Усе навіны

Абаронца «Белшыны» Салановіч: «У галовах ва ўсіх штрафы і баны. Але будзем рабіць усё, каб застацца ў Д1»

17 траўня, 23:41

Абаронца «Белшыны» Уладзіслаў Салановіч распавёў пра атмасферу ў камандзе пасля рашэння КДК АБФФ па справе «Шахцёра», па якім з бабруйскай каманды знялі 10 ачкоў у ЧБ-2023 і яшчэ 5 на сезон-2024, а 10 дзейных футбалістаў клуба атрымалі штрафы ў 1300 ці 2600 долараў, у выпадку нявыплаты якіх па 9 чэрвеня будуць забаненыя на паўгода.

– Наколькі цяжка будзе «Белшыне» захаваць месца ў вышэйшай лізе?

– Уф… Калі шчыра, гэтая сітуацыя трошкі нас падкасіла. Але будзем старацца, рабіць усё, каб застацца. Мінус пяць ачкоў – гэта не мінус дваццаць. Будзе цяжкавата. Але, думаю, усё атрымаецца.

– Якая цяпер атмасфера ў камандзе?

– Галоўны трэнер кажа, каб мы не звярталі на гэта ўвагі, імкнецца ахаваць нас. Зразумела, што ў галовах ва ўсіх штрафы і баны. Але ён просіць працягваць працаваць, хоча, каб гэты груз не ўплываў на нас падчас гульні. Бо калі будзем гэтак жа трымаць гэта ў галовах, нічога не атрымаецца. На трэніроўках забываемся пра ўсё і імкнёмся працаваць. Пакуль удаецца, – сказаў Салановіч.