Усе навіны

Трэнера зборнай ЗША адхілілі ад працы з-за таго, што ён ударыў цяперашнюю жонку ў 1991 годзе. Пра эпізод паведаміла маці гульца каманды, незадаволенага сваёй роляй на ЧС-2022

6 студзеня 2023, 21:05

Федэрацыя футбола ЗША часова адхіліла галоўнага трэнера зборнай краіны Грэга Берхалтэра, які вывеў яе з групы з Англіяй, Уэльсам і Іранам на ЧС-2022. Да бліжэйшых таварыскіх матчаў каманду будзе рыхтаваць асістэнт Берхалтэра Энтані Хадсан.

Гэта адбылося пасля таго, як у дачыненні Грэга было пачата дысцыплінарнае расследаванне за падзеі больш чым 30-гадовай даўніны. Як першапачаткова паведаміў ESPN, хтосьці апавясцiў федэрацыю пра наяўнасць інфармацыі, якая «ўложыць» трэнера. Інфарматар распавёў, што Берхалтар у 1991 годзе, калі яму было 18 гадоў, ударыў сваю цяперашнюю жонку Разалінду.

3 студзеня Берхалтар публічна прызнаў, што ў 1991-м сапраўды «стукнуў нагой па нагах» Разалінды пасля сваркі ў бары. Трэнер заявіў, што пасля гэтага эпізоду звярнуўся да спецыяліста, а праз сем месяцаў памірыўся з дзяўчынай і больш ніколі не дапушчаў такіх паводзін. «Урокі, вынятыя з той ночы, сталі асновай для адносiн з каханнем, адданасцю i падтрымкай, якія мы нядаўна пацвердзілі святкаваннем 25-й гадавіны вяселля», – паведаміў трэнер.

Пазней журналісты высветлілі, што чалавекам, які паведаміў у федэрацыю аб інцыдэнце, была даўняя сяброўка Разалінды Даніэла Рэйна – маці 20-гадовага футбаліста Джавані Рэйны, які ўваходзіў у склад зборнай ЗША на ЧС-2022, але правёў на полі сумарна толькі 52 хвіліны. 4 студзеня Даніэла пацвердзіла, што менавіта яна перадала інфармацыю пра тое, што адбылося ў 1991 годзе, спартыўнаму дырэктару федэрацыі Эрні Сцюарту, бо лічыла «асабліва несправядлівым, што Джавані палівалі брудам, у адрозненне ад Грэга, які ў падобным узросце здзейсніў нешта значна горшае».

Раней паведамлялася, што Берхалтэр быў незадаволены стаўленнем Рэйны да трэніровак незадоўга да ЧС-2022 і падчас турніру. У снежні трэнер выступіў у Нью-Ёрку на адной з канферэнцый, падчас якой заявіў, не называючы імёнаў, што адзiн з гульцоў падчас ЧС «не апраўдаў чаканняў, і мы былі гатовыя купіць яму білет дадому, настолькі сур'ёзнай стала сітуацыя». Гэтыя словы не прызначаліся для шырокай публікацыі, але з'явіліся ў інтэрнэце. Пасля гэтага Джавані напісаў у сваім Instagram: «Былі зробленыя заявы наконт майго прафесіяналізму і характару. Незадоўга да ЧС-2022 трэнер Берхалтэр сказаў мне, што мая роля на турніры будзе вельмі абмежаванай. Я быў спустошаны. Цалкам прызнаю, што дазволіў сваім эмоцыям узяць верх і паўплываць на мае трэніроўкі і паводзіны на працягу некалькіх дзён пасля гэтага. Я папрасіў прабачэння за гэта, мне сказалі, што мне даруюць. Расчараваны, што гэтае пытанне працягвае асвятляцца. Трэнер Берхалтэр заўсёды казаў, што праблемы ў камандзе застаюцца ўнутры».

Адзначым, Берхалтэр гуляў за зборную ЗША разам з бацькам Джавані і мужам Даніэлы, экс-футбалістам Клаўдзiам Рэйнам. Таксама Грэг казаў, што іх з Рэйнам сем'і «вельмі блізкія».