Усе навіны

Жаночую зборную Замбіі могуць адхіліць ад Алімпіяды – футбольную федэрацыю абвінавацілі ў адмыванні грошай

30 красавіка, 22:47

Жаночая зборная Замбіі можа прапусціць Алімпіяду-2024 пасля таго, як ФІФА прыгразіла футбольнай асацыяцыі краіны дыскваліфікацыяй, паведаміў The Guardian.

Футбольную федэрацыю Замбіі абвінавачваюць у адмыванні грошай з удзелам яе прэзідэнта, а таксама ў неправамерным уплыве трэціх бакоў.

Эндру Камангу, які ўзначальвае федэрацыю з 2016 года, абвінавацілі ў атрыманні дзяржаўных сродкаў пад ілжывай падставай і ўдзеле ў змове з мэтай махлярства. Сцвярджаюць, што ён нібыта выкарыстоўваў гэтыя грошы для фінансавання паездак двух сваіх калегаў на Кубак афрыканскіх нацый у Кот-д'Івуар сёлета.

ФІФА папрасіла даслаць ёй копіі любых дакументаў, звязаных з абвінавачваннямі супраць федэрацыі. Калі міжнародная федэрацыя футбола зафіксуе парушэнне свайго статута – гэта можа стаць падставай для спынення дзейнасці Федэрацыі футбола Замбіі незалежна ад таго, ці сапраўды было парушэнне.

Калі дзейнасць прыпыняць – каманды з гэтай федэрацыі не змогуць удзельнічаць у спаборніцтвах. Адпаведна, гэта можа паўплываць на ўдзел жаночай зборнай Замбіі ў Парыжы-2024.