Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/БАТЭ моцна рызыкуе: звёў двух лідараў «Дынама», забраў афрыканца з Гродна – а з грашыма ўсё зусім незразумела

БАТЭ моцна рызыкуе: звёў двух лідараў «Дынама», забраў афрыканца з Гродна – а з грашыма ўсё зусім незразумела

Анамальны пачатак міжсезоння.

Аўтар — bytribuna com
5 снежня 2022, 04:41
4
БАТЭ моцна рызыкуе: звёў двух лідараў «Дынама», забраў афрыканца з Гродна – а з грашыма ўсё зусім незразумела

Сезон-2022 толькі скончыўся, а Барысаў ужо пачаў працу на рынку. Усё гэта кантрастуе з тым, як БАТЭ вёў справы ў папярэднія гады: склад станавіўся слабейшым, а з новым галоўным трэнерам вызначаліся толькі пад новы год.

Верагодна, па-добраму агрэсіўныя паводзіны барысаўчан звязаныя з вяртаннем Кірыла Альшэўскага. Андрэю Капскаму ўсё ж удалося ўзгадніць камбэк трэнера ў канцы мінулага сезона. 40-гадовы спецыяліст не абмяжоўваецца трэніровачным працэсам і падрыхтоўкай каманды да матчаў, а фактычна ўзяў на сябе функцыі спартыўнага дырэктара.

Вынік мы бачым: у адрозненне ад іншых топ-клубаў краіны БАТЭ метадычна ўмацоўвае склад, але не ўсё так адназначна.

"Трыбуне" ўдалося даведацца падрабязнасці.

«Дынама» хацела захаваць Грачыху і Канцавога, але яны вырашылі ўз'яднацца з Альшэўскім

Нашыя крыніцы сцвярджаюць, што паўабаронцы мелі добрыя прапановы ад «Дынама», але выбралі фінансава больш сціплыя кантракты ў БАТЭ выключна праз фактар Альшэўскага, які знаёмы з футбалістамі па сумеснай працы ў «Руху» ў сезоне-2021.

Вядома, «Дынама», якое знаходзіцца пад кантролем так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука, магло ўключыць іншыя інструменты ў спробах утрымаць статусных гульцоў, але рабіць гэтага не стала. Паводле нашай інфармацыі, Дзяніс Грачыха і Арцём Канцавы маюць праблемы з дысцыплінай. Гэтую прычыну называюць асноўнай, чаму «Дынама» не пайшло да канца за двух маладых хаўбекаў зборнай Беларусі.

Магчыма, Альшэўскі палічыў, што зможа знайсці з гульцамі агульную мову. Абодва вельмі блізкія да пераходу ў БАТЭ. Пра гэта ў беларускай футбольнай супольнасці гавораць як пра факт.

Жымо - адзін з найлепшых крайніх абаронцаў мінулага сезону, яго падпісанне - вялікі поспех БАТЭ

Прычым івуарыец далучыўся да Барысава на правах свабоднага агента.

Жымо пагуляў за зборныя Кот-д'Івуара розных узростаў: юнацкую, моладзевую і дарослую, у складзе якой правёў сем матчаў.

За «Нёман» у абаронцы ў суме 42 матчы і 1+5.

Жымо - адзін з наймацнейшых фулбэкаў вышэйшай лігі па метрыках. Ім цікавіліся клубы за межамі Беларусі, але БАТЭ аказаўся спрытнейшы за ўсіх і атрымаў подпіс Шэрыфа.

Драгун застаецца, па Грамыку сітуацыя 50/50

Капітан БАТЭ не хаваў, што разважае над завяршэннем кар'еры, але зараз нашыя крыніцы сцвярджаюць, што Станіслаў затрымаецца яшчэ на сезон.

Характэрна, што Драгун пагадзіўся на меншыя ўмовы, чым тыя, якія ад "Дынама" адхіліў Сяргей Кісляк.

Няма сумневу, што менавіта ў БАТЭ Драгун завершыць кар'еру, але не зараз: дасведчаныя футбалісты патрэбныя камандзе ў вырашэнні задач у маючым адбыцца сезоне.

Таксама БАТЭ хоча падпісаць новы кантракт з Валерыем Грамыкам, але працэс на паўзе: прадстаўнікі футбаліста хочуць уладкаваць яго ў іншым чэмпіянаце.

Калі гэта не атрымаецца, Барысаў будзе для Грамыкі першым выбарам у Беларусі, нягледзячы на магчымае жаданне «Шахцёра» вярнуць гульца. Зрэшты, усе памятаюць, як завяршылася нядоўгая кар'ера паўабаронцы ў Салігорску.

А адкуль у БАТЭ грошы на такое маштабнае ўзмацненне?

Рэальных грошай няма. Як няма і дакладнага разумення, якім будзе бюджэт на новы сезон: колькі БАТЭ атрымае ад дзяржавы, колькі ад спонсараў, а колькі з продажу актываў.

Кіпрскаму "Арысу" цікавыя Андрэй Кудравец і Арцём Шуманскі. На галкіпера таксама прэтэндуе турэцкі "Каньяспор", а на атакуючага паўабаронцу - "Крылы Саветаў" з Расіі. Канкрэтныя прапановы, напэўна, будуць.

А яшчэ ў БАТЭ не супраць расстацца з Валерыем Бачаровым, але за правільную суму.

У Барысава наўрад ці атрымаецца зарабіць на трох футбалістах каля мільёна еўра, але нават калі фінальны чэк будзе крыху меншы - гэта ўжо прыстойны дадатак да іншых крыніц фінансавання.

Зрэшты, людзі з іншых клубаў паведамілі "Трыбуне", што БАТЭ задумаў небяспечную гульню. Ніхто пакуль не ведае, якім будзе ліміт па кантрактах у новым сезоне. Адпаведна, прапаноўваць цёплыя ўмовы зараз - небяспечна. А раптам яны не будуць адпавядаць новым абмежаванням па заработнай плаце?

Атрымліваецца цікавая сітуацыя: дэ-юрэ БАТЭ можа афіцыйна падпісаць і Грачыху, і Канцавога, але абодва футбалісты - дэ-факта - могуць не згуляць за "жоўта-сініх".

Так ці інакш, БАТЭ амбітна зайшоў у міжсезонне, а многія ўжо называюць Барысаў галоўным прэтэндэнтам на чэмпіёнства ў новым сезоне. Кірыл Альшэўскі - вялікі і важны фактар. Але ўсе мы ведаем, што ў белфутболе далёка не ўсё вырашаецца на футбольным полі.

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты