Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Нкунку – адзін з найлепшых футбалістаў свету проста зараз. 35+20 у мінулым сезоне, летам пяройдзе ў «Чэлсі»

Нкунку – адзін з найлепшых футбалістаў свету проста зараз. 35+20 у мінулым сезоне, летам пяройдзе ў «Чэлсі»

Своечасова збег з «ПСЖ».

3 лістапада 2022, 20:33
Нкунку – адзін з найлепшых футбалістаў свету проста зараз. 35+20 у мінулым сезоне, летам пяройдзе ў «Чэлсі»

Крыстафер Нкунку – адзін з найлепшых гульцоў у еўрапейскім футболе ад пачатку мінулага сезона. Яго фантастычная гульня і шалёная статыстыка не засталіся незаўважанымі: ён, здаецца, гуляе свой апошні сезон у нямецкiм «Лейпцыгу» і летам пяройдзе ў «Чэлсі».

Нкунку – выхаванец «ПСЖ», гуляў з Неймарам і Мбапэ, але застаўся ў цені зоркавых футбалістаў

Нкунку – адзін з самых крутых выхаванцаў акадэміі «Пары Сен-Жэрмен» у еўрапейскім футболе. Ён прайшоў усе ўзроставыя групы, топава праявіў сябе ў юнацкай Лізе чэмпіёнаў і дэбютаваў за асноўную каманду ў матчы ЛЧ супраць данецкага «Шахцёра» ў канцы 2015-га.

У тым жа сезоне Ларан Блан пачаў падцягваць маладога француза да матчаў у чэмпіянаце Францыі, а Унаі Эмеры працягнуў справу свайго папярэдніка ў наступным годзе. Нкунку стаў паўнавартасным футбалістам асноўнай каманды «ПСЖ» у сезоне 2017/18, калі адыграў 27 матчаў, у якіх адзначыўся 5 мячамі і меў практычна ідэнтычныя паказчыкі ў наступным сезоне.

Талент футбаліста адзначаўся, але ён не меў нават пастаяннай пазіцыі на полі, таму выконваў абавязкі васьмёркі і дзясяткі ў цэнтры, гуляў на абодвух флангах паўабароны і атакі, быў і адцягнутай дзявяткай, а аднойчы нават правёў 90 хвілін на пазіцыі правага абаронцы.

Такая сітуацыя склалася з-за высокай канкурэнцыі ў тады яшчэ не самым зорным складзе парыжан. У цэнтры поля звычайна гулялі тры футбалісты – Вераці ў апорнай зоне і Раб’ё з Дракслерам (або Пасторэ) трошачкі вышэй. «Вольнаму мастаку» Нкунку проста не было месца ў старце, асабліва з улікам таго, што за аснову ў тройцы атакі, дзе Крыстафер з задавальненнем згуляў бы, змагаліся Мбапэ, Неймар, Ды Марыя і тады яшчэ праймавы Кавані.

Улетку 2019-га Нкунку вырашыў пакінуць Парыж і перабраўся ў Германію – «Лейпцыг» набыў яго за 13 млн еўра.

Нкунку адразу стаў топам у «Лейпцыгу»: 15 асістаў у першым жа сезоне, больш за 100 выніковых дзеянняў у 150 матчах за клуб

Француз не імгненна стаў асноўным футбалістам нямецкага клуба, але ўжо ў першым сезоне ў Бундэслізе 21 раз выходзіў у старце і 11 разоў з'яўляўся на полі на замену.

Усяго ў 32 матчах чэмпіянату Нкунку запісаў на свой рахунак 20 выніковых дзеянняў – забіў 5 мячоў і аддаў 15 галявых перадач (больш было толькі ў Джэйдана Санча і Томаса Мюлера). Толькі за адзін сезон трансферны кошт Нкунку вырас на 20 млн еўра, а футбольная Германія загаварыла пра новую зорку Бундэслігі.

Акрамя перамог на персанальным узроўні, 21-гадовы француз дапамог «Лейпцыгу» фінішаваць трэцім у чэмпіянаце і дасягнуць паўфіналу Лігі чэмпіёнаў, у якім нямецкі клуб саступіў «ПСЖ» 0:3 (там быў адзiн матч з-за пандэмii).

Наступны год стаў менш выніковым, але не менш важным для Нкунку. Крыстафер прапусціў некалькі тыдняў праз траўму, але нават гэта не перашкодзіла яму зрабіць 7+11 ва ўсіх турнірах. Калі той сезон не вельмі атрымаўся па індывідуальных паказчыках, то камандна «быкі» сталі другімі ў Бундэслізе і маглі ўзяць Кубак Германіі, але прайгралі «Дортмунду» ў фінале 1:4.

Сезон 2021/22 стаў рэкордным для Нкунку ў плане выніковасці. Крыстафер «маўчаў» на працягу пяці матчаў у чэмпіянаце Германіі, але адгрузіў хет-трык у браму «Сіці» на «Этыхадзе» – і пасля гэтага яго прарвала. Ён упершыню сур'ёзна зарэкамендаваў сябе ў ЛЧ (7+2 у шасці матчах), стаў галоўнай прычынай, чаму «Лейпцыг» дайшоў да паўфіналу ЛЕ (дубль у вароты «Аталанты» ў 1/4 стаў пераможным), а статыстыка ў Бундэслізе і да гэтага часу ўражвае – 20 галоў і 15 галявых перадач.

У той жа кампаніі Нкунку выйграў першы трафей з «Лейпцыгам» – узяў Кубак Германіі. Крыстафер выратаваў каманду ў фінале ад паражэння, зраўняўшы лік у матчы з «Фрайбургам», а потым яшчэ і вызначыўся ў пераможнай серыі пенальці. Француз стаў найлепшым футбалістам турніру, забіўшы 4 мячы і зрабіўшы 3 асісты.

Бягучы сезон Крыстафер пачаў вельмі ўдала – на яго рахунку ўжо 10 галоў (і 1 галявая перадача) у 14 гульнях, а ў Бундэслізе і ЛЧ ён адыграў 90 хвілін ва ўсіх магчымых матчах.

Цяпер яго трансферны кошт складае 80 млн еўра, ён другі (разам з Джамалам Мусіалам) самы дарагі футбаліст Бундэслігі. Наперадзе –толькі Джуд Белiнгем з дортмундскай «Барусіі».

Нкунку ўжо падпісаў папярэдняе пагадненне з «Чэлсі». Лонданскі клуб заплаціць больш за 60 млн еўра

The Athletic сцвярджае, што «Чэлсі» ўжо дамовіўся пра трансфер Крыстафера наступным летам.

У ліпені француз працягнуў кантракт з «Лейпцыгам» да 2026-га, з тых часоў у пагадненні ёсць пункт пра суму адступных у памеры 60 млн еўра. Цікава, што гэты пункт уступiць у дзеянне летам 2023-га, але «Чэлсі» вырашыў пачаць перамовы задоўга да гэтага. Паведамляецца, што лонданцы вырашылі заплаціць больш, чым складае клаўсула Нкунку, каб пазбегнуць канкурэнцыі.

Акрамя «Чэлсі», футбалістам цікавіліся «Баварыя» і шэраг клубаў АПЛ, а «Рэал» уважліва назіраў за яго развіццём і планаваў запрасіць пасля няўдачы з трансферам Мбапэ.

Фота: Panoramic/Global Look Press, Roger Petzsche, Julius Frick/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты