Tribuna/Футбол/Блогі/У белфутболе гоніць трэнераў на дзяржкурсы і хоча выклікаць іх на камісію калега, у якога ўвогуле няма катэгорыі УЕФА

У белфутболе гоніць трэнераў на дзяржкурсы і хоча выклікаць іх на камісію калега, у якога ўвогуле няма катэгорыі УЕФА

Анатоля Юрэвіча не прымусіць вучыцца, але ў яго і так нядрэнна атрымліваецца.

Аўтар — bytribuna com
24 студзеня, 06:52
5
У белфутболе гоніць трэнераў на дзяржкурсы і хоча выклікаць іх на камісію калега, у якога ўвогуле няма катэгорыі УЕФА

За апошні час беларускія футбольныя трэнеры атрымалі некалькі нечаканых сюрпрызаў. Увосень мінулага года стала вядома, што іх абавяжуць прайсці курсы павышэння кваліфікацыі ў лукашэнкаўскай сістэме.

А пару тыдняў таму высветлілася, што ўсе трэнеры вышэйшай і першай ліг павінны будуць здаваць гадавыя справаздачы пра тое, як яны збіраюцца працаваць з калектывамі ў сезоне.

Як высветліла «Трыбуна», над якасцю трэнерскай адукацыі і трэнерскай працы такім чынам рупіцца Анатоль Іванавіч Юрэвіч – куратар футбольнага праекта «Энергетык-БДУ», дзе фармальна не займае ніякай пасады. Той самы Юрэвіч, які адбывае пяцігадовую дыскваліфікацыю за махінацыі ў чэмпіянаце-2022, але пры гэтым застаецца галоўным дарадцам па футболе для лукашэнкаўскага міністра па спорце Сяргея Кавальчука і ў прапагандысцкіх медыях носіць званне «дзяржаўны трэнер па футболе».

Планы ў Юрэвіча вялікія, але што ў яго самога з адукацыяй – футбольнай і вышэйшай? А гэта пытанне вельмі цікавае.

Па нашай інфармацыі, якой-небудзь трэнерскай катэгорыі ў 66-гадовага Юрэвіча ніколі не было і няма. Да пацверджання кваліфікацыі на паперы ён ставіцца максімальна скептычна, параўноўваючы такога роду дакументы з «пасведчаннямі для афіцыянтаў».

Сам спецыяліст ніколі не расказваў, што скончыў якую-небудзь ВНУ або што дзе-небудзь вучыўся. Суразмоўцы, з якімі мы пагутарылі, сцвярджаюць, што Юрэвіч, працуючы трэнерам у розных клубах і краінах, нават у спартовым коле ніколі не згадваў, што дзе-небудзь атрымліваў адукацыю. Некаторыя людзі ў белфутболе, адказваючы на нашыя пытанні, сурʼёзна сумняваліся, што дарадца псеўдаміністра мае дыплом аб вышэйшай адукацыі. Пры гэтым гульцы, якіх у свой час трэнаваў Юрэвіч, сцвярджаюць, што ён заўсёды вітаў жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю, нягледзячы на занятасць у спорце.

– Юрэвічу заўсёды падабаліся разумныя футбалісты, ён заахвочваў за вучобу. Як? Скажам, рабіў усё, каб можна было паспяваць гуляць, трэнавацца і пры гэтым атрымліваць адукацыю. Юрэвіч лічыць, што вучоба пашырае кругагляд, станоўча ўплывае на мозг, а гэта, у сваю чаргу, адбіваецца і на дзеяннях на полі. Разумны футбаліст будзе думаць падчас гульні, ён здольны мысліць нестандартна, – успамінае адзін з былых падапечных спецыяліста.

Сам Юрэвіч у адным з даўніх інтэрвʼю прызнаваўся, што Уладзіміра Гольмака, які гуляў пры ім у «Славіі» і мінскім «Тарпеда», а затым працаваў памочнікам у мінскім «Лакаматыве» і «Гомелі», а таксама Юрыя Свіркова, яшчэ аднаго экс- гульца каманд Юрэвіча, «атрымліваць вышэйшую адукацыю літаральна загнаў – без гэтага ніякімі трэнерамі яны сёння не сталі б».

