Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Зборная Беларусі мае намер усіх разарваць у бліжэйшых матчах, сярод запланаваных ахвяр – Косава: маладая каманда ўжо паўтарыла наша топ-дасягненне і каштуе ў разы даражэй

Зборная Беларусі мае намер усіх разарваць у бліжэйшых матчах, сярод запланаваных ахвяр – Косава: маладая каманда ўжо паўтарыла наша топ-дасягненне і каштуе ў разы даражэй

Калі касавары – «залатыя хлопчыкі», то як можна назваць гэта пакаленне беларусаў?

Аўтар — bytribuna com
13 чэрвеня, 14:12
5
Зборная Беларусі мае намер усіх разарваць у бліжэйшых матчах, сярод запланаваных ахвяр – Косава: маладая каманда ўжо паўтарыла наша топ-дасягненне і каштуе ў разы даражэй

Георгій Кандрацьеў перад матчамі кваліфікацыі Еўра-2024 супраць Ізраіля і Косава нехарактэрна для сябе аптымістычны. Галоўны трэнер зборнай АБФФ сказаў, што задача-мінімум на гэтыя матч - чатыры ачкі, але сам ён настроены на максімум - на дзве перамогі. Пры вывучэнні рэйтынгу ФІФА, дзе беларусы ідуць 98-мі, задача не падаецца фантастычнай, бо ізраільцяне займаюць 78-е месца, а касавары ўвогуле толькі 107-я. Не вельмі ўдала супернікі пачалі і сёлетні адбор. Спачатку сустрэліся ў Тэль-Авіве і згулялі 1:1, а другі тур наогул правалілі: Ізраіль быў разгромлены Швейцарыяй (0:3), а Косава дома страціла ачкі супраць Андоры (1:1).

Але калі вывучыць вынікі на крыху большым адрэзку, то ў абедзвюх зборных яны куды лепшыя, чым у каманды Кандрацьева. Падрабязней спынімся на балканцах, з якімі беларусы яшчэ ні разу не сустракаліся. Тамтэйшая федэрацыя была прынятая ва УЕФА і ФІФА толькі ў 2016-м, але зборнай Косава ўжо пакарыліся галоўныя поспехі нашай "нацыяналкі", што былі дасягнутыя за 30 гадоў існавання.

Рэжым Лукашэнкі не прызнае Косава, краіна знаходзіцца на мяжы вайны

Косава – частковая прызнаная дзяржава на Балканах з насельніцтвам у два мільёны чалавек. Доўгі час было аўтаномнай часткай спярша Югаславіі, а затым Сербіі, але ў лютым 2008-га парламент абвясціў незалежнасць Косава ў аднабаковым парадку, што прывяло да пратэстаў з боку косаўскіх сербаў, якія жывуць на тэрыторыі краю.

Сербія, як і яшчэ 96 краін свету, уключна з Беларуссю, да гэтага часу не прызнала незалежнасць Косава, а ў 2022-м у рэгіёне ледзь не распачаўся ўзброены канфлікт.

Нягледзячы на тое, што пераважную частку насельніцтва Косава складаюць албанцы (звыш 90% жыхароў), на поўначы рэспублікі жыве каля 100 тысяч сербаў. З 1 жніўня 2022 года мясцовыя ўлады хацелі ўвесці забарону для косаўскіх сербаў на асабістыя дакументы, якія выдалі ўлады Бялграда. Таксама трэба было перавесці ўсе асабістыя аўтамабілі на косаўскія нумары. Гэта абурыла ўлады Сербіі і сербскае насельніцтва Косава. На межы Косава і Сербіі былі сцягнуты войскі абедзвюх дзяржаў.

Узброеных сутыкненняў тады ўдалося пазбегнуць, але крызіс усё яшчэ нельга назваць развязаным. 26 траўня гэтага года косаўскі спецназ спрабаваў штурмаваць адміністрацыйныя будынкі ў муніцыпалітэтах Лепасовіч, Зубін-Паток і Звячан, дзе ў большасці сваёй пражываюць якраз сербы. Косаўскія сербы пачалі будаваць барыкады, мясцовая паліцыя ўжывала слёзатачывы газ. Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч прывёў сербскую армію ў стан максімальнай боегатоўнасці.

Балканскі канфлікт - прычына, па якой зборная Беларусі свой дамашні матч супраць Косава правядзе не ў Сербіі, як рабіла пасля ўвядзення санкцый УЕФА, а ў Венгрыі.

У першым адборы сталі апошнімі, а ўжо ў другім паўтарылі найлепшы вынік беларусаў у гісторыі

Першым адборачным турнірам для касавараў стала кваліфікацыя на ЧС-2018, дзе яны трапілі ў адну групу з Харватыяй, Турцыяй, Украінай, Фінляндыяй і Ісландыяй. Балканцы пачалі адбор з нічыёй супраць фінаў на выездзе (1:1), але ў дзевяці наступных матчах саступілі з агульнай розніцай 2:23 і занялі апошні радок - як і беларусы ў сваёй групе ў той кваліфікацыі (5 пунктаў і Люксембург наперадзе).

І зборная Косава, і зборная Беларусі выправіліся ў дэбютным розыгрышы Лігі Нацый, дзе абедзве каманды пачыналі з дывізіёна D. Беларуская «нацыяналка» першынствавала ў квартэце з Люксембургам, Малдовай і Сан-Марына, балканцы абышлі Азербайджан, Фарэры і Мальту. Такім чынам абодва калектывы забяспечылі сабе ўдзел у стыкавых матчах за трапленне на Еўра-2020, але спачатку ім трэба было яшчэ згуляць у кваліфікацыі да кантынентальнага турніру.

І тут Косава сябе выявіла ўжо як дыхтоўны еўрапейскі серадняк, які здольны адабраць пункты ў каго заўгодна. «Залатыя хлопчыкі» (такую мянушку атрымала каманда) абгулялі Чэхію, Балгарыю і Чарнагорыю, плюс зладзілі перастрэлку ў Саўтгемптане з Англіяй (саступілі 3:5). Балканцы да апошняга прэтэндавалі на прамую пуцёўку на Еўра, але не змаглі ў заключных турах абгуляць ні чэхаў (1:2), ні англічан (0:4) і засталіся трэцімі. Ужо ў другім сваім адборачным турніры касавары паўтарылі найлепшы вынік зборнай Беларусі, што быў дасягнуты за 30 гадоў суверэнітэту, - трэцяй наша "нацыяналка" фінішавала ў кваліфікацыі да ЧС-2002. Што да адбору на Еўра, Беларусь у сваёй групе стала чацвёртай, на 9 балаў адстаўшы ад трэцяга радка, дзе размясцілася Паўночная Ірландыя.

Але ў абедзвюх каманд яшчэ заставаўся шанец прабіцца на турнір праз стыкі Лігі Нацый: Беларусь патрапіла ў паўфінале на Грузію, Косава - на Паўночную Македонію. Да фіналу дабраліся грузіны (перамаглі з лікам 1:0) і паўночнамакедонцы (2:1), якія ў выніку і паехалі на Еўра.

Наступныя два турніры Косава і Беларусь ізноў правялі амаль ідэнтычна. У кваліфікацыі да ЧС-2022 касавары сталі апошнімі ў групе з Іспаніяй, Швецыяй, Грэцыяй і Грузіяй (пяць пунктаў у васьмі матчах), беларусы - апошнімі ў групе з Бельгіяй, Уэльсам, Чэхіяй і Эстоніяй (тры пункты ў васьмі матчах). А ў Лізе Нацый-2021/22 абедзве каманды змаглі замацавацца ў дывізіёне С.

У наступным розыгрышы Лігі Нацый Косава зноў выступіла лепш за Беларусь, стаўшы другім у квартэце з Грэцыяй, Паўночнай Ірландыяй і Кіпрам. Падапечныя ж Георгія Кандрацьева сталі апошнімі і адправіліся на паніжэнне.

У складзе - толькі гульцы з топ-5 ліг і моцных еўрапейскіх чэмпіянатаў

І калі вынікі зборных Беларусі і Косава яшчэ можна ставіць побач, то склады каманды і ацэначны кошт футбалістаў ні ў якое параўнанне не ідзе. Нямецкі партал Transfermarkt ацэньвае бягучы склад каманды Георгія Кандрацьева ў 12, 45 мільёнаў еўра. Агульны цэннік гульцоў суперніка складае 99,58 мільёнаў еўра - васьміразовая перавага балканцаў!

Калі браць па персаналіях, то толькі двое беларусаў ацэньваюцца больш чым у мільён еўра: Віталь Лісаковіч (1,5 мільёна) і Макс Эбонг (1,2 мільёна). Пры гэтым першы махнуў на зборную рукой.

У Косава кошт адразу трох гульцоў сягае за 10 мільёнаў еўра. Лідар тут новаспечаны чэмпіён Італіі ў складзе «Напалі» Амір Ррахмані - 25 мільёнаў еўра. 29-гадовы абаронца з'яўляецца капітанам зборнай. Далей размяшчаецца 29-гадовы форвард іспанскай "Мальёркі" Ведат Мурыкі - 15 мільёнаў. Тройку замыкае 24-гадовы галкіпер англійскага "Бернлі" Арыянет Мурыч - 12 мільёнаў.

Адразу сямёра гульцоў зборнай Косава выступае ў топ-5 лігах Еўропы (нашых там няма больш за пяць гадоў): да тых, хто згаданы вышэй, дадаюцца 28-гадовы абаронца італьянскага "Тарына" Мергім Вайвода, 24-гадовы вінгер французскага "Лілля" Эдон Жэгрова , 30-гадовы форвард французскага «Клярмона» Эдзьбасан Рашані і 34-гадовы галкіпер італьянскага «Эмполі» Самір Уйкані. Акрамя таго на бліжэйшыя матчы зборнай праз недахоп гульнявога часу ў клубе не выкліканы 28-гадовы хаўбек французскага "Рэймса" Арбер Зенелі.

Пяць футбалістаў прадстаўляюць чэмпіянат Турцыі, чацвёра - першынство Швейцарыі, трое выступаюць у другой Бундэслізе, па адным - у чэмпіянатах Венгрыі, Албаніі, Румыніі і англійскай Д2. Трэніруе каманду 70-гадовы спецыяліст з Францыі Ален Жырэс. У канцы 1990-х ён трэніраваў "Тулузу" і "ПСЖ" на Радзіме, а з пачатку 2000-х пераключыўся на працу са зборнымі: Грузія, Габон, Малі, Сенегал, Туніс і з лютага мінулага года Косава.

Ніводнага гульца з мясцовага першынства, хоць чэмпіён дабраўся да групы еўракубкаў

Ніводзін з гульцоў, каго выклікаў Жырэс на бліжэйшыя матчы, не прадстаўляе мясцовы чэмпіянат. І гэта пры тым, што тамтэйшае першынство ўжо абыходзіць у рэйтынгу УЕФА вышэйшую лігу Беларусі (33-е месца супраць 40-га), прычым клуб з Косава ў мінулым сезоне дабраўся да групавога этапу еўракубкаў (там беларусы апошні раз абазначалі сябе ў сезоне-2018/19).

Зрабіў гэта чэмпіён краіны апошніх двух гадоў "Балкані" з Сува-Рака. У першым кваліфікацыйным раундзе ЛЧ быў вылет ад літоўскага "Жальгірыса" (1:1, 0:1), але ўжо ў кваліфікацыі Лігі Канферэнцый удалося выбіць "Ла Фьёрыта" з Сан-Марына (4:0, 6:0), "Клаксвік" з Фарэр (3:2, 1:2, па пенальці 5:4) і «Шкупі» з Паўночнай Македоніі (2:1, 1:0).

"Балкані" трапіў у групу з турэцкім "Сіваспорам", румынскім "Клужам" і чэшскай "Славіяй". Касавары пачалі этап з нічыёй супраць «Клужа» дома (1:1), а ў трэцім туры ў дадатковы час вырвалі перамогу ў «Сіваспора» на выездзе (4:3), але ў астатніх чатырох матчах саступілі і ў плэй-оф не прабіліся, затое ўвайшлі ў гісторыю як першы клуб з Косава ў групавым раўндзе еўракубкаў.

Варта адзначыць, што "Балкані" з'яўляецца патэнцыйным супернікам БАТЭ па першым кваліфікацыйным раундзе ЛЧ-2023/24.

Іншыя пасты блога

Усе пасты