Tribuna/Футбол/Блогі/Прыкол (?) ад Капскага: у топы белфутбола адправіў выдаленага ў «бронзавым» матчы БАТЭ, хлопца з 4 хвілінамі ў ЧБ і не толькі

Прыкол (?) ад Капскага: у топы белфутбола адправіў выдаленага ў «бронзавым» матчы БАТЭ, хлопца з 4 хвілінамі ў ЧБ і не толькі

Да такога «галасавання за сваіх» іншыя не дайшлі.

Аўтар — bytribuna com
16 снежня, 18:30
7
Прыкол (?) ад Капскага: у топы белфутбола адправіў выдаленага ў «бронзавым» матчы БАТЭ, хлопца з 4 хвілінамі ў ЧБ і не толькі

Галасаванне за «сваіх» – рэгулярная з'ява ў апытанні на найлепшага футбаліста Беларусі. Прысутнічала яно і ў выніках за 2023-i, якія мы ўжо аналізавалі (пост па спасылцы ніжэй).

У цэлым галасы за сукаманднікаў уласцівыя прадстаўнікам шматлікіх клубаў – дзе пішуць кагосьці аднаго, а дзе і ўсіх, каго можна. Напрыклад, у гэтым годзе трэнер варатароў «Нёмана» Аляксандр Суліма прагаласаваў так: тройка найлепшых у Беларусі – Ягор Пархоменка, Міхаіл Казлоў і Павел Савіцкі, найлепшы ў ЧБ – Алімардон Шукураў, найлепшы трэнер Беларусі – Ігар Кавалевіч. А вось пяцёрка гендыра мінскага «Дынама» Андрэя Толмача: Уладзіслаў Марозаў, Сяргей Паліцевіч, Фёдар Лапавухаў – Душан Бакіч – Вадзім Скрыпчанка.

Але ўсе гэтыя гульцы хаця б былі сапраўды ключавымі для асноўных складаў сваіх клубаў у сезоне. На гэтым фоне вельмі здзівіў выбар кіраўніка БАТЭ Андрэя Капскага – такога варыянту галасавання «за сваіх» успомніць цяжка.

Гульцом года Беларусi Капскі назваў 19-гадовага абаронцу Мацвея Свідзінскага. Футбаліст, які з 2020-га выступае за дубль БАТЭ, і ў гэтым сезоне большую частку сваіх матчаў правёў менавіта там – і двума галамі ў 16 сустрэчах дапамог камандзе ўзяць срэбра свайго турніру. Зрэшты, у 2023-м Свідзінскі дэбютаваў і за аснову барысаўчан. У еўракубках не гуляў, а самы яркі матч атрымаўся ў 1/8 фіналу Кубка Беларусі – 7 лістапада Мацвей правёў поўную гульню супраць «Астраўца» (3:1), у якой зрабіў асіст на першы гол і сам аформіў пераможны прыгожым далёкім ударам.

А вось супраць каманд з Д1 такіх поспехаў не здаралася. У ЧБ-2023 Свідзінскі выходзіў на поле 11 разоў – дэбютаваў сумарна на 7 хвілін у двух матчах у траўні, а наступным разам з'явіўся на поле толькі ў кастрычніку. Увосень абаронца замацаваўся ў складзе БАТЭ – спачатку выйшаў у перапынку матча з «Энергетыкам-БДУ» (0:1, але мяч забілі на 17-й хвіліне), а затым правёў запар шэсць поўных сустрэч. У іх барысаўчане прапусцілі сем мячоў, адзін з якіх каштаваў камандзе страты бала: на апошніх секундах матча з «Мінскам» (1:2) Свідзінскі нічога не змог зрабіць у сваёй штрафной з Цімафеем Мартынавым, які паслаў мяч паміж ног і Мацвею, і кіперу Уладзіславу Дзергачову.

У апошніх двух турах Свідзінскі выходзіў на замену – на 66-й хвіліне супраць «Нёмана» (3:2, пры Мацвеі БАТЭ не прапускаў) і на 69-й супраць «Шахцёра». Да таго моманту барысаўчане, якім трэба было перамагаць, каб узяць бронзу ЧБ, «гарэлі» ў Салігорску 0:2, а на 82-й хвіліне Свідзінскі збіў суперніка Аляксея Гароста, які мог выйсці сам-насам, і атрымаў прамую чырвоную. Здавалася, так ён хаця б выратаваў ад гола – але Валон Ахмеды ператварыў штрафны з далёкай кропкі ў цудоўны гол.

Другое месца ў рэйтынгу Капскага – яшчэ больш цікавы выбар. 18-гадовы форвард Вадзім Кісялёў правёў за першы склад БАТЭ ў 2023-м усяго 23 хвіліны: 19 – у дэбютным для сябе матчы за аснову супраць «Астраўца», яшчэ 4 – у апошнім туры ЧБ з «Шахцёрам». Усе поспехі Кісялёва ў сезоне звязаны з дублем БАТЭ: там ён стаў другім бамбардзірам свайго першынства, забіўшы 20 мячоў у 26 матчах, чаго раней нікому ў Барысаве не ўдавалася (рэкордам былі 19 мячоў за чэмпіянат дублёраў-2017 Уладзіслава Мухамедава). Асабліва пацярпелі ад Кісялёва дублёры «Шахцёра» – ім ён адгрузіў чвэрць сваіх галоў, уключаючы покер у матчы першага круга 7 ліпеня (праўда, два мячы – з пенальці).

Таксама Кісялёў выходзіў на замену ў трох матчах зборнай Беларусі U-19 у адборы на Еўра, памятным заўчаснай радасцю каманды пасля выйгрышу асобна ўзятага матча. Больш ніякіх дасягненняў у Вадзіма за год няма.

Трэцім найлепшым футбалістам Беларусі для кіраўніка БАТЭ стаў 19-гадовы паўабаронца Арцём Шуманскі, якога на пачатку года з Барысава прадалі ў кіпрскі «Арыс» за 400 тысяч еўра. Аднак 2023 у гульца не задаўся (ужо таму, што пачаўся з траўмы). За клуб футбаліст правёў усяго 10 матчаў, сумарна найграўшы ў іх толькі 388 хвілін. Так, за гэты час Шуманскі паспеў аформіць па 3 галы і асісты ў чэмпіянаце Кіпра (праўда, адзін з мячоў – з пенальці, які гульцу далі прабіць няштатна ў яго дзень нараджэння).

Аднак наўрад ці гэтага дастаткова, каб называць футбаліста найлепшым у краіне. Тым больш Арцём паўдзельнічаў у шасці афіцыйных матчах маладзёжнай зборнай, якая выдала агідны год. Хоць, трэба прызнаць, Капскі быў не адзіным, хто ўспомніў Шуманскага ў галасаванні – трэнеры дубля «Тарпеда-БелАЗ» Дзяніс Каролік і Валянцін Міхееў паставілі гульца на трэцяе і другое месца адпаведна (трэба дадаць, што Міхееў некалькі гадоў працаваў з гульцом на юніёрскім узроўні).

Вернемся да Капскага – найлепшым футбалістам ЧБ у яго стаў 19-гадовы абаронца БАТЭ Аляксандр Мартынаў. Ураджэнец расійскага Арэнбурга, які з дзяцінства займаўся футболам у Мінску і выступае за юніёрскую зборную Беларусі, быў асноўным у барысаўчан у 2023-м – непасрэдна ў вышэйшай лізе правёў 25 матчаў, з якіх 20 поўнасцю. Але ў БАТЭ быў не топавы сезон з пункту гледжання абароны – 32 прапушчаныя мячы ў ЧБ, менш было не толькі ў каманд з п'едэстала (21 у «Дынама», 22 у «Нёмана», 18 у «Тарпеда-БелАЗ»), але і «Іслачы» (29), «Славіі» (30) і маладога-беднага «Мінска» (26). Асноўны гулец такой лініі абароны неяк не цягне на галоўнага героя турніру. Уласна, больш Мартынава ніхто ў апытанні і не назваў.

У цэлым жа Аляксандр найбольш запомніўся не ў «вышцы», а ўдзелам у лупцоўцы ў кваліфікацыі ЛЧ ад «Арыса», які забіў БАТЭ сумарна 11 мячоў (6:3, 5:3). Хаця, трэба адзначыць, пры юным абаронцы прапусцілі толькі чатыры з гэтых галоў, а ён сам яшчэ і забіў у чужыя (гол стаў 200-м для БАТЭ ў еўракубках).

А вось пры выбары найлепшага трэнера Беларусі Капскі аказаўся неарыгінальны – назваў чэмпіёна Казахстана з «Ардабасы» Аляксандра Сяднёва, які заняў другое месца ў галасаванні, адстаўшы толькі на восем балаў ад пераможцы з «Нёмана» Ігара Кавалевіча.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты