Tribuna/Футбол/Блоги/Як Кульчы атрымаў 30 тысяч долараў за матч і пры чым тут гулец БАТЭ, які называў Пуціна Богам

Як Кульчы атрымаў 30 тысяч долараў за матч і пры чым тут гулец БАТЭ, які называў Пуціна Богам

Рэкордная прэмія для рэкардсмена зборнай Беларусі.

18 траўня, 12:00
Як Кульчы атрымаў 30 тысяч долараў за матч і пры чым тут гулец БАТЭ, які называў Пуціна Богам

Большую частку кар'еры Аляксандр Кульчы, рэкардсмен зборнай Беларусі па колькасці матчаў, адгуляў у Расіі, дзе правёў 291 сустрэчу на ўзроўні РПЛ (17 мячоў, 23 галявыя) і 108 у Д2 (13 +12). Не сакрэт, што ў суседскім футболе круцяцца шалёныя грошы. На днях Кульчы згадаў, як атрымаў самую вялікую прэмію ў карʼеры – і гэта па выніках аднаго матча. Дапамог яму ў гэтым (ды і ўвогуле ўсёй камандзе) гулец, які пазней пяройдзе ў БАТЭ.

У сезоне-2011 года Кульчы, якому на той момант было 36, досыць нечакана перайшоў у «Краснадар». Чэмпіянат Расіі, які стартаваў у сакавіку таго года, зʼяўляўся пераходным (вясна-восень-вясна), таму ладзіўся ў тры колы і завяршыўся ў траўні 2012-га. Пасля першых двух этапаў турнір дзяліўся на дзве часткі – першая васьмёрка змагалася за медалі і еўракубкі, а другая – за выжыванне. «Краснадар» па выніках першых двух колаў стаў 9-м, але вылет яму пагражаў толькі тэарэтычна – у выніку «быкі» засталіся на тым жа 9-м месцы і пасля трэцяга этапу. Кульчы ў тым сезоне адгуляў 29 матчаў і вызначыўся адным забітым мячом.

Менавіта ў «Краснадары», праекце расійскага прадпрымальніка і доларавага мільярдэра Сяргея Галіцкага, беларус атрымаў самыя вялікія прэміяльныя ў карʼеры, пра што нядаўна і распавёў:

Гулялі з «Кубанню». Поўны стадыён, спёка. У другім тайме наш абаронца – Няманья Тубіч – прывозіць пенальці і атрымлівае чырвоную картку. Траарэ трапляе ў штангу – і ледзь не ў наступнай атацы мы забіваем. Так-гэтак утрымалі ў меншасці гэтую перамогу. Пасля матчу Сяргей Мікалаевіч [Галіцкі] заходзіць у распранальню: «Дзверы зачыніце. Па 30 [тысяч долараў] кожнаму!».

Матч, пра які расказаў футбаліст, атрымаўся сапраўды гістарычным. То было першае дэрбі ў гісторыі чэмпіянату Расіі, якое прайшло не ў Маскве. Абедзьве каманды прадстаўлялі Краснадар, і іх супрацьстаянне было вельмі прынцыповым. А яшчэ апроч Кульчыя на поле ў той дзень прысутнічаў яшчэ адзін беларус: абаронца Максім Жаўнерчык тады выступаў за «Кубань» і правёў 88 хвілін. Акрамя таго ў той час «Краснадар» узначальваў сербскі спецыяліст Славалюб Муслін, які з верасня 2008-га па чэрвень 2009-га ўзначальваў мінскае «Дынама».

Муслін – не адзіны серб, які браў удзел у першым краснадарскім дэрбі РПЛ і мае сувязь з чэмпіянатам Беларусі. Той самы Тубіч, які атрымаў чырвоную і прывёз пенальці, улетку 2014-га змяніў «Краснадар», дзе страціў месца ў аснове, на БАТЭ. Барысаўцы тады шукалі падмацаванне пад Лігу чэмпіёнаў.

Нельга сказаць, што ў БАТЭ серб праваліўся, але і лідарам не стаў: за паўгода нагуляў 10 матчаў у чэмпіянаце Беларусі і Кубку, з якіх 9 правёў цалкам, вызначыўся адным мячом. Яго гол перавёў гульню ў дадатковы час у 1/8 фіналу Кубка са «Слуцкам», дзе барысаўцы даціснулі супернікаў 2:1, а пасля ўзялі трафей.

У Лізе чэмпіёнаў абаронца згуляў у трох матчах: правёў першы тайм на няпрофільнай пазіцыі левага абаронцы ў жахлівай хатняй сустрэчы з данецкім «Шахцёрам» (0:7) і цалкам адгуляў супраць «Порту» (0:3) і «Атлетыка» (0:2). Яшчэ Тубіч запомніўся ветлівасцю ў стасунках з журналістамі. Пасля хатняга разгрому ў ЛЧ ад Данецка ён не пагадзіўся з журналістам, аднак зазначыў, што паважае яго меркаванне:

А яшчэ сумленна прызнаваў свае памылкі:

Тубіч пакінуў БАТЭ ў студзені 2015-га – яму проста не прапанавалі новы кантракт. Затым меў паўгода прастою, а далей апынуўся ў чэмпіянаце Саудаўскай Аравіі, дзе паўгода адгуляў за «Хаджар» (7 матчаў). Потым выступаў у Нарвегіі за «Хаўгесун» (12 гульняў) і ў Сербіі за «Напрадак» (17 матчаў, 1 гол).

Апошнім клубам у кар'еры Тубіча стаў хабараўскі СКА, куды ён перайшоў у лютым 2018-га. Серб цалкам правёў 3 матчы ў РПЛ і 1 у Кубку Расіі. СКА фінішіваў апошнім і вылецеў. Тубіч жа пакінуў клуб, як і шэраг іншых футбалістаў, і больш у футбол на прафесійным узроўні не гуляў.

У 2022-м годзе пра Тубіча згадаў украінскі экс-абаронца «Тарпеда-БелАЗ» Юры Габоўда, які пакінуў жодзінцаў пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пры падтрымцы рэжыма Лукашэнка. У інтэрв'ю YouTube-каналу Football Hub ён расказваў, што не разумее сербскіх футбалістаў, якія адкрыта не выступілі з асуджэннем расійскай агрэсіі, а яшчэ расказаў пра палітычныя погляды Тубіча:

«Гуляў я са шмат якімі сербамі. [Украінскі футбаліст Міхаіл] Капалавец казаў, што сербы дапамагаюць з гуманітаркай. Я яму напісаў: «Мішань, ты нічога не пераблытаў?

Як можна сядзець на двух крэслах? Перадаваць гуманітарку і не выказваць грамадзянскай пазіцыі. Яны ж ва Украіне гулялі. Падаецца, у Сербіі няма такой цэнзуры, як у Расіі і Беларусі. Яны могуць гэта рабіць.

Напрыклад, Няманья Тубіч. Я прыгадаў, як у 2019 годзе пракаментаваў нейкае яго паведамленне ў сацсетцы ў гонар Расіі і Пуціна. Пішу: «Пуцін #####, ён забойца». А Тубіч напісаў, што Пуцін – бог. Мяне проста накрыла. Цяпер я таксама яму напісаў, ён прачытаў і не адказаў», – сказаў Габоўда.

Тубіч выступаў у Заходняй Украіне за «Карпаты» з 2009 па 2010 гады (у 50 матчах забіў 1 гол), пасля чаго пераехаў у «Краснадар». Габоўда гуляў у сістэме «Карпат» з 2006 па 2011 год.

Другие посты пользователя

Все посты