Усе навіны

Андрэй Шаўчэнка: «Кажу Зінчанку: «Не стрымлівай эмоцыі. Мы тут, каб прадэманстраваць свету, што адчуваюць украінскія людзі».

29 красавіка 2023, 11:44

Былы футбаліст і галоўны трэнер зборнай Украіны Андрэй Шаўчэнка ў інтэрв'ю брытанскім СМІ распавёў аб ініцыятывах для дапамогі краіны, якія ён праводзіць разам з гульцом «Арсенала» Аляксандрам Зінчанкам.

«Мы ўжо працуем над шматлікімі рознымі праектамі разам з Зінчанкам. Цяпер рыхтуем нешта вялікае з праектам Football for Ukraine, каб атрымаць дапамогу для ўкраінскіх людзей.

У нас ужо ёсць праект у Ірпені разам з UNITED24. Мы сабралі сродкі на аднаўленне футбольнага стадыёна. Думаю, уплыў спорту вельмі важны. Гэта можа даць нешта іншае людзям, дапамагчы ім хоць крыху ўцячы ад вайны.

Зінчанка быў неверагодным. Я вельмі ганаруся ім, таму што ён малады і мае маладую сям'ю з дзіцем, аднак ён так шмат падтрымлівае Украіну. Ён не толькі збірае сродкі, але і гучна гаворыць пра Украіну. Ён застаўся такім моцным.

Калі камунікуем, то я кажу яму: «Не стрымлівай эмоцыі, дай ім свабоду. Няма чаго стрымліваць. Мы павінны паказаць праўду. Мы тут, каб прадэманстраваць сьвету, што адчуваюць украінскія людзі». Гэта было цяжка для ўсіх, але кожны раз, калі мы размаўляем, я нагадваю яму: «Мы павінны быць значна мацнейшымі. Павінны дапамагчы нашым людзям ва Украіне, таму што яны маюць у нас патрэбу. Павінны прыцягваць увагу да вайны».

Я зараз значна мацней. Я ведаю, што мы мусім трымацца. У пачатку вайны і першыя месяцы ў мяне было шмат цяжкіх спраў. Аднак я не магу скардзіцца, бо ведаю, што на перадавой салдаты сутыкаюцца з многім, а сем'і ва Украіне павінны эвакуіравацца з небяспечных тэрыторый, куды прыляталі ракеты.

Мы прайшлі праз неверагодны год, зіма была вельмі складаная. Падчас першага вялікага блэкаута ва Украіне я быў там, у Кіеве.

Але мы абараняем нашую краіну, і гэта дае нам сілу. Мы ведаем, што ўвесь дэмакратычны свет – за нас. Аднак гэта добры момант для мяне нагадаць кожнаму, што вайна працягваецца», – сказаў Шаўчэнка.