Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/У белхакей вярнуўся знакавы для Гродна трэнер: браў з «Нёманам» тытулы, сышоў праз спустошанасць, а цяпер ачоліў Брэст

У белхакей вярнуўся знакавы для Гродна трэнер: браў з «Нёманам» тытулы, сышоў праз спустошанасць, а цяпер ачоліў Брэст

Улюбёнец фанатаў.

Аўтар — bytribuna com
20 лістапада, 12:52
У белхакей вярнуўся знакавы для Гродна трэнер: браў з «Нёманам» тытулы, сышоў праз спустошанасць, а цяпер ачоліў Брэст

Расійскі трэнер Сяргей Пушкоў праз тры гады вярнуўся ў беларускі хакей. На мінулым тыдні 59-гадовы спецыяліст узначаліў «Брэст».

Расстанне Пушкова з экстралігій восенню 2020-га атрымалася нечаканым, але толькі на першы погляд. Да гэтага коўч з «Нёманам» тройчы выйграваў золата турніру (2014, 2017, 2018) і тройчы – з 2017-га па 2019-ы – прызнаваўся найлепшым трэнерам чэмпіянату. Аднак сезон-2020/21 у «Нёмана» не задаўся. Каманда выдала найгоршы старт за апошнія 16 гадоў, атрымаўшы пяць перамог пры дзесяці паразах. І папярэдні сезон быў не надта ўдалым. У Гродне мелі некаторыя праблемы з фінансамі, плюс цяжка падладжваліся пад ліміты, якія ўвяла федэрацыя.

Пасля трох параз запар Пушкоў ініцыяваў размову з намеснікам гендырэктара «Нёмана» Анатолем Варывончыкам. На сустрэчы трэнер заявіў, што хоча сысці, таму што «адчувае сябе выпусташаным». Варывончык спрабаваў утрымаць Пушкова, але беспаспяхова. Адгаворвалі расіяніна ад сыходу і хакеісты. Па выніку кантракт быў скасаваны па дамове бакоў.

Без працы «спустошаны» Пушкоў прабыў прыкладна тыдзень. Заявіўшы пра надзею, што ЧС-2021 усё ж пройдзе ў Мінску (пра выбары таго года і рэпрэсіі спецыяліст ніяк не выказваўся), і што «спорт сапраўды мусіць быць па-за палітыкай», зʼехаў у родны Санкт-Пецярбург і там увайшоў у структуру мясцовага Дынама», якое на той момант узначальваў беларус Эдуард Занкавец. Экс-коўч «Нёмана» стаў кансультантам па працы з некалькімі моладзевымі камандамі, а таксама асістэнтам галоўнага трэнера ў адной з іх. На гэтых пасадах Пушкоў прапрацаваў да канца сезона-2020/21, а затым заняў месца Занкаўца, які вылецеў у паўфінале плэй-оф ВХЛ ад «Югры».

У першым жа сезоне з Пушковым «Дынама» пасля чацвёртага месца ў рэгулярцы дайшло да фіналу плэй-оф, праўда, там саступіла. Клубнае кіраўніцтва прызнала вынік паспяховым і працягнула кантракт з коўчам на год. Аднак у сезоне-2022/23 каманда нават не патрапіла ў плэй-оф – да прахаднога 16-га месца не хапіла двух пунктаў. Пасля гэтага з Пушковым развіталіся.

Знаходзячыся ў Піцеры, Пушкоў не губляў сувязь з белхакеем: сачыў за матчамі экстралігі, дзве перадсезонкі з «Дынама» правёў у Беларусі. У кастрычніку 2022-га трэнер праз прэсу перадаў прывітанне заўзятарам «Нёмана», і гэта нядзіўна. Расіянін стаў культавым персанажам для хакейнага Гродна – і праз багацце трафеяў, і таму, што ўмела пакідаў ні з чым галоўнага трэнера «Юнацтва» Міхаіла Захарава, што для гродзенскай публікі заўсёды было каштоўна. Фанаты актыўна ганялі за камандай па Беларусі, але выбрацца куды-небудзь за 1000 кіламетраў на матч Кантынентальнага кубка таксама не было праблемай.

Пушкоў вітаў вяртанне гродзенскіх фанатаў на сектар, хаця яны пасля выбараў-2020 праз лютасць лукашэнкаўскіх сілавікоў абʼяўлялі бестэрміновы байкот. Ужо пасля гэтага каля дзясятка заўзятараў прайшлі праз суткі па палітычных матывах.

Трэнер нават прапаноўваў заўзятарам «Нёмана» прыехаць у Піцер і падтрымліваць «Дынама» як сваю, гарадзенскую, каманду.

Як толькі трэнер стаў вольным агентам, пачалі зʼяўляцца паведамленні пра цікавасць да яго з боку беларускіх клубаў. Мінулым летам зʼяўлялася інфармацыя, што Пушкоў можа ўзначаліць «Юнацтва» і «Хімік», аднак каманды рабілі выбар на карысць іншых спецыялістаў. Напрыклад, дамовіцца з Наваполацкам не ўдалося па фінансах.

Без працы Пушкоў знаходзіўся да сярэдзіны лістапада, пакуль да яго не звярнуўся «Брэст». У сезон клуб увайшоў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Світа, які быў прызначаны галоўным яшчэ ў ліпені 2022-га. З ім каманда двойчы выходзіла ў Фінал чатырох Кубка Салея (4-е месца ў 2022-м, 3-е месца ў 2023-м). Адстаўку трэнера па дамове бакоў у белхакеі зразумелі не ўсе – у 12 апошніх матчах «Брэст» атрымаў сем перамог, што нядрэнны вынік для серадняка экстралігі.

Кантракт з Пушковым заключылі да канца гэтага сезона. Пасля прызначэння трэнер назваў «Брэст» чэмпіёнскай камандай на паперы і выказаў намер зрабіць яе чэмпіёнскай насамрэч. Такую ўпэўненасць трэнер тлумачыць тым, што ў складзе хапае хакеістаў-чэмпіёнаў. На сёння такіх у ростары адразу восем чалавек – Сяргей Шэлег, Усевалад Кашкар, Яўген Кунцэвіч, Павел Развадоўскі, Дзяніс Цыганоў, Юрый Верамеенка, Аляксандр і Сяргей Маляўка. Асаблівыя надзеі ў Пушкова на апошніх – 33-летнія браты былі сістэмаўтваральнымі гульцамі чэмпіёнскіх складаў «Нёмана».

Трэнер правёў дэбютны матч з «Брэстам» ужо ў дзень прызначэння – у авертайме атрымалася перамагчы «Дынама-Маладзечна» 2:1 дзякуючы дакладнаму кідку Развадоўскага, але да 55-й хвіліны каманда саступала ў ліку. Пушкоў прызнаўся, што змен у гульні практычна не рабіў і што наогул не збіраецца ладзіць вялікай перабудовы – будзе паляпшаць тую гульню, якая ёсць.

У нядзелю з тым жа лікам брэстаўчане перамаглі на выездзе «Юнацтва», што стала невялікай сенсацыяй. Каманда Пушкова зноў адыгралася толькі пад канец матча. У авертайме хакеісты «Брэста» прымудрыліся схапіць адразу два выдаленні, але «Юнацтва» не здолела рэалізаваць лішняга ў фармаце пяць на тры. У серыі булітаў поспех быў на баку брэстаўчан – вырашальны кідок у вароты сваёй былой каманды выканаў Кашкар.

Проста цяпер «Брэст» ідзе на сёмым месцы ў табліцы, маючы 26 пунктаў пасля 26 матчаў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты