Tribuna/вид спорта не определен/Блогі/Пинта-Шминта/Як экс-гульцы «вышкі» прайшлі групы еўракубкаў: чэмпіён не стрымаў Раналду, Філіпавіч адхiлiў «Кёльн» замест БАТЭ

Як экс-гульцы «вышкі» прайшлі групы еўракубкаў: чэмпіён не стрымаў Раналду, Філіпавіч адхiлiў «Кёльн» замест БАТЭ

Крыўдзіцелі «Шахцёра» з былым мінскім дынамаўцам трапілі ў еўравясну.

Аўтар — bytribuna com
4 лістапада 2022, 20:00
Як экс-гульцы «вышкі» прайшлі групы еўракубкаў: чэмпіён не стрымаў Раналду, Філіпавіч адхiлiў «Кёльн» замест БАТЭ

На гэтым тыдні скончыліся групавыя этапы ўсіх трох еўракубкавых турніраў, якія ўпершыню за некалькі гадоў прайшлі без удзелу футбалістаў з Беларусі. Затое там засвяцілася некалькі гульцоў з іншых краін, якія ў розны час выступалі ў нашым чэмпіянаце. Пра тое, як прайшла для іх еўравосень, зараз і раскажам.

Прайшлі далей

Тых, чые клубы прайшлі ў стадыю плэй-оф, зусім няшмат – усяго трое. Прычым усе пачнуць еўравясну з найніжэйшай з магчымых стадый – 1/16 фіналу Лігі Канферэнцый.

Пачнём з тыраспальскага «Шэрыфа», які выступаў у Лізе Еўропы. У галоўнай еўрапейскай сенсацыі мінулага года на гэты раз без гучных перамог: «МЮ» і «Рэал Сасьедаду» каманда па два разы саступіла без шанцаў (0:10 па суме чатырох матчаў). Затое двойчы ўдалося абгуляць кіпрскую «Амонію» (3:0, 1:0) і заняць трэцяе месца ў квартэце. Экс-абаронца «Дняпра», брэсцкіх «Дынама» і «Руха», асноўны ў дынамаўскім чэмпіёнскім сезоне Габі Кікі ўсе 6 паядынкаў пачынаў у стартавым складзе і толькі адзін з іх не адгуляў да фінальнага свістка. Камерунец не здолеў дапамагчы сваёй камандзе стрымаць Крыштыяну Раналду з «МЮ», які абодва сваіх галы ў групе правёў у вароты «Шэрыфа»: з пенальці ў Малдове і з гульні ў Англіі. У апошнім выпадку менавіта Кікі не змог перапыніць навес на Крыштыяну, а потым і перашкодзіць на дабіванні (адсечка 1:26).

Бялградскі «Партызан» да групы ЛЕ не дабраўся, прайграўшы ў кваліфікацыі кіпрскаму АЕК, і таксама выступаў у групе ў трэцім па значнасці турніры. Квартэт «чорна-белым» трапіўся не самы лёгкі: акрамя чэшскага «Славацка» сербам трэба было сустрэцца з «Кёльнам» і «Ніцай» – сераднякамі топавых еўрапейскіх чэмпіянатаў. Але па выніку «Партызан» саступіў толькі раз (на выездзе ў Францыі) і прайшоў далей з другога месца. Былы барысаўчанін Аляксандр Філіпавіч згуляў у чатырох матчах (з-за пашкоджанняў прапусціў абодва матчы супраць «Ніцы», якая стала першай). Цікава, што серб, які яшчэ ў першай палове года гуляў за БАТЭ, два разы дапамог новай камандзе адсунуць з дарогі «Кёльн» (ён вылецеў з ЛК), які, у сваю чаргу, заклікаў да старту адхiлiць ад еўракубкаў-2022 белклубы (а значыць, і БАТЭ).

Таксама ў 1/16 ЛК выйшаў румынскі ЧФР, за які выступае былы гулец мiнскага «Дынама» Карла Бручыч. Нагадаем, каманда ў гэтым сезоне еўракубкаў скончыла шлях салігорскага «Шахцёра» ў 3-м адборачным раундзе ЛК, а потым выйшла ў групу. «Чыгуначнікі» фінішавалі ў сваёй чацвёрцы другімі, прапусціўшы наперад турэцкі «Сіваспор», але абышоўшы чэшскую «Славію» і косаўскі «Балкані». Праўда, уклад харвата ў поспех ЧФР нулявы: ён не згуляў ні хвіліны, назіраючы за ўсімі матчамі з лавы запасных. Ды і ў цэлым пасля пераезду ў Румынію ён правёў толькі чатыры матчы за паўгода.

Былі блізка, але вылецелі

«Црвена Звезда» мела шанцы на плэй-оф еўракубкаў да апошняга тура. На другое месца ў іх групе ЛЕ прэтэндавалі, апроч іх, «Манака» і «Трабзанспор» – «Ферэнцвараш» жа загадзя забяспечыў сабе першае месца. У выніку венгры ў апошнім матчы прайгралі туркам (0:1), а ў Манака увогуле здарыўся разгром – гаспадары забілі чатыры, на што сербскія госці адказалі толькі адным голам з пенальці, які зарабіў экс-хаўбек БАТЭ Мірка Іваніч (адсечка 2:04).

У актыве Мірка, акрамя заробленага пенальці, ёсць асіст у пераможным матчы супраць «Ферэнцвараша» (4:1) (адсечка 5:34).

Усяго чарнагорец згуляў у чатырох паядынках групавога раунда – першыя два прапускаў з-за траўмы. Іншы экс-барысаўчанін «Црвены Звезды» Няманя Мілунавіч, які вярнуўся ў сербскі клуб пасля гадавой адлучкі ў турэцкі «Аланьяспор», правёў 5 матчаў на групавым этапе.

У групе H Лігі Канферэнцый усё таксама вырашалася ў апошнім туры: тэарэтычна на выхад у наступную стадыі прэтэндавалі тры каманды (толькі «Жальгірыс» пазбавіўся шанцаў загадзя). У Ерэване сустракаліся мясцовы «Пюнік» і «Базель». Армянскі клуб за тур да гэтага двойчы прапусціў ад «Слована» у апошнія пяць хвілін (вынік – 1:2), таму «Пюнік» у паядынку супраць швейцарцаў задавальняла толькі перамога. Але ўжо да 30-й хвіліны армяне прайгравалі з лікам 0:2. Прывідныя шанцы замаячылі ў пачатку другога тайма, калі госці засталіся ў меншасці, але ўсё, на што хапіла «Пюнік», – гол прэстыжу. Усе шэсць матчаў стадыі за клуб правёў экс-галкіпер мінскага «Дынама» Давід Юрчанка, а вось былы абаронца «Тарпеда-БелАЗ» Алан Аўсі не згуляў ні хвіліны з-за атрыманай траўмы.

Вылецелі без шанцаў

У другім матчы таго квартэта «Слован» абыграў «Жальгірыс» - 2:1. У літоўцаў у канцоўцы на полі з“явіўся Саўлюс Мікалюнас, які ў сярэдзіне 2010-х выступаў за «Шахцёр». Гэта быў другі ягоны матч у групавым этапе. Літоўцы скончылі групу на апошнім месцы з пяццю ачкамі.

Фінскі ХІК стаў адной з найгоршых каманд групавой стадыі ЛЕ: усяго адно ачко ў шасці паядынках (горш толькі ў дзвюх каманд, што засталіся без балаў). Нічыю фіны здабылі ў хатнім паядынку супраць «Лудагорца», адабраць ачкі ў «Ромы» і «Бетыса» не ўдалося. Экс-«гарняк» Пюру Сойры згуляў ва ўсіх 6 матчах, прычым усе пачынаў са стартавых хвілін. Наогул яго кар'ера пасля «Шахцёра» складаецца цікава – пагуляў у Аўстрыі і Даніі, прабіўся з Фінляндыяй на Еўра, а зараз і ў групе ЛК досвед атрымаў.

Латвійскі РФШ чакана стаў у сваёй групе ЛК апошнім, набраўшы за 6 матчаў 2 ачкі, здабыўшы нічыi супраць «Фіярэнціны» ў гасцях і турэцкага «Башакшэхіра» дома. Каспарс Дубра, які некалі гуляў за БАТЭ, быў узняты з лаўкі толькі ў заключным матчы групы – выйшаў у аснове супраць «Фіярэнціны» дома, але вельмі няўдала: тут жа атрымаў траўму і на 3-й хвіліне быў заменены.

Іншыя пасты блога

Усе пасты