Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Яны хаця б паспрабавалі! Ферстапен выйграў хатні для Ferrari Гран Пры Італіі, але Сайнс усё ж пабыў у яго наперадзе

Яны хаця б паспрабавалі! Ферстапен выйграў хатні для Ferrari Гран Пры Італіі, але Сайнс усё ж пабыў у яго наперадзе

Яны хаця б паспрабавалі! Ферстапен выйграў хатні для Ferrari Гран Пры Італіі, але Сайнс усё ж пабыў у яго наперадзе

Фота: formula1.com

У такія часы жывем, што радавацца прыходзіцца не напружанай барацьбе за чэмпіёнства ў Формуле 1, а проста таму, што нехта хаця б на некаторы час апынуўся перад Red Bull RB19 двухразовага і дзейснага чэмпіёна. Тым не менш гонка ў Монцы хутчэй парадавала, чым прымусіла сумаваць.

На жаль, жыць нам прыходзіцца і ў ваенныя часы. І хоць бяда гэтая паўтары гады таму прыйшла не ў Беларусь, а ва Украіну, боль ад яе адчуваем і мы. Як і свой уласны боль ад вайны, якую вядзе супраць нас тутэйшы фашысцкі рэжым. Ён і яго расійскі гаспадар павінны адказаць за свае злачынствы, і для гэтага патрэбная перамога Украіны. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Стан цяперашняй Формулы 1 – гэта, канечне, не бяда, але і натхняцца тут асабліва няма чым, пра што мы не так даўно размаўлялі. Проста паглядзіце на вынікі ўчарашняй гонкі ў Монцы: дубль Red Bull, пілоты Ferrari даволі далёка ззаду, хоць і на трэцім і чацвёртым месцах, астатнія яшчэ далей. Хаця сумна будзе, толькі калі зусім абстрагавацца ад таго, што ўчора адбывалася на трасе, а на ёй сёе-тое ўсё ж такі адбывалася.

Ці не галоўнае, праўда, адбылося ў суботу, калі поўл заваяваў гоншчык Ferrari Карлас Сайнс. На адным кругу іспанец быў цягам усяго Гран Пры Італіі, узначаліўшы пратаколы яшчэ і першай пятнічнай і суботняй трэніроўкі. Толькі тое адзіны хуткі круг, а вось доўгая гонка – справа іншая, і ў ёй вылезлі ўжо хібы машыны SF-23, галоўнай з якіх ёсць павышаны знос шын.

Старт Карлас, аднак, выйграў, калі старт той нарэшце з грахом папалам адбыўся. Адкладзены ён быў двойчы: спачатку на прагрэўным кругу адмовіў рухавік на машыне пілота AlphaTauri Юкі Цуноды, потым стартавы святлафор (гэта ж Італія!). Таму ў бой гоншчыкі пайшлі на дваццаць хвілін пазней, чым павінны былі, а дыстанцыю гонкі скарацілі на два кругі. Але паўза не пазбавіла Сайнса канцэнтрацыі, і наскок Ферстапена, які дзяліў з ім першы шэраг, перад першай шыканай ён адбіў.

Хуткасцю на прамых, з якіх, лічы, і складаецца Autodromo Nazionale, Ferrari SF-23 пахваліцца можа, і ўразіла яна нават Макса. Тым больш што зоны DRS у гэтым годзе скарочаныя, бо ў FIA некаму падалося, што абгоны сталі занадта лёгкімі. Толькі на пятнаццатым кругу дзякуючы памылцы Сайнса нідэрландзец нарэшце выйшаў наперад і пачаў хутка ад’язджаць усё далей. Задачу мінімум на гэтым можна было лічыць вырашанай, і заставалася толькі вырашыць задачу максімум – забяспечыць дубль Red Bull.

Напарнік Ферстапена Серхіа Перэс напярэдадні кваліфікаваўся пятым, і прадстаўнік Mercedes Джордж Расэл, які на стартавай рашотцы быў непасродна перад ім, супраціўляўся актыўна. Аднак за ім Чэка прабыў толькі на круг даўжэй, чым Макс за Сайнсам. Карлас са сваім напарнікам Шарлем Леклерам быццам бы з’яўляўся для Перэса болей складанай здабычай, тым больш што піт-стопы гоншчыкі Ferrari здзейснілі раней за пераследніка з Чырвоных Быкоў, захаваўшы пазіцыі адносна яго.

Магчыма, жорсткі камплект, на які мексіканец, як і пілоты Ferrari, перайшоў са стартавага «медыума», на яго балідзе ў даволі спякотнае надвор’е запрацаваў лепей, і ён стаў хутка даганяць канкурэнтаў. Абагнаць, праўда, было заўважна цяжэй, і ў выпадку што з Леклерам, што з Сайнсам Серхіа зразаў павароты і вяртаў пазіцыі. Аднак паслядоўна Чэка даціснуў і таго, і таго, і на сорак шостым кругу нарэшце замацаваўся на другой пазіцыі, каб на ёй і фінішаваць.

Сайнса затым пакрысе нагнаў і Леклер. Апынуцца хаця б на ніжняй ступені подыума на хатнім для каманды Гран Пры, вядома, хацелася абодвум, таму Шарль увесь час ціснуў на Карласа. Іспанец у пэўны момант нават папрасіў боксы стрымаць напарніка, бо той быў надта ўжо настойлівым. Справа пару разоў амаль даходзіла да кантакту, а на апошнім кругу перад першай шыканай ледзь не прывяла і да аварыі. У выніку абодва пілоты Скудэрыі засталіся пры сваіх, і трэцяе месца дасталася Карласу, а Шарль задаволіўся чацвёртым.

Галоўнымі неадназначнымі персанажамі гонкі ў Монцы сталі згаданы вышэй Расэл і яго напарнік Льюіс Хэмілтан. Абодва брытанцы адхапілі па пяцісекундным штрафе за розныя парушэнні. Джордж не вярнуў пазіцыю канкурэнту з Alpine Эстэбану Акону, калі абагнаў яго, зрэзаўшы шыкану, а сяміразовы чэмпіён падчас барацьбы з пілотам McLaren Оскарам Піастры зламаў таму пярэдняе антыкрыло.

Пры гэтым і Джордж, і Льюіс нават пасля штрафаў захавалі свае пятае і шостае месцы адпаведна, бо паспелі ад’ехаць далёка ад канкурэнтаў. У выпадку з Хэмілтанам бліжэйшым пераследнікам стаў пілот Williams Алекс Албан, якога яму прыйшлося яшчэ і абганяць. Зрэшты, і сёмае месца стала выдатным вынікам для брытанска-тайскага гоншчыка. Піастры ж пасля свайго інцыдэнту з Льюісам наведаў боксы для рамонту і фінішаваў дванаццатым. А паколькі менавіта ён усталяваў лепшы круг, дадатковы бал за яго не дастаўся нікому.

Ферстапен, аднак, наўрад ці быў расстроены тым, што паклаў у сваю скарбонку чарговыя толькі 25 ачкоў. Іх у Макса пасля дзясятай перамогі запар ужо 364, і яго лідарству ў чэмпіянаце не пагражае ніхто. Перэс, які застаецца другім, мае 219, у Фернада Алонса, які па-ранейшаму замыкае першую тройку, 170.

Гран Пры Італіі для двухразовага чэмпіёна з Aston Martin выдаўся няпростым – іспанец фінішаваў толькі дзявятым. Яго напарнік Лэнс Строл заняў наогул шаснаццатае месца, і Aston Martin страціў і трэцюю пазіцыю ў Кубку канструктараў, саступіўшы яе якраз Ferrari, у якой цяпер 228 балаў, што на адзінаццаць болей, чым у брытанскага калектыву. Mercedes з 273-ма ачкамі захоўвае другую пазіцыю, а Red Bull упэўнена лідзіруе, маючы ўжо 583 балы.

У Монцы скончылася еўрапейская частка сезона Формулы 1, і цяпер удзельнікаў чэмпіянату свету чакаюць Азія і абедзве Амерыкі. Наступным этапам стане Гран Пры Сінгапура, які пройдзе 15-17 верасня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты