Усе навіны

Краўчанка пасля 2:4 ад «Ліды»: «За ўсе фантазіі супернік пакараў «Металург»

22 верасня, 23:40

Галоўны трэнер «Металурга» Дзмітрый Краўчанка падзяліўся меркаваннем аб матчы з «Лідай» (2:4).

– Мы выйгралі старт, што ў каманды і прасілі. Але мы і раскрыліся, чаго не прасілі – патрабавалі якраз наадварот. Трэба было забіваць свае галы, рэалізоўваць моманты, якіх было дастаткова, і не раскрывацца. Мы ж зрабілі ўсё наадварот, таму і прайгралі.

Такі вынік – таксама вопыт. Шкада, не парадавалі балельшчыкаў у пятніцу ўвечары – цяпер даўжок перад імі. У любым выпадку, дзякуй за падтрымку, яна заўсёды неабходна, а ў такія моманты – асабліва.

Паразы будуць, але за імі абавязкова прыйдуць і перамогі. Важна праз няўдачы пераступаць, рабіць высновы і хутка забывацца. Мы высновы зробім, пераступім, забудзем і пойдзем далей.

– Чаму раскрыліся?

– Перш за ўсё, мы не забілі. Якім бы ні быў супернік, ён усё роўна будзе мець хаця б адну-дзве контратакі за матч ці адзін-два моманты. Спачатку прапусцілі ў меншасці, потым – у абаротцы, затым страцілі канцэнтрацыю і апанента ў сваёй зоне, ну і зноў – меншасць. Занадта лёгка мы прапускалі. Супернік – малайчына, стварыў і забіў.

– Можа, такі добры старт расхаладзіў каманду? Калі занадта хутка і неяк лёгка забілі.

– Не павінна. У нас усе прафесіяналы, гуляюць не проста так, не за бясплатна. Мы пачалі прыдумляць лішнія перадачы, фантазіраваць замест таго, каб гуляць прасцей, забіваць і ўжо далей дзейнічаць па ліку. За ўсе гэтыя фантазіі нас супернік і пакараў, – сказаў Краўчанка.