Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Боса белфутбола нядаўна выкінулі з Чэхіі, ануляваўшы візу, але ён гераічна працягвае ездзіць на варожы Захад, хоць і нацярпеўся жахаў пры дэпартацыі

Боса белфутбола нядаўна выкінулі з Чэхіі, ануляваўшы візу, але ён гераічна працягвае ездзіць на варожы Захад, хоць і нацярпеўся жахаў пры дэпартацыі

Правярае, наколькі дрэнна жывуць палякі.

Аўтар — bytribuna com
31 студзеня 2023, 23:59
6
Боса белфутбола нядаўна выкінулі з Чэхіі, ануляваўшы візу, але ён гераічна працягвае ездзіць на варожы Захад, хоць і нацярпеўся жахаў пры дэпартацыі

У лістападзе 2021 года Уладзімір Базанаў прымусіў гаварыць Еўропу пра беларускі футбол, праўда, зрабіў гэта выключна праз самаахвяраванне: быў затрыманы ў Чэхіі, куды прыехаў пазаўзець за жаночую зборную Беларусі, а пасля гэтага - і дэпартаваны з краіны, бо мясцовая паліцыя палічыла, што ён парушае каранцінныя меры і ўвогуле на незаконных падставах знаходзіцца на тэрыторыі Чэхіі. Кіраўнік тамтэйшага МЗС Якуб Кулганек абазначыў пазіцыю больш выразна: «Сябрам і саюзнікам Лукашэнкі няма чаго рабіць у Чэхіі». Базанава і яго жонку (яна таксама ўдзельнічала ў ваяжы - нібыта за асабістыя грошы) выслалі ў Беларусь з ануляваннем віз (іх выдаў МЗС Венгрыі па просьбе УЕФА). Чыноўнік не забыўся паскардзіцца на тое, як з ім абыходзіліся - прапанавалі каву з закускай (меркаваў, што падмяшалі псіхатроп) і цікавіліся прапіскай.

Можна было падумаць, што той інцыдэнт адаб'е ў Базанава ахвоту да падарожжаў, але як бы не так.

Ужо ў жніўні-2022 былы сядзелец у парламенце, не баючыся новай порцыі «здзекаў», быў заўважаны на беларуска-польскай мяжы з валізкамі (і, вядома ж, з жонкай). Спачатку з'явілася інфармацыя, што функцыянера ў Еўразвяз не пусцілі.

Але пазней выйшла абвяржэнне - у Польшчу ён такі заехаў, а ўжо адтуль выправіўся ў Фінляндыю, дзе ў кампаніі генеральнага сакратара АБФФ Сяргея Жардзецкага наведаў матч Суперкубка Еўропы паміж "Рэалам" і "Айнтрахтам".

Незадоўга да гэтага Базанаў разважаў пра санкцыі і быў аптымістычны:

- У перыяд санкцый усё ж такі да нас зараз не паедуць суперлегіянеры, таму мы ўсё зрабілі правільна. І мы спадзяемся, што з усімі гэтымі нашымі ўчынкамі, шляхамі ўсё ж такі будуць гуляць нашы хлопцы, - сказаў Базанаў.

У лістападзе мінулага года ў сацсетках пашыраліся паведамленні пра тое, што Базанаў заўважаны ў абменніку валют у гандлёвым цэнтры "Бяла" ў Беластоку.

Ну і зусім свежы эпізод адбыўся напярэдадні: чытачы "Трыбуны" падзяліліся здымкамі, зробленымі каля аднаго з гандлёвых цэнтраў у горадзе Бяла-Падляска.

Старшыня федэрацыі на законных падставах працягвае ездзіць на закупы і падарожнічаць па Еўропе. Нягледзячы на рэпрэсіі ў футболе (АБФФ спрабавала ціснуць на Іллю Шкурына, выконвае бязглуздыя ўказанні так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука, чым падрывае ўласную незалежнасць, і наогул практыкуе даволі каламутныя схемы), Базанаў да гэтага часу не патрапіў хаця б у нейкі санкцыйны спіс. Не так даўно быў апублікаваны спіс з 14 спартоўцаў і спартовых службоўцаў, супраць якіх Украіна рэкамендавала ўвесці абмежаванні на міжнародным узроўні, але да гэтага пакуль не дайшло.

Таму перашкодзіць Базанаву падарожнічаць магла б толькі адсутнасць смеласці, але палкоўнік працягвае гераічна ездзіць на недружалюбны Захад. Магчыма, каб на свае вочы ўбачыць, у якой галечы жывуць нашыя суседзі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты