Усе навіны

Ігар Кавалевіч: «Чакаем, што ўсё ж дазволяць гуляць Ляшко, Пасевічу, Жукоўскаму і Курганскаму. Прынамсі такія абяцанні ёсць»

23 красавіка 2023, 16:40

Галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч пракаментаваў перамогу над «Мінскам» з лікам 1:0, а таксама пракаментаваў адсутнасць у заяўцы каманды Валерыя Жукоўскага і Яўгенія Ляшко, якія трапілі ў «чорны спіс» Мінспорту Лукашэнкі.

Нагадаем, у снежні 2022-га «Трыбуна» паведамляла пра стварэнне «чорнага спісу» так званага Мінспорту як мінімум з 48 прозвішчаў, у асноўным з удзельнікаў відэа супраць гвалту ў верасні 2020-га. З фігурантамі спісу клубам у рэжымнай Беларусі было забаронена заключаць кантракты.

Пазней стала вядома, што «Мінспорту» робіць выбарачныя выключэнні са спісу, на што могуць паўплываць прашэнні кіраўнікоў клубаў і ўдзел у рэжымных мерапрыемствах, аднак некаторым гульцам не дапамагае і гэта.

– Вельмі важная перамога над вельмі добрай маладой камандай. Сяргей Яромка стварыў баяздольны калектыў. Мы глядзелі іх гульні ў пачатку чэмпіяната. «Мінск» добра рухаецца, але сёння нам удалося іх перайграць. Мы стварылі шмат момантаў, але трэба прызнаць, што гол аказаўся кур'ёзным. Калісьці і нам павінна было павезці.

– Выпускаючы той жа склад, што і супраць БАТЭ, не баяліся, што моладзь «Мінска» можа вас перабягаць у другім тайме?

– Мая каманда добра гатовая фізічна, а графік праз тры дні на чацвёрты, напэўна, самы добры. Рабяты падтрымліваюць форму ў гульнях, трэніроўкі перад матчамі мы праводзім у зберагалым рэжыме. Таму боязі не было. Англія вунь гуляе праз тры дні...

– У заяўцы на матч у вас менш чалавек, чым можна...

– Мы чакаем, што ўсё ж такі дазволяць гуляць Ляшко, Пасевічу, Жукоўскаму і Курганскаму. Прынамсі, такія абяцанні ёсць. Лягчыліну засталося яшчэ дзве гульні адбыць, лічы, незаслужанай дыскваліфікацыі. З траўміраваных, я думаю, Папарыга паправіцца. Мяркую, усё ў нас будзе добра.

– Ці даводзілася пераконваць рабят, што сённяшняга суперніка нельга недаацэньваць?

– У мяне такая каманда, што іх не трэба пераконваць. Яны робяць сваю працу, я – сваю. Хлопцы дакладна ведаюць, што ёсць «злачынства і пакаранне». Калі яны сваю працу будуць дрэнна рабіць, то будуць пакараныя, – сказаў Кавалевіч.