Ну а ў тым, што ў Юрэвіча ўсё ж ёсць вышэйшая адукацыя, былі адназначна перакананыя спецыялісты, знаёмыя з парадкамі ў лукашэнкаўскім міністэрстве па спорце. Яны зыходзяць з таго, што пасля прызначэння на пасаду так званага дзяржаўнага трэнера ў 2023 годзе па ініцыятыве Кавальчука Юрэвіч афіцыйна быў унесены ў штат «Мінспорту», то-бок стаў супрацоўнікам ведамства. Па словах клеркаў, нават з такім апекуном, як былы ахоўнік Лукашэнкі, ніводзін чалавек без вышэйшай адукацыі не зможа заключыць кантракт з псеўдаміністэрствам. Адсюль простая выснова: дыплом у Юрэвіча ёсць.

Таксама ўдалося даведацца цікавую рэч. Са штата «Мінспорту» Юрэвіча не сталі прыбіраць пасля скандалу з футбольнымі махінацыямі, які прагрымеў увесну мінулага гады. Спецыяліст заставаўся супрацоўнікам ведамства нават пасля таго, як футбольная федэрацыя ўляпіла яму пяцігадовы бан. Але ў сярэдзіне лістапада 2023-га сітуацыя памянялася. ФІФА пашырыла дыскваліфікацыю Юрэвіча і некаторых іншых фігурантаў справы аб несумленных матчах на міжнародны ўзровень. Пасля гэтага трэнера-ветэрана з лукашэнкаўскага міністэрства фармальна ўсё ж прыбралі.

У выніку нам удалося высветліць, што вышэйшая адукацыя ў Юрэвіча ўсё ж ёсць. У 17 праз цяжкую траўму (па некаторых звестках, гэта быў разрыў крыжападобных звязкаў) ён развітаўся са спадзяваннямі стаць футбалістам. Гэта адбылося яшчэ ў 1974 годзе. Але сыходзіць са спорту малады чалавек не захацеў і паступіў у Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры (цяперашні БДУФК). Можна меркаваць, што адукацыю Юрэвіч атрымліваў па спецыяльнасці трэнер. У 1977 годзе ён ужо працаваў у адной з дзіцяча-юнацкіх футбольных школы Мінска.

У 2013 годзе, будучы спартыўным дырэктарам Федэрацыі футбола Казахстана, спецыяліст разважаў пра важнасць адукацыі для юных гульцоў у цэнтрах развіцця:

– Мы хочам даць футбольную адукацыю дзецям. Каб дзеці атрымлівалі на выпуску фізічнае развіццё, тэхнічнае ўменне і тактычную адукацыю і развівалі асобасныя якасці. Малады чалавек на выпуску павінен атрымаць адукацыю футбольную, гэтак жа як адукацыю медычную ці педагагічную, – казаў Юрэвіч.

Што да самога трэнера, то пасля атрымання дыплома ў інстытуце фізкультуры ён больш нідзе не вучыўся – не праходзіў курсы павышэння кваліфікацыі, не заканчваў інстытут перападрыхтоўкі, не імкнуўся атрымаць хоць нейкую ліцэнзію ад UEFA (магчыма, менавіта таму Юрэвіч ставіць фармальнымі галоўнымі трэнерамі «Энергетыка-БДУ» іншых і ніколі не займае пасаду сам – проста таму, што не мае на гэта права па патрабаваннях рэгламенту). Пры гэтым нашыя суразмоўцы са свету футбола Беларусі адзначаюць, што Юрэвіч упэўнены ў сабе і цалкам задаволены абʼёмам ведаў, якія мае.

– На нейкія дадатковыя курсы яго дакладна не загнаць. А нават калі нейкім цудам і пойдзе на іх, усё роўна будзе рабіць па-свойму, так, як палічыць патрэбным. Быць у нагу з часам і прытрымлівацца сучасных методык футбола? Юрэвіч як працаваў 40 гадоў таму, так і будзе і сёння, і потым. Тут ужо нічога не памяняць, – разважае адзін з футбольных спецыялістаў.

Зрэшты, нельга не прызнаць, што вынікі працы Юрэвіча са «студэнтамі» ўражваюць. Адсутнасць розных профільных «паперак» не перашкаджае яму раскрываць моцныя якасці гульцоў. Пры гэтым сам спецыяліст чамусьці лічыць, што астатнія калегі з яго падачы мусяць пісаць трэнавальныя планы на год, нібы гэта, а не рэальны спартыўны вынік, дазволіць ацаніць глыбіню таго ці іншага трэнера.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты