Tribuna/Футбол/Блогі/Калісьці Скрыпчанка і Нікіфарэнка цудоўна ўжываліся: разам змагаліся за медалі і не канфліктавалі, але ёсць нюанс

Калісьці Скрыпчанка і Нікіфарэнка цудоўна ўжываліся: разам змагаліся за медалі і не канфліктавалі, але ёсць нюанс

Галоўнае тут – не заблытацца.

Аўтар — bytribuna com
14 сакавіка, 11:00
Калісьці Скрыпчанка і Нікіфарэнка цудоўна ўжываліся: разам змагаліся за медалі і не канфліктавалі, але ёсць нюанс

Самым гучным эпізодам старту беларускага футбольнага сезона стала святкаванне гульца БАТЭ Алега Нікіфарэнкі гола мінскаму «Дынама». Футбаліст, які гуляў за «бела-блакітных» і распавядаў пра канфлікт з іх галоўным трэнерам Вадзімам Скрыпчанкам, наўмысна пабег радавацца менавіта перад тварам коўча. Той нават выйшаў на поле і нешта крычаў у адказ – большага не дазволілі іншыя. А Нікіфарэнка потым не забіў вырашальны пенальці ў пасляматчавай серыі – і БАТЭ вылецеў з Кубка Беларусі, а «Дынама» прайшло ў паўфінал.

Сам Скрыпчанка пасля матчу заявіў, што «быў на мяжы», але ўвогуле ў яго «ніякіх крыўдаў» на гульца няма, ды і канфлікт існуе толькі ў версіі Нікіфарэнкі. А яшчэ трэнер крыху заблытаўся ў сваіх думках – спачатку сказаў, што «Алег малады хлопец», а праз паўхвіліны заявіў, што «ён ужо не малады, 23 гады – гэта ўжо спелы ўзрост» (столькі футбалісту споўніцца 17 сакавіка).

А калі Скрыпчанку самому было прыкладна столькі ж, ён цалкам ужываўся – прынамсі, ніякіх легенд пра іх канфлікты не было – у адной камандзе з іншым Нікіфарэнкам, Сяргеем, легендай салігорскага «Шахцёра». Праз тое, што дзейнага гульца БАТЭ Нікіфарэнку клічуць Алег Сяргеевіч, лёгка падумаць пра роднасную сувязь, але не. Сяргей Нікіфарэнка з белфутбола – шматдзетны бацька, але яго сыноў клічуць Захар, Макар і Прохар.

У 1997-м 21-гадовы Скрыпчанка пачаў свой пяты сезон у беларускім Д1 за «Дынама-93» (дэ-факта другіх нумароў мінскага «Дынама»). Клуб пры гульцы ўзяў срэбра ЧБ у 1994-м, але тады абаронца правёў усяго пару матчаў, а ўжо з большым унёскам Скрыпчанкі – дзве бронзы ў 1995-м: першую ў сярэдзіне года па выніках чэмпіянату восень-вясна, другую ў канцы пасля аднаколавага ЧБ, што быў праведзены дзеля вяртання на «вясну-восень». У 1996-м «Дынама-93» стала чацвёртым і адабралася ва ўжо забыты еўратурнір – Кубак Інтэртота.

Сяргею Нікіфарэнку ў пачатку 1997-га споўнілася 19, і да таго моманту ён меў на сваім рахунку толькі два матчы «вышкі» за родны «Шахцёр», і тыя яшчэ ў 1994-м. Але ў «Дынама-93» Нікіфарэнка, паводле захаваных на Transfermarkt пратаколаў, дэбютаваў выдатна. У першым жа туры ЧБ-1997 форвард неўзабаве пасля таго, як яго на 73-й хвіліне выпусціў трэнер Людас Румбуціс, аддаў галявую на Антуана Маёрава, які давяршыў разгром мінскага «Тарпеда» 3:0. А ў трэцім туры юнак выйшаў на 67-й хвіліне – і ўпершыню апынуўся на полі са Скрыпчанкам. Вынік – на 80-й больш дасведчаны калега зрабіў асіст на Нікіфарэнку, і той таксама скончыў афармленне буйной перамогі (3:0, пацярпеў «Днепр»).

Зрэшты, на гэтым поспехі Нікіфарэнкі ў «Дынама-93» скончыліся. Ён яшчэ 12 разоў за сезон выйшаў на поле, сумарна атрымаўшы крыху больш за 400 хвілін, але больш нічым не вызначыўся. Абышліся без форварда ў Кубку Інтэртота, дзе «Дынама» стала другім у групе з польскай «Палоніяй», нідэрландскім «Херэнвенам», дацкім «Ольбаргам» і нямецкім «Дуйсбургам», але далей выходзіў толькі пераможца. А вось Скрыпчанка паўдзельнічаў ва ўсіх чатырох еўраматчах, а таксама ў 28 сустрэчах Д1, за якія забіў 4 мячы і зрабіў 7 галявых перадач. «Дынама-93» да 20-х тураў змагалася за тройку, але потым крыху здало і фінішавала пятым.

Нікіфарэнка (у жоўтым на пярэднім плане) і Скрыпчанка (у сінім ззаду) у 2005 годзе

Пасля сезона-1997 Скрыпчанка сышоў у БАТЭ, а Нікіфарэнка адправіўся ў «Шахцёр», дзе і гуляў да канца карʼеры – у выніку правёў за клуб 300 матчаў у ЧБ пры 87 галах і 46 асістах (абодва бамбардзірскія паказнікі для «гарнякоў» да гэтага часу рэкордныя). Яшчэ раз два футбалісты перасекліся ў 2003-м – Скрыпчанка перайшоў у «Шахцёр» пасля залатога для БАТЭ 2002-га. Праўда, за «гарнякоў» правёў толькі паўсезона – далей здарыліся сурʼёзныя праблемы са здароўем, якія маглі нават завяршыць карʼеру (у выніку дайграў да 2007-га). Аднак за першую палову Скрыпчанкі паспеў выдаць шэсць асістаў, тры з якіх – у матчы чацвёртага тура супраць «Дынама» Брэст (5:0). І ў гэтай сустрэчы апошні гол у матчы аформіў з перадачы партнёра менавіта Нікіфарэнка.

Разам прыклаліся гульцы і да гістарычнага матчу – 18 чэрвеня «Шахцёр» удома разнёс 9:0 «Зорку-ВА-БДУ», паўтарыўшы лік матчу «Ведрыч» – «Нёман» з 1995-га. Так буйна, а тым больш буйней у ЧБ не перамагалі. А трэці мяч у вароты «студэнтаў» забіў Нікіфарэнка з паса Скрыпчанкі, які зрабіў асіст яшчэ і пры пятым голе (аўтарства Вадзіма Бойкі).

Быў у тым сезоне і яшчэ адзін магутны разгром – у Кубку Інтэртота: у стартавым раўндзе салігорцы пасля сціплых 1:0 у Мінску разнеслі паўночнаірландскі «Ома Таун» у гасцях 7:1, а Скрыпчанка аддаў дзве галявыя (Нікіфарэнка гуляў, але без выніковых дзеянняў). Наступныя матчы былі з харвацкай «Цыбаліяй» – у Мінску было 1:1, а ў Харватыі госці двойчы выходзілі наперад з дапамогай галоў Скрыпчанкі і Нікіфарэнкі. Але гаспадары ў выніку выйгралі 4:2 і абарвалі еўрашлях «гарнякоў».

Пасля заканчэння гульнявых карʼер Нікіфарэнка і Скрыпчанка некалькі разоў сустракаліся адзін з адным, трэнуючы розныя каманды. Апошні такі выпадак быў зусім нядаўна – у 2023-м, калі Нікіфарэнка другі раз у жыцці быў у клубе па-за сістэмай «Шахцёра». Коўч быў дэ-факта памочнікам Аляксандра Юрэвіча ў брэсцкім «Дынама», а па дакументах – галоўным трэнерам, таму што ў Юрэвіча не было патрэбнай ліцэнзіі. 9 чэрвеня мінскае «Дынама» Скрыпчанкі ўдома разграміла брэстаўчан 4:1, а Нікіфарэнка, які па пасадзе хадзіў на прэс-канферэнцыі, пасля матчу казаў, што ў яго камандзе «доследныя футбалісты баяцца ўзяць на сябе ініцыятыву, абгуляць, не могуць на роўным месцы прыняць мяч».

А 18 лістапада 2023-га Нікіфарэнка нават згуляў супраць «Дынама» – за «Шахцёр» у ветэранскім матчы памяці Уладзіміра Журавеля. «Гарнякі» выйгралі 2:1, Нікіфарэнка ў галявых атаках не ўдзельнічаў.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты