Tribuna/Шахматы/Блогі/Пинта-Шминта/У былой кіраўніцы шахмат Беларусі – сямейны праект у Варшаве, а яе муж яшчэ вядзе канал для дзяцей пра гісторыю Радзімы

У былой кіраўніцы шахмат Беларусі – сямейны праект у Варшаве, а яе муж яшчэ вядзе канал для дзяцей пра гісторыю Радзімы

Коратка пра тое, чым жыве Анастасія Сарокіна.

Аўтар — Pam-pam
9 лютага, 06:53
У былой кіраўніцы шахмат Беларусі – сямейны праект у Варшаве, а яе муж яшчэ вядзе канал для дзяцей пра гісторыю Радзімы

Шахматы – інтэлектуальны від спорту. У ім не так шмат драйву і эмоцый, і гэта, натуральна, не спрыяе папулярнасці. Шмат гадоў галоўныя асобы беларускіх шахматаў былі вядомыя толькі ў вузкіх колах. Усё змянілася ў 2020-м, калі найлепшыя шахматысты нашай краіны выступілі супраць гвалту. Некаторыя з іх у выніку былі вымушаны пакінуць краіну, у тым ліку на той момант старшыня Федэрацыі шахмат Беларусі і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай шахматнай федэрацыі Анастасія Сарокіна.

Функцыянерка, якая прывозіла ў Мінск легендарнага беларуска-ізраільскага гросмайстра Барыса Гельфанда і планавала правядзенне ў нашай краіне Сусветнай шахматнай Алімпіяды-2022, адзінай з усіх кіраўнікоў спартыўных федэрацый падпісала ліст спартсменаў за сумленныя выбары і супраць гвалту. За гэта жанчыну затрымалі ў яе ўдома і даставілі ў РУУС нібыта на падставе фінансавых праверак федэрацыі. Сарокіну не проста пазбавілі магчымасці працаваць на Радзіме, але і ў якасці помсты заблакавалі дзіцячую школу шахмат пад эгідай ФІДЭ, заснавальніцай якой з'яўлялася менеджарка.

У выніку пад пагрозай крымінальнага пераследу Сарокіна перабралася ў Латвію, дзе стала курыраваць праекты ФІДЭ «Шахматы для дзяцей з аўтызмам» і «Шахматы для ўцекачоў» і паспела скончыць магістратуру ў Відзамскім універсітэце прыкладных навук у Валміеры па спецыяльнасці «Камунікацыя і кіраванне».

У жніўні 2022-га на выбарах у Індыі Сарокіна не здолела захаваць пасаду віцэ-прэзідэнта ФІДЭ. Як распавядала яна пасля, на паседжанні Генеральнай Асамблеі, дзе праводзіліся выбары, прысутнічаў прадстаўнік рэжыму Лукашэнкі Сяргей Сычук. Паводле інфармацыі Сарокінай, на рускамоўных дэлегатаў з розных краін ішоў вялікі ціск. Маўляў, у Беларусі да Сарокінай ёсць пытанні, ёй не месца ў ФІДЭ і гэтак далей. Функцыянерка не выключала, што гэта паўплывала на меркаванне некаторых людзей.

Але Сарокіна засталася ў арганізацыі – крыху пазней заняла пасаду кіраўніка камісіі па жаночых шахматах, а яшчэ працягвае развіваць дзіцячыя сацыяльныя праекты.

Яшчэ працягвае працаваць арбітрам, шмат падарожнічае па турнірах і шахматных мерапрыемствах і выступае з лекцыямі.

Разам з мужам Дзянісам Бурко Сарокіна развівае ўласны праект Chess.corner у Варшаве. Як заяўлена на сайце ініцыятывы, Chess.corner – прастора для дарослых і дзяцей ад трох гадоў. «Тут можна навучыцца гуляць у шахматы, арганізаваць розныя мерапрыемствы і спаборніцтвы або карпаратыўныя ўрокі шахмат», – кажуць арганізатары.

На сайе можна даведацца і пра кошты. Месяц групавых заняткаў (4 ўрокі па 45 хвілін) абыдзецца ў 360 злотых або прыкладна 82 еўра, адзін індывідуальны занятак каштуе 240 злотых (55 еўра), а такі ж занятак анлайн – 200 злотых (46 еўра).

У школе таксама праходзяць тэматычныя мерапрыемствы, звязаныя з шахматамі. Напрыклад, пару месяцаў таму там чыталі аўтарскую лекцыю на тэму «Шахматы ў мастацтве».

Для мужа Сарокінай школа – не адзіны праект. Педагог па адукацыі, Дзяніс Бурко таксама развівае свой уласны кірунак – расказвае гісторыю Беларусі для школьнікаў і ўсіх, каму гэта цікава, у праекце «Альгерд ужо ня той».

Тэмы для праекта бяруцца з падручнікаў па гісторыі, але з дабаўленнем свайго «каларыту і разынак». На канале можна знайсці выпускі пра Полацкае княства, гісторыю ВКЛ, адукацыю ў Рэчы Паспалітай і шмат іншага.

Самае папулярнае відэа на канале пра найстаражытнейшых людзей на беларускай зямлі сабрала 4,2 тысячы праглядаў пры агульнай колькасці падпісантаў каля 1930.

Ва ўмовах, калі ў Беларусі і Расіі плануюць выпусціць агульныя падручнікі па гісторыі, такі канал можа стаць палачкай-ратавалачкай для тых бацькоў, хто хоча, каб іх дзяці ведалі пра мінуўшчыну роднага краю без дамешку прапаганды.

Іншыя пасты блога

Усе пасты