Усе навіны

Беларуская вершніца Сафронава пра санкцыі: «Актыўная, заўзятая, публічная падтрымка рэжыму, як гэта робіць, напрыклад, Недасекаў, – гэта практычна роўна падтрымцы вайны»

2 лютага 2023, 12:48

Двойчы чэмпіёнка Беларусі па выездцы Вольга Сафронава выказалася пра магчымасць допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў да Алімпіяды-2024.

– МАК выступіў з заявай, што разглядае магчымасць допуску да Алімпіяды тых беларусаў і расіян пад нейтральным сцягам, хто не падтрымлівае вайну, нават калі яны пры гэтым падтрымліваюць рэжымы ў сваіх краінах. Як вы да гэтага ставіцеся?

– Не, я катэгарычна супраць прысутнасці на турнірах тых, хто актыўна падтрымлівае, умоўна кажучы, рэжым Лукашэнкі, але пры гэтым маўчыць пра вайну. Актыўная, яскравая, публічная падтрымка рэжыму, як гэта робіць, напрыклад, Максім Недасекаў, – гэта практычна роўна падтрымцы вайны. Так што такіх спартоўцаў на Алімпіядзе быць не павінна. Увогуле, да Гульняў можна дапусціць тых, хто як мінімум публічна не выказваўся ў падтрымку ні рэжыму, ні вайны, - сказала Сафронава.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.