Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Бразілія ідзе з пераможнай серыяй і вязе на ЧС топавы склад. Але шанцы на шосты тытул няпэўныя – усё праз сетку турніру

Бразілія ідзе з пераможнай серыяй і вязе на ЧС топавы склад. Але шанцы на шосты тытул няпэўныя – усё праз сетку турніру

Напэўна, апошняя магчымасць для Неймара ўвайсці ў клуб Пеле і Раналда.

18 лістапада 2022, 18:25
Бразілія ідзе з пераможнай серыяй і вязе на ЧС топавы склад. Але шанцы на шосты тытул няпэўныя – усё праз сетку турніру

Tribuna.com распавядае, з чым топавыя зборныя падыходзяць да ЧС-2022: хто трапіў у заяўку, страты каманд, моцныя бак, прагноз выступ. Па спасылцы нiжэй – выпуск пра немцаў.

Цяпер – Бразілія.

Заяўка Бразіліі на ЧС-2022

Спіс гульцоў «пенаткампеонаў» на любы вялікі турнір – гэта заўсёды набор зорак з еўрапейскіх топ-клубаў, разбаўленыя некалькімі звышкрутымі прадстаўнікамі хатняга чэмпіянату. З такіх у Катар Тытэ ўзяў варатара Уэвертана з «Палмейраса», паўабаронцу Эвертана Рыбейра і форварда Педра з «Фламенга». Для шматлікіх еўрапейскіх заўзятараў было нечакана ўбачыць прозвішчы гэтых гульцоў, а не якіх-небудзь прадстаўнікоў топ-ліг.

Напрыклад, у зяўцы няма Раберта Фірміна. «Ліверпуль» праваліў першую трэць сезону, але бразілец – адна з невялікіх светлых плям у складзе мерсісайдцаў (9+4). Не меншае здзіўленне выклікала адсутнасць цэнтральнага абаронцы Габрыэля з «Арсенала». У гэтым сезоне «кананіры» прапусцілі ўсяго 12 мячоў у 20 матчах, калі бразілец быў на полі. Няўжо такі гулец быў бы лішнім для каманды ў Катары? Да іншых кандыдатаў пытанняў менш: Габігол, Эмерсан Роял, Дуглас Луіс, Лоды, Кунья ці Каўцінья не гулялі настолькі добра, каб лічыць іх адсутнасць у заяўцы несправядлівасцю.

З цікавага трэба адзначыць 39-гадовага правага абаронцу – легендарнага Дані Алвеса. Нягледзячы на ўзрост, Тытэ ўзяў ветэрана, прычым зусім не факт, што для ролі чалавека ў раздзявальні. Алвес выходзіў у стартавым складзе ў 5 з 8 матчаў Бразіліі з гэтым годзе. Улетку абаронца быў без клуба, потым падпісаў кантракт з мексіканскім «Пумасам», дзе гуляе цэнтральнага паўабаронцу. Але ў зборнай мы бачым Дані на звыклым правым фланзе.

Агулам гэты чэмпіянат свету стане першым ажно для 16 гульцоў з заяўкі Тытэ. Тым не менш, спіс усё роўна выглядае даволі грунтоўна.

Цудоўна прайшлі кваліфікацыю, выйгралі 7 апошніх матчаў

Бразілія першай з паўднёваамерыканскіх зборных кваліфікавалася на ЧС-2022 – за пяць тураў да канца. Упершыню з адбору на чэмпіянат свету-1990 бразільцы не прайгралі ніводнага разу. У 17 матчах у іх 14 перамог і 3 нічыіх, 40 забітых (лепш было толькі ў папярэднім адборы – 41) і ўсяго толькі 5 прапушчаных (найлепшы вынік у гісторыі адбораў для каманды).

Усяго ж «пентакампеоны» не прайграюць ужо паўтара года – трымаюцца пасля няўдачы ў фінале Кубка Амерыкі-2021 супраць Аргентыны. На дадзены момант яны маюць серыю з 7 запар пераможных матчаў, але тут трэба лічыць і ўзровень супернікаў – Парагвай, Чылі, Балівія, Паўднёвая Карэя, Японія, Гана, Туніс.

Калі ж глядзець на матчы бразільцаў супраць роўных ім камандаў, дык з моманту заканчэння ЧС-2018 у іх былі перамогі над Уругваем 1:0, 2:0 і 4:1, перамогі над аргентынцамі 1:0 і 2:0, а таксама дзве паразы па 0:1 ад той жа Аргентыны. Складана прагназаваць, што будзе з «пентакампеонамі» на больш позніх стадыях ЧС, калі слабых супернікаў не застанецца.

Галоўны козыр – Вінісіус

Спчатку хацелася назваць галоўным козырам усю атаку бразільцаў, але гэта было б занадта проста. А калі трэба ўсё ж такі выбраць кагосьці аднаго з гульцоў, дык няхай гэта будзе Вінісіус Жуніяр. Да ўзроўню прызнання і ўплыву Неймара яму яшчэ далёка, але ў чыста гульнявым плане вінгер «Реала» ўжо даволі блізкі да зоркі «ПСЖ». 22-гадовы бразілец зрабіў 22+20 у мінулым сезоне і 10+5 у гэтым за «Рэал». Перад паўзай на ЧС стала вядома, што яшчэ ўлетку Вінісіус атрымаў новы кантракт з мадрыдцамі – ажно да лета 2027-га. Цалкам заслужана.

Рэгулярна за нацыянальную каманду ён пачаў гуляць толькі паўтара года таму. За гэты час у яго атрымалася правесці 16 гульняў, а рэзультатыўных дзеянняў – толькі адно. I складана ўвогуле ўспомніць матч, калі Віні феерыў бы ў жоўтай цішотцы. Калі-нікалі складаецца пачуццё, што ў матчах за зборную ён уключае рэжым эканоміі энергіі.

Але ў Катары ён дакладна будзе матываваны, у гэтым можна не сумнявацца. Гэты ЧС можа стаць момантам, калі Вінісіус нарэшце ўвойдзе ў спіс гульцоў экстра-класу. Яго максімум мы бачым ужо на працягу двух сезонаў – ён футбаліст, які адным забегам можа пераламiць гульню. Настаў час, каб паказаць гэта на роўных зборных. Хаця некаторыя прагназуюць, што ён пачне турнір з лаўкі запасных, але штосьці падказвае, што Тытэ ўсё ж такі выкарыстуе такога гульца з першых хвілін, нягледзячы на тое, што Віні яшчэ не загуляў у нацыянальнай камандзе.

«Мы ўжо пачалі адчуваць атмасферу чэмпіянату. Які цудоўны момант! Давайце разам здзейснім падарожжа ў паляванні за шостым тытулам і радасцю для нашага народу», – напісаў Вінісіус у Twitter некалькі дзён таму.

Але маладой зорцы трэба быць асцярожным. У гэтым сезоне на ім фалілі часцей, чым на іншых гульцах топ-5 ліг Еўропы – ажно 48 разоў. Часам складана знайсці іншы спосаб спыніць аднаго з найхутчэйшых гульцоў свету. У нядаўнім матчы супраць «Рая Вальекана» ён атрымаў балючы ўдар у калена, але, на шчасце для яго, усё абышлося. Ён дакладна будзе мішэнню для супернікаў і на ЧС, хаця дакладна не адзінай у сладзе Бразіліі.

Арыенціровачны склад: Неймар у ролі атакуючага паўабаронцы, гнуткасць у цэнтры поля

Выбіраць стартавы склад Бразіліі – адно задавальненне. На кожнай пазіцыі ёсць топавыя гульцы, нават калі хтосьці траўміруецца, большасці са складу можна знайсці амаль раўнацэнную замену. Гуляць будуць бразільцы, хутчэй за ўсё, па схеме 4-2-3-1, хаця на працягу года нагульвалі і іншыя варыянты: 4-3-3, 4-4-2, іх таксама не адкідваем.

Бразілія крутая ўжо на варатарскай пазіцы – Алісан і Эдэрсан ўваходзяць у пяцёрку лепшых у свеце. Асноўным на будучым турніры будзе кіпер «Ліверпуля». Эдэрсан меў серыю з трох запар матчаў за зборную ў 2021-м, але гэта было выключэнне з правілаў. Цікава, што абодва – самыя вынiковыя варатары апошніх сезонаў у топ-лігах. У кіпера «Сіці» 4 асісты ў апошніх пяці сезонах, а ў яго калегі з «Ліверпуля» 3 асісты і 1 гол!

У абароне няма інтрыгі ў барацьбе за месцы ў цэнтры – там жалезна згуляюць Тыяга Сілва і Маркіньяс. Брэмер і Мілітаа ляцяць у Катар выключна ў ролі запасных. А вось на флангах крыху цікавей. Злева можа згуляць Алекс Сандра, але, хутчэй за ўсё, у аснове мы пабачым Алекса Тэлеса. На правым флангу многім хацелася б бачыць Дані Алвеса, але мы прагназуем, што турнір на гэтай пазіцыі пачне Даніла, а калі ў яго будуць праблемы, то ветэран хутка яго заменіць.

Сярэдзіна поля будзе зацэментавана намаганнямі Каземіра і, хутчэй за ўсё, Фрэда. Манчэстэрская звязка часцей за ўсё выходзіць у старце пры расстаноўцы з двума паўабаронцамі пад Неймарам. Але калі камандзе па ходзе матча давядзецца актыўней ісці наперад, трохкутнік у цэнтры поля перагортваецца – тады можа выйсці Лукас Пакета, а Фрэд падымецца вышэй у пару да яго. Альбо замест Фрэда з'явіцца Бруна Гімараэс, у якога 4 рэзультатыўныя дзеянні за 130 хвілін у 5 апошніх матчах за зборную. Каземіра ж мае топавую альтэрнатыву – Фабінья.

Неймар з часу мінулага ЧС згуляў за зборную ажно на чатырох пазіцыях, прычым на кожнай прыблізна аднолькавую колькасць матчаў. Раней ён асацыяваўся выключна з роляй левага вінгера, але цяпер у зборнай можа згуляць і цэнтрфорварда, і выцягнутага нападаючага, і атакуючага паўабаронцу. ЧС-2022 ён, хутчэй за ўсё, пачне ў ролі сувязнога між Рышарлісанам і цэнтрам паўабароны.

Так, мы аддаем месца на краі ў аснове менавіта футбалісту «Тотэнхэма». Ён шыкоўна адчувае сябе ў гэтай ролі ў зборнай – 6+2 у пяці матчах сёлета. Габрыэль Жэзус мог бы стаць небяспечным канкурэнтам для Рышарлісана, калі б ЧС праходзіў у жніўні ці верасні, але пасля яскравага старту форвард «Арсенала» крыху знізіў абароты. У зборнай на яго рахунку толькі адзін гол за апошнія два гады. Яшчэ адным канкурэнтам, але таксама не надта грозным, будзе Педра з «Фламенга». У яго ўсяго два матчы за зборную, але ўжо ёсць адзін гол.

Канкурэнцыі на флангах могуць пазайздросціць усе ўдзельнікі турніру. Злева будзе гуляць Вінісіус, а справа Рафінья. Замяніць іх могуць Антоні, Радрыга, Мартынелі. Прыгажосць.

Усе гэтыя гульцы будуць намагацца высока прэсінгаваць, што вельмі добра атрымліваецца ў зборнай Бразіліі апошнім часам.

Чаго чакаць ад Бразіліі на ЧС-2022

Пераможную мэту бразільцы ставяць перад кожным чэмпіянатам свету, але на гэты раз, калі паглядзець на склад, шанцы на поспех выглядаюць большымі, чым 4 гады таму. Не будзем спяшацца, але гэтая каманда шмат моцных бакоў. Пачнем з іх.

Тытэ вязе ў Катар цудова згуляную каманду, у якой ёсць здаровая канкурэнцыя. Гэта таксама дазваляе трэнеру быць гнуткім у залежнасці ад сітуацыі на полі або перадматчавых раскладаў – амаль пад кожную схему ён мае гульцоў топавага ўзроўню на сваіх пазіцыях. Ды і пераможная серыя, хаця і супраць сераднякоў, дадае плюсаў да псіхалогіі каманды.

Перашкодзіць бразільцам могуць тры рэчы. Першая – недаацэнка супернікаў. Другая – Неймар як цэнтр сусвету. Маючы такі склад, гуляць толькі праз Нея будзе вялікай памылкай. Але такога ў зборнай зараз не назіраецца. Неймар мае намер нарэшце выйграць ЧС (гэтага вельмі не хапае, каб яго лічылі хаця б набліжаным да Пеле і Раналда), таму сам павінен разумець, што гэта магчыма зрабіць толькі дзякуючы каманднай гульні.

Трэцяя рэч, самая сур'ёзная, – сетка турніру. Найбольш верагодныя сапернікi у 1/8 – Уругвай або Партугалія, што адразу няпроста. Пройдуць у чвэрцьфінал – там, хутчэй за ўсё, будзе нехта са спісу: Іспанія, Германія, Бельгія, Харватыя. У паўфінале варта чакаць у саперніках Нідэрланды ці Аргентыну. Калі выйдуць у фінал  праз такую сетку, то можна будзе вешаць на шыю залатыя медалі яшчэ да стартавага свістка (жарт, вядома, у 1950-м за гэта ўжо паплаціліся).

У любым выпадку, калі яны сапраўды хочуць увайсці ў гісторыю, то не павiнны баяцца нікога. Будзе цяжка, але шанцы на поспех, безумоўна, ёсць.

Прагноз: вылет у паўфінале і перамога ў матчы за 3-е месца

Фота: Richard Callis/Global Look Press; Global Look Press/Keystone Press Agency

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты