусам не павінна ўдарыць па атакуючым патэнцыяле «Нью-Джэрсі» - маўляў, страта форварда не стане праблемай для каманды.

«Д'яблы» былі настырлівыя ў жаданні займець Маера, таму закрылі здзелку да 3 сакавіка, калі надыходзіў дэдлайн на падобныя аперацыі. У канцы лютага швейцарац разам з яшчэ чатырма аднаклубнікамі і правам выбару ў пятым раўндзе драфту-2024 адправіўся ў «Нью-Джэрсі». У зваротным кірунку паехалі чатыры гульцы «д'яблаў», сярод якіх Шаранговіча не аказалася. На момант пераходу Маер набраў 52 (31+21) ачкі ў 57 матчах за «Сан-Хасэ». Для параўнання, у Шаранговіча на той момант было 27 (12+15) балаў у 59 паядынках.

Партал Dobberhockey.com, каментуючы абмен паміж клубамі, выказваў здагадку, што Маер у верхніх звёнах можа заняць месца Шаранговіча. Так яно і адбылося.

Падчас матча адправілі ў запас

Хаця адразу не надта верылася, што пад ратацыю трапіць беларус. Ягор выдаў ударны адрэзак у сярэдзіне лютага, набраўшы 4 (1+3) ачкі ў трох матчах. Асіст у гульні з «Сэнт-Луісам» (4:2) стаў для форварда сотым балам у НХЛ. Да Шаранговіча дасягнуць гэтай адзнакі ўдавалася толькі пяцём беларусам - Міхаілу Грабоўскаму (296), Андрэю Касціцыну (222), Руслану Салею (204), Сяргею Касціцыну (176) і Уладзіміру Цыплакову (170).

З моманту падпісання Маера Ягор правёў усяго два матчы ў НХЛ. Аднак пытанні па гульні беларуса ў галоўнага трэнера "Нью-Джэрсі" Ліндзі Рафа сталі з'яўляцца яшчэ да пераходу швейцарца.

24 лютага Шаранговіч выйшаў у другім звяне «д'яблаў» супраць «Лос-Анджэлеса» (4:3 АД). Падчас сустрэчы Раф мяняў тасаваў хакеіста па спалучэннях - у выніку Ягор скончыў матч ажно ў чацвёртай тройцы і знаходзіўся на лёдзе падчас двух з трох прапушчаных шайб. У наступнай гульні форвард зарабіў асіст з "Філадэльфіяй" (7:0), але затым зноў праваліў паядынак.

"Нью-Джэрсі" абыграў на выездзе "Каларада" 7:5, але Шаранговіч, які дзейнічаў у другім звяне, прымудрыўся ў тым матчы набраць "-3" за амаль 14 хвілін на лёдзе. 4 сакавіка Раф даў яшчэ адзін шанец падапечнаму, адправіўшы ў другое спалучэнне форвардаў супраць "Вегаса" (3:4 БУЛ). Аднак беларус і тут быў непераканаўчы на пляцоўцы, зарабіўшы "-2". У заключным перыядзе цярпенне трэнера лопнула - і ён пасадзіў Шаранговіча на лаўку да фінальнай сірэны. У матчы Ягор правёў на лёдзе роўна дзесяць хвілін - так мала хакеіст не гуляў тры апошнія месяцы.

«Ёсць некаторыя гульні, у якіх ён мог бы быць больш жорсткім, аднак ён быў часткай групы, якая дабілася поспеху. Справа не ў Ягоры, а ў тым, што ў гульні ўсё ішло добра, аднак здавалася, што ў іншых хлопцаў справы ідуць лепш. У другім перыядзе мы паспрабавалі крыху змяніць ход гульні. І мы змаглі вярнуцца да свайго хакея», - пасля матчу патлумачыў сваё рашэнне Раф.

З таго часу не гуляў

На наступны дзень Шаранговіча не было на трэніроўцы каманды - пра прычыны пропуску клуб нічога не паведаміў. Атрымлівалася, што ў шасці апошніх матчах за «Нью-Джэрсі» нападаючы набраў усяго адзін асіст - за гэты час «д'яблы» закінулі 27 шайб. Паказчык карыснасці Ягора за шэсць гульняў склаў -7.

Пасля "Вегаса" Рафф ні разу не выпускаў Шаранговіча на лёд. Так не адбыліся беларускія дэрбі ў НХЛ - нападаючы не гуляў у матчах з «Арызонай» Уладзіслава Калячонка і «Вашынгтона» Аляксея Пратаса. Праўда, у супернікаў беларусы таксама не выходзілі на пляцоўку.

Маер за гэты час паўдзельнічаў у шасці сустрэчах за «Нью-Джэрсі» і зарабіў 2 (1+1) ачкі. Паказчык карыснасці пакуль не радуе ("-2"). Вось толькі Раф давярае наваку куды больш грунтоўна, чым Шаранговічу, - той праводзіць на лёдзе ў сярэднім 18:07. Ягор у сезоне-2022/23 гуляе амаль на чатыры хвіліны менш - 14:22.

Таксама варта ўлічваць, што кантракт Шаранговіча з «Нью-Джэрсі» заканчваецца найбліжэйшым летам. Калі ў папярэдніх сезонах хадзіла інфармацыя пра зацікаўленасць у паслугах форварда з боку іншых клубаў НХЛ, то сёлета такіх размоў пакуль не чуваць.

Іншыя пасты блога

Усе пасты