Tribuna/Іншыя/Блогі/Пинта-Шминта/Як папы дапамагаюць беларускаму спорту: даюць магчымасць прасіць, прывозяць цуды, бароняць ад граху

Як папы дапамагаюць беларускаму спорту: даюць магчымасць прасіць, прывозяць цуды, бароняць ад граху

Пра допуск на Алімпіяду таксама можна памаліцца.

Аўтар — Pam-pam
17 лютага, 06:00
Як папы дапамагаюць беларускаму спорту: даюць магчымасць прасіць, прывозяць цуды, бароняць ад граху

На днях стала вядома, што ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры арганізавалі капліцу ў гонар Казанскай іконы Божай Маці. Асвяціць месца прыехаў асабіста кіраўнік беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхата мітрапаліт Веніямін – той самы, які ніяк не рэагуе на рэпрэсіі рэжыму да непажаданых святароў, супрацоўнічае з «сілавікамі» Лукашэнкі і падтрымлівае расійскую агрэсію на тэрыторыі Украіны, называючы гэта «барацьбой з фашызмам».

Як заявіў саноўнік, заснавнне капліцы з'яўляецца «знамянальным момантам, які, несумненна, будзе прыносіць карысць для ўніверсітэту». З яго слоў карысць – гэта «магчымасць папрасіць аб тым, чаго не хапае». Акрамя Веніяміна мерапрыемства наведаў і так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук.

На гэтым рэлігійныя мерапрыемствы ў спартовым універсітэце не скончыліся. На наступны дзень пасля адкрыцця капліцы туды прывезлі адну з праваслаўных святынь – часціцы Пояса Прасвятой Багародзіцы. На сайце навучальнай установы гаворыцца, што кіраўніцтва, выкладчыкі і студэнты «прыклаліся да вялікай святыні хрысціянскага свету, папрасіўшы ў Божай Маці дапамогі і заступленні». Цікава, ці прасілі яны пра допуск да міжнародных стартаў, хаця гэтае пытанне варта накіравать па іншым адрасе.

Але не толькі ў БДУФК звярнуліся за дапамогай да «тагасветных сіл». «Нафтан», які скончыў мінулы сезон на 12-м радку ў вышэйшай лізе, запрасіў на сваю спартыўную базу ў Міжрэччы іерэя Георгія. Святар асвяціў інтэрнат, спартыўныя залы і нават аўтобусы, а затым вымавіў словы на дарогу. Праўда, замест пажаданняў перамог расказаў спартсменам пра іх новага анёла-ахоўніка, які «будзе стрымліваць ад граху».

Беларускі спорт любіць звяртацца да рэлігійных практык – перад стартам Гульняў краін СНД, якія праходзілі летам 2023-га ў Беларусі, адну са сталічных цэркваў наведвала цэлая дэлегацыя спартсменаў і трэнераў на чале з тым жа Кавальчуком.

У 2019-м пасля серыі з 11 паразаў у КХЛ храм усіх святых па вуліцы Каліноўскага ў Мінску наведалі некаторыя гульцы мінскага «Дынама». Тады, дарэчы, «магія» спрацавала і «зубры» здолелі атрымаць доўгачаканую перамогу ў матчы супраць «Тарпеда». Але глабальна гэта не надта паўплывала на вынікі клуба, які па-ранейшаму застаецца сяраднячком лігі і трапляе ў плэй-оф з апошняга прахаднога месца.

У красавіку 2022-га ў храм святога Міхала Арханёла ў аграгарадку Зембін Барысаўскага раёна хадзілі гульцы і трэнерскі штаб БАТЭ. Тады пасля памінальнай літыі па Анатолю Капскаму мясцовыя святары здзейснілі малебен з нагоды пачатку новага футбольнага сезона – у той год барысаўцы здолелі заваяваць бронзавыя медалі чэмпіянату. Чалавек, які фатаграфаў будоўлю таго храма (ініцыятарам ўзвядзення быў сам Капскі-старэйшы), не так даўно быў асужданы лукашыстамі да турэмнага зняволення па палітычных матывах.

У красавіку 2023-га адміністрацыя БАТЭ і тады галоўны трэнер Кірыл Альшэўскi таксама запрасiлi асвяшчэнне «Барысаў-Арэны», гарадскога стадыёна і базы клуба – але ў канцы года каманда аказалася толькi пятай у «вышцы».

У лiстападзе 2023-га дапамогi хацелi ў «Белшыне». Галкіпер бядовага клуба Аляксей Харытановіч перад матчам з мiнскiм «Дынама» казаў: «Усімі сіламі будзем ісці да канца, каб выправіць сітуацыю. Пойдзем у царкву, можа, нешта зменіцца». Але ж – «Дынама» разграмiла «Белшыну» 4:0 i стала чэмпiёнам, а самi бабруйчане потым прайгралi яшчэ i брэсцкаму «Дынама» i вылецелi з элiты. Праўда, сам Харытановiч застаўся – перайшоў у «Нафтан».

Іншыя пасты блога

Усе пасты