Усе навіны

МАК дапусціць расіян да АГ па аналогіі з камандай бежанцаў («Весь спорт»)

17 чэрвеня, 11:15

МАК дапусціць расійскіх атлетаў на Алімпіяду-2024 у Парыжы на аснове ўмоў, па якіх з 2015 года фарміруюцца зборныя бежанцаў, як паведамляе інфармагенцтва «Весь спорт» са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Стала вядома пра наступныя ключавыя крытэрыі допуску:

– спартсмены выступяць на Гульнях у нейтральным статусе, пад сцягам МАК і пад назвай «Нейтральныя атлеты» ці «Нейтральныя алімпійскія атлеты»;

– спартсмены павінны падаць заяўкі на ўдзел у АГ у асабістым парадку, без пасрэдніцтва Алімпійскага камітэта Расіі (АКР) і нацыянальных федэрацый (пры гэтым дазволены ўдзел толькі ў індывідуальных дысцыплінах);

– заяўкі пройдуць праверку як на выкананне кваліфікацыйных нарматываў, так і на адпаведнасць рэкамендацыям МАК;

– пасля зацвярджэння заяўкі з боку МАК атлета абавяжуць прыпыніць удзел у любых нацыянальных спаборніцтвах і спыніць атрымліваць фінансавую і арганізацыйную падтрымку ад расійскіх спартыўных арганізацый;

– МАК прафінансуе толькі ўдзел спартсмена ў Аліміядзе, што ўключае ў сябе праезд, пражыванне, харчаванне. Выдаткі на ўдзел у кваліфікацыйных стартах, зборах, а таксама ўтрыманне штата трэнераў і спецыялістаў кладуцца на бок спартсмена.

Магчыма, прадстаўленыя ўмовы абмяркуюцца (ці нават прымуцца) на бліжэйшым пасяджэнні выканкама МАК (20-22 чэрвеня) і пазачарговай сесіі МАК (22 чэрвеня).

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту. 28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.