Tribuna/Хакей/Блогі/Кажуць, кавалер Сабаленкі можа стаць галоўным у мінскім «Дынама». Што ж, ён добра ведае, як вылятаць у 1-м раўндзе плэй-оф

Кажуць, кавалер Сабаленкі можа стаць галоўным у мінскім «Дынама». Што ж, ён добра ведае, як вылятаць у 1-м раўндзе плэй-оф

Чалавек, які падзяляе філасофію клуба.

Аўтар — bytribuna com
13 сакавіка, 19:36
Кажуць, кавалер Сабаленкі можа стаць галоўным у мінскім «Дынама». Што ж, ён добра ведае, як вылятаць у 1-м раўндзе плэй-оф

12 сакавіка мінскае «Дынама» ўдома прайграла маскоўскаму (1:3) і вылецела з плэй-оф КХЛ. Гэта быў трэці з трох магчымых хатніх матчаў для «зуброў» у серыі першага раўнда, але праспяваць улюбёную ў клубе савецкую папсу знайшлася нагода толькі раз.

Мінчукі пакінулі Кубак Гагарына пасля першай жа серыі восьмы з васьмі разоў. Аднак пасля восьмага месца ў канферэнцыі «рэгуляркі» здзіўляла, хутчэй, што «Дынама» змагло выйграць два матчы ў пераможцы «гладкага» сезона – тым больш да таго перамагаць наогул не ўдавалася.

Тым не менш вынік «зуброў» дакладна не назавеш добрым, а пасля апошняга матчу расійскі галоўны трэнер каманды Дзмітрый Квартальнаў адмовіўся адказваць на пытанне пра сваю будучыню ў клубе (хоць з выхадам у плэй-оф кантракт быццам аўтаматычна працягнуўся).

Затое падкінулі інфармацыі расійскія інсайдары: Аляксей Шаўчэнка заявіў, што трэнер «адной нагой у «Сібіры», а Міхаіл Зісліс напісаў, што Квартальнава і ў «Дынама», і ў зборнай Беларусі заменіць Канстанцін Кальцоў. Пра тое, што падпісанта за рэжым хочуць бачыць у абедзвюх камандах, яшчэ месяц таму казаў расійскі экс-хакеіст Аляксей Патапаў, які нібыта чуў ад дасведчаных людзей аб прычынах такой цікавасці да Кальцова: «Ён умее працаваць з маладымі хлопцамі. Яго, што вельмі важна, слухаюць і чуюць, ставяцца да яго з вялікай павагай».

Зрэшты, у зборнай Кальцоў і так дэ-факта галоўны трэнер. У снежні Квартальнаў, мяркуючы па выкладанню ФХБ, самаўхіліўся ад паездкі на «Кубак Першага канала» – і туды каманду ад Беларусі павёз якраз Кальцоў. Праўда, склад з амаль усімі наймацнейшымі беларускімі гульцамі КХЛ цалкам па статыстыцы (па ліку выйшла 3:5) прайграў далёка не першым нумарам ад зборнай Расіі. А затым з цяжкасцю ўратаваў нічыю ў асноўны час, але ўсё ж саступіў камандзе, у асноўным складзенай з гульцоў расійскага Д2, – таму што штаб Кальцова ў авертайме вырашыў зняць брамніка.

У КХЛ жа Кальцоў ад чэрвеня 2022-га працуе ў расійскім «Салаваце Юлаеве», дзе ў штабе Віктара Казлова адказвае за нападнікаў. І два сезоны вынік у Кубку Гагарына для ўфімцаў атрымліваецца роўна такі ж, як у мінскага «Дынама». Праўда, шлях зусім іншы, ды і для «Салавата» гэта нязвыкла – клуб кожны год выходзіць у плэй-оф і да Кальцова толькі чатыры разы вылятаў у першым раўндзе (і ніколі двойчы запар).

У сезоне-2022/23 «Салават» стаў другім ва Усходняй канферэнцыі, але ў стартавым жа раўндзе КГ саступіў сёмаму «Адміралу» (2-4 па матчах). Уфімцы не былі ў топе па закінутых шайбах у сярэднім за матч (10-е ў «рэгулярцы», 11-е ў плэй-оф), а пасля бясслаўнага вылету загаварылі пра адстаўку Казлова з усім штабам.

Аднак і галоўны трэнер, і яго памочнікі захавалі пасады і пайшлі ў «рэгулярку»-2023/24. Там увосень каманда размяшчалася ў мяжы зоны плэй-оф, але потым ачуняла і ў выніку стала трэцяй на Усходзе. Аднак праблемы былі – у першую чаргу фінансавыя: пра затрымкі заробкаў у клубе гаварылі з лютага 2023-га, а восенню і зімой цяперашняга сезону аб цяжкасцях было чуваць ізноў, у тым ліку – што гульцы не бачылі грошай два месяцы.

Ну а ў лютым 2024-га бяда была з атакай «Салавата», за якую адказвае Кальцоў: клуб наогул не закідваў цэлых 177 хвілін, без малога тры поўныя матчы, запар. Беларускі трэнер тады даў інтэрвʼю, дзе сказаў, што з форвардамі «сітуацыя штатная», а заадно дадаў, што ў клубе імкнуцца «не звяртаць увагі на ўсе знешнія моманты, якія не датычацца хакея, у тым ліку на фінансавыя нюансы». «СЮ» завяршыў рэгулярку з сёмым паказнікам па закінутых шайбах – 24 з 196 аформіў беларускі форвард Іван Драздоў, стаўшы другім снайперам каманды.

У супернікі па плэй-оф з шостага месца «гладкага» сезона трапіўся «Трактар» – Кальцоў казаў, што «плэй-оф пачынаецца з чыстага ліста», а ў супернікаў «шмат майстроў, асабліва ў атацы», але «яшчэ ёсць час максімальна падрыхтавацца». Аднак не атрымалася – «Трактар» выйграў першы і трэці матчы серыі, «СЮ» двойчы адыгрываўся, аднак чалябінцы забралі яшчэ два матчы і серыю (4-2). Увогуле, калі ў «Дынама» рэальна хочуць паставіць Кальцова, то варыянт для вылетаў у першых раўндах – у самы раз.

У цяперашнім плэй-оф «Салавату» не дапамаглі бамбардзірскія дасягненні сваіх гульцоў – канадзец Джошуа Ліва пасля раўнда застаецца найлепшым бамбардзірам усяго плэй-оф (4+5), а Драздоў (4+4) ідзе на другім месцы. Аднак усяго «СЮ» аформіў за шэсць сустрэч КГ тыя ж 14 шайб, што і год таму – па сярэдняй колькасці за гульню (2,33) каманда апынулася толькі на 10-м месцы («Дынама» з двума роўна – 13-е з 16). У фармаце 5х5 «Салават» закінуў 8 разоў – менш толькі ў чатырох каманд (але яны правялі па пяць матчаў у сваіх серыях).

Затое Кальцоў, нягледзячы на праблемы з заробкам, месяц таму не пакінуў без падарунку сваю дзяўчыну, падпісантку за рэжым Арыну Сабаленку. На 14 лютага яна расказвала падпісчыкам, што Кальцоў падарыў ёй залатое калье вядомага брэнда Cartier, якое на яго сайце каштавала 9 тысяч еўра.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты