Tribuna/Гандбол/Блогі/Пинта-Шминта/Бракуе спартыўнай экзотыкі? Тады вам у чэмпіянат Беларусі па гандболе, дзе цягам месяца зʼявіліся тры кітаянкі і егіпцянін

Бракуе спартыўнай экзотыкі? Тады вам у чэмпіянат Беларусі па гандболе, дзе цягам месяца зʼявіліся тры кітаянкі і егіпцянін

«Экстравагантны варыянт».

Аўтар — Pam-pam
4 лютага, 17:00
Бракуе спартыўнай экзотыкі? Тады вам у чэмпіянат Беларусі па гандболе, дзе цягам месяца зʼявіліся тры кітаянкі і егіпцянін

У гандбольнага «Мяшкова Брэст» сезон ідзе дастаткова паспяхова – пасля нядаўняй перамогі над СКА каманда Эдуарда Какшарава датэрмінова стала першай у «рэгулярцы» чэмпіяната Беларусі. Ды яшчэ і паспела патроліць галоўнага канкурэнта:

У газпромаўскай SEHA-лізе каманда мае аналагічны вынік – загадзя гарантавала сабе плэй-оф, дзе хутка сустрэнецца з магілёўскім «Машэкам». Амбіцыі каманды ў расійскім турніры на днях абазначыў Вячаслаў Шумак. Капітан заявіў, што мэта – чэмпіёнства, асабліва з улікам таго, што вырашальная стадыя пройдзе ў горадзе над Бугам.

Дапамагаць брастаўчанам даць рады з гэтым пытаннем будзе егіпецкі ляўша Юсэф Ахмед Хасан, пра падпісанне якога клуб аб'явіў 2 лютага. 24-гадовы правы паўсярэдні стаў першым прадстаўніком Егіпта, ды і ў цэлым афрыканскага кантынента, у шэрагах «Мяшкова».

Юсэф Ахмед Хасан нарадзіўся ў Каіры, дзе выступаў за мясцовыя клубы «Эраб Кантрактарс» і «Тала Аль Гаіш». У актыве гандбаліста перамога на юнацкім чэмпіянаце Афрыкі-2018 і юнацкім чэмпіянаце свету-2019. Прычым на турніры ў Паўночнай Македоніі егіпцяне выдалі сапраўдную сенсацыю, бо абгулялі каманды Швецыі, Славеніі, Ісландыі, Партугаліі і Германіі. Навічок брастаўчан тады закінуў 8 мячоў і зрабіў 8 асістаў.

Як расказала прэс-служба клуба, 195-сантыметровы егіпцянін ужо некалькі тыдняў трэнаваўся з камандай, а поздняя абʼява звязаная з чаканнем трансфернага сертыфіката.

Галоўны трэнер каманды Эдуард Какшараў пракаментаваў незвычайнае падпісанне сітуацыяй на рынку: «Мы заўсёды ў пошуку гульцоў. Цяпер крыху абмежаваны рынак, таму знаходзім у тым ліку экстравагантныя варыянты».

Ужо на наступны дзень пасля падпісання адбыўся дэбют замежніка. «Мяшкоў Брэст» гуляў у Гродне супраць мясцовага «Кронана». Дачакаўшыся, калі перавага стане грунтоўнай (+6 у сярэдзіне першага тайма), Какшараў кінуў Хасана ў бой. Той аператыўна зрабіў пару асістаў, а да канца матча, які скончыўся перамогай фаварыта 41:28, закінуў пару мячоў. Адзін з іх заляцеў пасля такога вось дзёрзкага кідка (глядзець на адзнацы 01:03:02)

Егіпцянін – не першае незвычайнае падпісанне «Мяшкова». У снежні-2022-га каманду папоўніў левы паўсярэдні з Кітая Чжан Цзяньцзе. Праўда, ён меў за плячыма досвед у расійскай камандзе «Данскія казакі – ЮФУ». Цзяньцзэ правёў за берасцейцаў 18 матчаў, у якіх вызначыўся 20 мячамі, пасля чаго з ім развіталіся.

.

Але і сёння ў беларускім гандболе ёсць кітайскае прадстаўніцтва. Ад сярэдзіны студзеня-2024 за «Гараднічанку» выступаюць брамніца Лю Чан, правая паўсярэдняя Лу Чанг, а таксама левая паўсярэдняя Лі Сяацын.

У сваіх сацсетках клуб паведаміў, што Лу Чанг і Лю Чан выступалі за каманду правінцыі Шаньдун, а Лі Сяацын – за каманду правінцыі Гуандун. Усе разам яны гулялі за зборную Кітая. Гэтая зборная брала нават алімпійскую бронзу, але здарылася гэта яшчэ да таго, як нарадзілася трыа, якое прыехала ў Беларусь, – у 1984-м. Вось ужо 16 гадоў Кітай не быў прадстаўлены на жаночых алімпійскіх турнірах (уласна, беларусак там не было ніколі), а на чэмпіянатах свету каманда стабільна займае месцы па-за межамі топ-20 (беларускі і на ЧС прабіцца не могуць). Затое ў Азіі жаночая зборная Кітая – сіла. Больш-менш стабільна трапляе ў медалі на буйных турнірах.

Дэбют легіянерак адбыўся ў матчы з «Віцяблянкай», дзе Лю Чан адзначылася двума мячамі, а Лі Сяацын – трыма. Апошняя пасля гэтай сустрэчы выпала з заяўкі (хоць на хатняй гульні з БНТУ прысутнічала). А Лю Чан дадала яшчэ тры мячы ў матчы супраць «БНТУ-БелАЗ» і кубкавай гульні супраць «Бярэзіны».

Нагадаем, што ў мужчынскім чэмпіянаце краіны прымае ўдзел «Бусел Кітая» – каманда ідзе на перадапошнім радку турнірнай табліцы.

Іншыя пасты блога

Усе пасты