Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У Д2 можа з'явіцца каманда з Доўбізна: гуляе ля кукурузнага поля, эпічны туалетны кадр адтуль, у галоўнага бамбардзіра 50 мячоў за сезон

У Д2 можа з'явіцца каманда з Доўбізна: гуляе ля кукурузнага поля, эпічны туалетны кадр адтуль, у галоўнага бамбардзіра 50 мячоў за сезон

Ведаеце, дзе гэта?

Аўтар — bytribuna com
10 лістапада 2022, 07:00
2
У Д2 можа з'явіцца каманда з Доўбізна: гуляе ля кукурузнага поля, эпічны туалетны кадр адтуль, у галоўнага бамбардзіра 50 мячоў за сезон

Пра тое, як «Крумкачы» і «Ніва» выходзілі ў фінал плэй-оф другой лігі, мы ўжо расказвалі: лёс абодвух паўфінальных супрацьстаянняў вырашыўся ў дададзены час.

Пра тое, хто такія «Крумкачы», большасць ужо выдатна ведае, а вось пра другога фіналіста распавядалі не так шмат. Вось што за каманда ўжо забяспечыла сабе месца ў Д2 на наступны сезон.

Прыгранічны аграгарадок на 300 чалавек

Камандай з пасёлку першую лігу не здзівіць: у 90-х там гулялі «Сантанас» з Самахвалавічаў, крыху пазней «Чысць» з-пад Маладзечна (а пазней як «Андэрдог») і «Палессе» з Казянкоў, а ўжо ў 2010-х некалькі сезонаў правёў «Рудзенск». Ну а «Гарадзея» ўвогуле дайшла да «вышкі», дзе правяла пяць грунтоўных сезонаў. Але «Ніва» прадстаўляе куды меншы населены пункт нават у параўнанні з вышэй пералічанымі: у Доўбізне з Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці жыве ўсяго 300 чалавек - у 12 разоў менш, чым у той жа Гарадзеі.

Доўбізна знаходзіцца ўсяго за 10 кіламетраў ад памежпераходу «Пясчатка», што на беларуска-польскай мяжы, а галоўным прадпрыемствам пасёлка з'яўляецца ААТ «АграНіва», якое вырабляе сельскагаспадарчую прадукцыю. Яно і спансуе футбольную каманду.

Гуляюць на мініятурным стадыёне ў кукурузным полі

У каманды з сельскагаспадарчага пасёлка і арэна адпаведная. У гэтым годзе на стадыёне «Ніва» ўсталявалі 160 пластыкавых сядзенняў, а таксама ўзвялі невялікі адміністрацыйны будынак з распранальнямі для каманд і судзейскім пакоем.

Да гэтага трыбунамі служылі драўляныя лавы (у некаторых месцах яны яшчэ захаваліся), пераапранацца даводзілася на месцах для запасных, а мыліся пасля матчаў гульцы на вуліцы каля поля пад цыстэрнай.

Пераапранацца і мыцца яшчэ можна было ў лазні, але тая знаходзіцца ў 300 метрах ад стадыёна, таму многія туды не дабіраліся. А яшчэ стадыён у Доўбізне падарыў нам, мабыць, самы каларытны кадр у белфутболе за апошнія некалькі гадоў.

Туалеты, праўда, у гэтым сезоне прыкрылі металічным плотам.

Прыкладна такі ж плот аддзяляе стадыён ад кукурузнага поля.

Пры гэтым дырэктар ААТ «АграНіва» і па сумяшчальніцтве кіраўнік клуба Віктар Бобр адзначае, што гуляць у Доўбізне - прынцыповы для клуба, таму варыянты са стадыёнамі ў Камянцы і Брэсце ў выпадку, заяўкі ў Д2 не разглядаюцца, а вось над мадэрнізацыяй дзейнага стадыёна ўжо сур'ёзна разважаюць. Можа, праз пару гадоў у аграгарадку з'явіцца ўтульная арэна па прыкладзе Гарадзеі?

Адметна, што паўфінальную хатнюю сустрэчу супраць «Партызана» наведалі 240 чалавек - статыстычна 80% мясцовага насельніцтва.

Галоўны забівала каманды ўжо мае паўсотні мячоў за сезон

12 матчаў «Нівы» з 20 скончыліся для яе супернікаў разгромам. Асабліва дасталася «Драгічыну» яшчэ на рэгіянальным этапе (16:2) і гарадзенскаму «Нёман-Белкарду» ўжо ў 1/4 фіналу плэй-оф - пасля выязной перамогі з лікам 9:1 каманда з Доўбізна забіла 14 (!) галоў падчас другой сустрэчы.

І Драгічыну, і Гродна па дзесяць галоў у адным матчы (у футболе гэта называецца дэка-трык) аформіў выхаванец брэсцкага «Дынама» Павел Пампуха.

То-бок за два паядынкі 27-гадовы форвард забіў 20 (!) мячоў.

Усяго ж за сезон ён ужо настраляў 50 галоў: 49 у чэмпіянаце і яшчэ адзін у Кубку. Праўда, да рэкорду дывізіёна бамбардзір наўрад ці дабярэцца: каб абысці леташнія 59 мячоў у выкананні Аляксея Хадневіча з «Астраўца», нават дэка-трыка ў фінале будзе недастаткова.

У сярэдзіне 2010-х Пампуха правёў 7 матчаў у «вышцы» за роднае «Дынама», ненадоўга з'ездзіў у польскі мінор, ну а самы яркі адрэзак правёў у «Руху», якому за два гады дапамог падняцца з Д3 у Д1 (26 галоў у 50 матчах) - праўда, у галоўным дывізіёне за каманду ён не згуляў.

Акрамя Пампухі ў эліце засвяціліся яшчэ некалькі гульцоў «Нівы». Барыс Коневега ў тым жа брэсцкім «Дынама» нагуляў 43 матчы, ветэран Віктар Трацук у пачатку 2000-х гуляў у Мазыры і Брэсце (48 паядынкаў у «вышцы»), Раман Козел мае 12 матчаў за « Крумкачы» ў апошні іхні сезон у Д1, а Раман Хаваўка і Арцём Дзямкоў на дваіх правялі 4 матчы за «Дынама» Брэст.

На наступны дзень пасля выхаду ў фінал Д3 прабіліся ў 1/8 фіналу Кубка па міні-футболе

На наступны дзень пасля перамогі над салігорскім «Партызанам» у плей-оф і выхаду ў фінал Д3 па вялікім футболе «Ніва» згуляла ў 1/16 фіналу Кубка Беларусі па міні-футболе. Каманда з Доўбізна без праблем разабралася з наваполацкім «Ізумруд-Нафтанам» 12:3 і выйшла ў 1/8.

У гэтым паядынку ўдзельнічалі вое гульцоў, якія гулялі за суткі да гэтага ў Салігорску: капітан каманды абаронца Павел Прыко і хаўбек Дзмітрый Федарцоў.

Фота: football.by, 1pinsk.by, vk.com/fcniva2005

Іншыя пасты блога

Усе пасты