Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/«Астан Віла» – найлепшая каманда АПЛ у 2023-м. Яшчэ ў лістападзе была ля зоны вылету, зараз – прэтэндэнт на ЛЧ

«Астан Віла» – найлепшая каманда АПЛ у 2023-м. Яшчэ ў лістападзе была ля зоны вылету, зараз – прэтэндэнт на ЛЧ

Галоўная зорка – Олі Уоткінс, які натхніўся Кавані і Абамеянгам.

18 красавіка 2023, 18:11
«Астан Віла» – найлепшая каманда АПЛ у 2023-м. Яшчэ ў лістападзе была ля зоны вылету, зараз – прэтэндэнт на ЛЧ

Галоўная тэма ў англійскай прэм'ер-лізе гэтага сезона – лёс чэмпіёнства. «Арсенал» праводзіць фантастычную кампанію і ўпершыню за шмат гадоў прэтэндуе на тытул, але страты ачкоў у апошніх двух матчах могуць дорага каштаваць «кананірам» – «Ман Сіці», іх галоўны канкурэнт, працягвае перамагаць і дыхае ў спіну.

Яшчэ адна важная інтрыга – хто вылеціць з АПЛ. «Саўтгемптан», «Лестэр», «Нотынгем Форэст», «Эвертан», «Лідс», «Вэст Хэм» і «Борнмут» працягваюць удзельнічаць у барацьбе за выжыванне, а каманды ў зоне вылету мяняюцца ледзь не штотыдзень.

За гэтым усім некалькі незаўважаным застаецца поспех «Астан Вілы». Бірмінгемскі клуб ні разу не прайграў у апошніх васьмі матчах чэмпіянату, а ў табліцы займае зараз шостае месца (да зоны Лігі чэмпіёнаў – усяго 6 ачкоў). Унаі Эмеры ў лістападзе мінулага года замяніў Стывена Джэрарда і ператварыў каманду з бледнага серадняка ў сур'ёзнага прэтэндэнта не проста на еўракубкі, але і на ЛЧ.

«Астан Віла» – найлепшая каманда АПЛ у 2023-м

Толькі адчуйце розніцу: калі Унаі Эмеры прыняў «Астан Вілу» 1 лістапада 2022-га, тая знаходзілася на 16-м месцы ў табліцы АПЛ з адрывам ад зоны вылету ўсяго на адно ачко. Цяпер, праз 5,5 месяцаў, бірмінгемцы – у зоне еўракубкаў, а да зоны ЛЧ усяго 6 пунктаў.

Іспанскі спецыяліст у чарговы раз даказаў, што можа перавярнуць усё з ног на галаву з любой камандай. Калі шэраг тытулаў, якія Эмеры выйграў у «ПСЖ», маючы зорны склад і неабмежаваныя фінансы, не моцна дзівяць фанатаў, то лепш за ўсё яго характарызуюць перамогі ў Лізе Еўропы (тры на чале «Севільі», адна ў якасці трэнера «Вільярэала»).

Зрэшты, тое, што ён робіць зараз з «Астан Вілай» – таксама сур'ёзнае дасягненне. Апошні раз клуб фінішаваў у топ-10 прэм'ер-лігі яшчэ ў сезоне 2010/11 пад кіраўніцтвам Жэрара Улье, а апошняе з'яўленне ў еўракубках было ў розыгрышы 2008/09. Так, гэты сезон усё яшчэ працягваецца і можа адбыцца што заўгодна, але тое, што ў каманды зусім іншая аблічча, – факт.

Першыя чатыры матчы ў АПЛ для Эмеры былі сапраўдным выклікам, аднак у сустрэчах з «МЮ», «Брайтанам», «Ліверпулем» і «Тотэнхэмам» каманда ўзяла 9 ачкоў (прайгралі толькі мерсісайдцам 1:3). Палепшыць пазіцыю ў турнірнай табліцы ўдалося дзякуючы наступным перамогам над «Лідсам» і «Саўтгемптанам».

У лютым «віланы» перажылі няўдалы перыяд, калі саступілі ў трох матчах запар («Лестэру», «Сіці» і «Арсеналу»), але пасля правялі найлепшую серыю сярод усіх клубаў еўрапейскіх топ-чэмпіянатаў – узялі 22 з 24 магчымых ачкоў у апошніх 8 матчах.

Па дадзеных Understat, бірмінгемцы – адны з лідараў АПЛ па оверперформансу гэтага сезона. Перад матчам з «Ньюкаслам» у «Вілы» было 30 забітых мячоў пад кіраўніцтвам Эмеры, а xG каманды за гэты ж перыяд складаў усяго 22,19. Падобная сітуацыя з прапушчанымі галамі: прапусцілі 20, а чаканая колькасць прапушчаных мячоў складала 26. Усё гэта ўвасабляецца і ў колькасці набраных ачкоў пад кіраўніцтвам іспанца – узялі 35, а xPts складае ўсяго 22,81.

Праўда, гэта зусім не азначае, што каманда не заслугоўвае знаходзіцца там, дзе знаходзіцца цяпер. «Арсенал», напрыклад, таксама набраў на 12 ачкоў больш, чым складае паказчык xPts, але гэта не значыць, што яны не заслужылі быць на вяршыні турнірнай табліцы.

Уся справа ў тым, што адна з галоўных рыс Эмеры – выціскаць максімум з наяўных футбалістаў. Ужо зімой было нямала чутак пра масавую міграцыю іспанцаў у «Вілу», аднак клуб здзейсніў усяго два трансферы. Алекс Марэна стаў асноўным левым абаронцам, а Джон Дуран прыехаў ствараць канкурэнцыю Олі Уоткінсу на фоне сыходу Дэні Інгза.

У гэты ж час многія падапечныя Унаі сталі значна палепшанай версіяй сябе саміх. Па даных The Athletic, іспанец вельмі часта мае зносіны з футбалістамі сам-на-сам і мае пастаянны дыялог з трэнерскім штабам у адносінах да сваіх гульцоў.

Менавіта такім чынам, напрыклад, удалося супакоіць Эміліяна Марцінеса, які на хайпе прыехаў з пераможнага чэмпіянату свету (зараз – галкіпер з найбольшай колькасцю кліншытаў у АПЛ у 2023-м). Тайран Мінгз ператварыўся ў аднаго з найлепшых цэнтрбекаў АПЛ (31-мільённае набыццё, Дыега Карлас, аднавіўся ад траўмы, але ўжо шэсць матчаў сядзіць у запасе), Дуглас Луіс пачаў не толькі забяспечваць парадак у цэнтры поля, але і адзначацца рэзультатыўнымі дзеяннямі, а Эміліяна Буэндыя здабыў упэўненасць і стаў сапраўдным лідарам наперадзе.

Немагчыма не адзначыць прагрэс 21-гадовага Джэйкаба Рэмзі, Бертран Траарэ вярнуўся з арэнды з Турцыі і ўжо забіў два мячы ў чатырох матчах, а Эшлі Янг, якому сёлета споўніцца 38, перажывае другую маладосць.

На жаль, мала што можна сказаць пра Філіпэ Каўтынью. Бразілец гуляў часцей пад кіраўніцтвам Джэрарда, але ў Эмеры страціў месца ў старце. Апошнія некалькі матчаў ён прапусціў праз траўму і, верагодна, будзе шукаць новы клуб улетку. У гэтым сезоне ён вызначыўся толькі адным голам у 22 матчах.

Аднак усё ж найвялікшым выгадаатрымальнікам ад прызначэння Унаі галоўным трэнерам «Вілы» стаў нападаючы Олі Уоткінс.

Уоткінс – найрэзультатыўнейшы гулец АПЛ пасля ЧС. Эмеры ўпэўнены, што хутка ён вернецца ў зборную

Памятаеце, калі мы казалі, што Эмеры выціскае максімум са сваіх гульцоў? Уоткінс – выдатны прыклад. Пад кіраўніцтвам Джэрарда Олі забіў 2 мячы і зрабіў 2 асісты ў АПЛ, а пасля прызначэння Эмеры мае ўражлівыя 12+4, якія робяць яго найрэзультатыўнейшым футбалістам прэм'ер-лігі пасля паўзы на матчы чэмпіянату свету.

Галоўная праблема англійскага форварда палягала ў рэалізацыі момантаў. Часта яго xG перавышаў колькасць забітых мячоў, што можна было растлумачыць тым, як яго выкарыстоўваў Стыві Джы. Пад кіраўніцтвам Джэрарда Уоткінс вельмі шмат рухаўся на палове поля супернікаў, часта атакаваў з флангаў (мае вельмі добрую хуткасць) падчас контратак і радзей выходзіў на ўдарную пазіцыю. Эмеры ж літаральна зрабіў з яго таргетмэна – і гэта спрацавала.

Эмеры паказваў Уоткінсу відэа рухаў Эдынсана Кавані і П'ера-Эмерыка Абамеянга, з якімі працаваў раней, што моцна паўплывала на гульню Олі.

«Унаі навучыў мяне больш знаходзіцца ў штрафной плошчы суперніка, верыць, што мае моманты яшчэ з'явяцца і быць гатовым выкарыстоўваць іх. Цяпер я трымаю сваю пазіцыю і чакаю аднаклубнікаў замест таго, каб быць нецярплівым», – пракаментаваў сваю выніковасць форвард.

Цудоўная форма і статыстыка Уоткінса, якая паляпшаецца ці не штодня, прымушае Гарэта Саўтгейта задумацца пра выклік гульца ў нацыянальную зборную. У апошні раз ён гуляў за Англію ў сакавіку мінулага года, а шматлікія заўзятары засталіся незадаволеныя яго нявыклікам на папярэдні збор.

«Вядома, ён заслугоўваў атрымаць выклік у зборную. Але ў найбліжэйшыя месяцы або гады ён дакладна там будзе, я ўпэўнены», – падкрэсліў Эмеры пасля чарговага ігнаравання Саўтгейтам Уоткінса.

***

На сваёй першай прэс-канферэнцыі ў якасці трэнера «Вілы» Эмеры заявіў, што марыць выйграць з камандай тытул. Яго другая мара – патрапіць у еўракубкі. Выйграць трафей пакуль не ўдалося (каманда вылецела з Кубка Лігі і Кубка Англіі), аднак выхад ў еўракубкі сёння не здаецца такім нерэальным, як тады, калі пра гэта казалася ўпершыню.

Фота: Catherine Ivill/Global Look Press, Neville Williams/Aston Villa FC

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты