Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Бразілія разбіла Паўднёвую Карэю і зладзіла дыскатэку – танцавалі як у гульні, так і пасля галоў

Бразілія разбіла Паўднёвую Карэю і зладзіла дыскатэку – танцавалі як у гульні, так і пасля галоў

Карэйцы здолелі толькі забіць прыгожы гол прэстыжу.

6 снежня 2022, 19:27
Бразілія разбіла Паўднёвую Карэю і зладзіла дыскатэку – танцавалі як у гульні, так і пасля галоў

Яшчэ перад матчам галоўны трэнер Бразіліі Цітэ пацалаваў жонку на шчасце – і яно настала.

Святкаванне Бразіліі – цікавейшае за галы. І гэта мы пабачылі менш за палову загатовак на матч!

Яшчэ перад турнірам Рафінья прызнаўся, што у іх на кожны матч падрыхтавана па 10 танцаў для святкавання галоў. «Шчыра кажучы, да 10-га гола ў нас ужо падрыхтаваныя танцы. У нас ёсць каля 10 танцаў, падрыхтаваных для кожнага матча, адзін для першага [гола], адзін для другога, адзін для трэцяга… Калі мы заб'ем больш за 10, нам давядзецца пачынаць імправізаваць».

Першым забіў Вінісіус Жуніёр – станцаваў з Нэймарам, Лукасам Пакетам і Рафіньяй.

Неймар падвоіў перавагу з пенальці – адсвяткавалі той жа кампаніяй (але гэты танец, на жаль, не патрапіў у эфір).

Рышарлісан увогуле пабег танцаваць пасля свайго гола з галоўным трэнерам Цітэ і лаўкай запасных!

Завяршыў разгром Лукас Пакета – гэты станцаваў сам.

Танцы бразільскіх футбалістаў ужо былі ў цэнтры ўвагі гэтага сезона – праз тое, што Вінісіуса Жуніёра за іх назвалі «малпай». Тады легенда бразільскага футбола Пеле выразна патлумачыў падыход бразільцаў да гэтага: «Футбол - гэта радасць. Гэта танец, вечарынка. І хоць расізм усё яшчэ існуе, мы не дазволім яму перашкодзіць нашым усмешкам. Такім чынам мы будзем працягваць змагацца з ім, змагацца за наша права быць шчаслівымі».

• Адзначым таксама Паўднёвую Карэю: Пайк Сын Хо на 76-й пасля розыгрышу штрафнога ўдару забіў шыкоўны мяч здалёк. Алісан прапусціў свой першы гол, але карэйцам было не да танцаў.

Бразілія не проста танцавала – яшчэ і біла рэкорды

• Бразілія канчаткова абагнала Германію па галах на ЧС у гісторыі. Перад матчам у абедзвюх каманд было па 232 галы, цяпер бразільцы ўжо маюць 236.

• Толькі другі раз у гісторыі Бразілія забіла 4 галы за першы тайм матча ЧС. Упершыню гэта адбылося з Мексікай у 1954-м.

• Нэймар стаў толькі трэцім гульцом у гісторыі Бразіліі, які забіваў на трох розных ЧС. Цяпер ён складае кампанію Раналда і Пеле.

• Тыягу Сілва стаў найстарэйшым аўтарам асіста ў гісторыі ЧС (38 гадоў 74 дні) – абышоў камерунца Ражэ Мілу, які ў 1990-м аддаў галявы пас у 38 гадоў 42 дні.

• Рышарлісан ужо забіў больш галоў на ЧС, чым Раналдзіньё – 3 супраць 2.

• Нэймару засталося забіць адзін мяч, каб дагнаць рэкорд Пеле па галах за Бразілію.

• Яшчэ адзін рэкорд – Бразілія задзейнічала на гэтым ЧС усіх 26 футбалістаў. На 80-й хвіліне Алісана замяніў трэці брамнік каманды Вевертан. Бразілія стала першай у гісторыі, хто задзейнічаў усіх 26 гульцоў падчас турніру.

• Пасля матча Нэймар вынес банер з падтрымкай Пеле, які цяпер змагаецца за жыццё. Сфатаграфавалася ўся каманда – надзвычайна моцны жэст.

***

У чвэрцьфінале Бразілія згуляе з Харватыяй, якая раней у серыі пенальці прайшла Японію.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты