Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Легіянеры, у якіх не атрымалася ў БАТЭ. Напэўна вы нават не ўсіх іх помніце

Легіянеры, у якіх не атрымалася ў БАТЭ. Напэўна вы нават не ўсіх іх помніце

Кізіта, Ёнасэн, Лукас Алонса ды іншыя.

Аўтар — bytribuna com
24 траўня, 14:00
Легіянеры, у якіх не атрымалася ў БАТЭ. Напэўна вы нават не ўсіх іх помніце

Праз БАТЭ за чвэрць стагоддзя выступу ў вышэйшай лізе прайшла вялікая колькасць якасных легіянераў, якія ў розны час павышалі статус ЧБ: Мірка Іваніч, Неманя Мілунавіч, Марка Сіміч, Філіп Младэнавіч, Якаў і Аляксандар Філіпавічы, Анры Хагуш, Вілум Вілумсан - гэта далёка не поўны спіс. Але былі ў барысаўцаў і відавочныя правалы ў селекцыі: далёка не ўсе балканцы былі якаснымі, не ўдалося знайсці «новага Брэсана» ў Паўднёвай Амерыцы, таленты, якія згасалі, не здолелі перазапусціць кар'еру.

Расказваем пра самыя эпічныя замежныя промахі Барысава і пра тое, што пасля было з гэтымі людзьмі.

Дзмітрый Іваноў (Украіна), галкіпер

Колькі згуляў за БАТЭ: 0 матчаў (2009-2011 гг.)

У БАТЭ галкіпер прыехаў летам 2009-га з другой лігі Украіны, тады яму было ўсяго 19. За два гады ў клубе Дзмітрый не правёў на полі ні хвіліны ў складзе першай каманды, затое 18 разоў згуляў за дубль. Перашкаджалі сябе праявіць і траўмы, праз якія ў агульнай складанасці выпала больш за паўгода.

Дзе цяпер. Пасля двух гадоў у Барысаве вярнуўся ва Украіну, дзе выступаў выключна ў мінорных лігах. Бліжэй за ўсё дэбют ва УПЛ быў у сезоне-2018/19: Іваноў знаходзіўся ў складзе кіеўскага «Арсенала», які прабіўся ў элітны дывізіён, але за сезон ні разу за «кананіраў» так і не згуляў. Цяпер выступае за аматарскі клуб «Баварыя» з пасёлка Кажанка ў чэмпіянаце Кіеўскай вобласці.

Амір Натха (Расія), паўабаронца

Колькі згуляў за БАТЭ: 1 матч

Перад сезонам-2019 у Беларусь прыехаў 23-гадовы расійскі хаўбек з вельмі цікавым паслужным спісам: "Дружба" з Майкопа (Д3 Расіі), "Барселона" (гульні за каманду U-19 у юнацкай ЛЧ і некалькі трэнаванняў з асновай каталонцаў), моладзевыя склады ЦСКА, "Краснадара" і "Лакаматыва", а таксама адзін тайм у чэмпіянаце Румыніі. Да пераходу ў БАТЭ Натха мог апынуцца ў "Славіі", але тагачасны чэмпіён паўабаронцу перахапіў.

Аляксей Бага адвешваў Аміру кампліменты і называў яго «адназначным узмацненнем клуба», але за паўгода так ні разу і не выпусціў на поле ў вышэйшай лізе: практыку расіянін атрымліваў у дублі ў Кірылы Альшэўскага, дзе глядзеўся цалкам упэўнена, а свой адзіны матч за першую каманду правёў у Кубку супраць рэчыцкага «Спадарожніка». 60 хвілін тады нават хапіла для гола (адзнака 1:48).

У пачатку жніўня таго года Бага заявіў, што Натха не вытрымлівае канкурэнцыі, і неўзабаве гулец пакінуў БАТЭ. Ужо пасля сезону коуч прызнаваў: «Ён вельмі добра трэнаваўся, жыў інтарэсамі каманды. Але калі на гэтай жа пазіцыі гуляюць футбалісты зборных і з матча ў матч забіваюць важныя мячы, было залішне рызыкоўна ставіць у склад Натха. Можа быць, недзе мы не далі яму шанцу».

Дзе цяпер. З Барысаў Натха з'ехаў у Крым, дзе падпісаў кантракт з "Еўпаторыяй". Пасля паўгода на акупаваным Расіяй паўвостраве Амір перабраўся ў Эстонію: паўтара года правёў у «Ныме Калью» (цяпер там гуляе беларускі абаронца Міхаіл Бабічаў) і паўгода ў «Левадыі», з якой узяў чэмпіёнскі тытул.

У лютым мінулага года хаўбек вярнуўся ў Расію: паўгода выступаў за «Армавір» з чэмпіянату Краснадарскага краю, а наступныя тры месяцы правёў у хабараўскім СКА з Д2 - са студзеня гэтага года 26-гадовы Натха з'яўляецца свабодным агентам.

Мілаш Астойіч (Сербія), абаронца

Колькі згуляў за БАТЭ: 3 матчы

У БАТЭ 25-гадовы абаронца прыязджаў у статусе трохразовага чэмпіёна Сербіі ў складзе "Партызана", праўда, толькі аднавіўшыся пасля траўмы, праз якую прапусціў цэлы год. У Барысаве нічога страшнага ў гэтым не бачылі: Астойіч пачаў сезон у старце, правёўшы абодва чвэрцьфіналы Кубка з «Мінскам» - і нават адзначыўся голам, праўда, у свае вароты (што не перашкодзіла БАТЭ прайсці далей) (адзнака 4:04).

Аднак ужо на 19-й хвіліне гульні супраць «Гомеля» легіянер атрымаў сур'ёзную траўму і больш не выходзіў на поле ў форме «жоўта-сініх», у ліпені скасаваўшы кантракт.

Дзе цяпер. З Беларусі абаронца вярнуўся на Радзіму і ў далейшым адтуль з'яжджаў толькі раз - на паўгода ў латвійскую «Ліепаю» (выступаў там паміж перыядамі Дзмітрыя Молаша і Кірыла Альшэўскага). У Сербіі Астойіч пагуляў за "Напрэдак" і "Чукарычкі" (узяў з апошнімі бронзу чэмпіянату ў сезоне-2020/21). Апошнія два гады прадстаўляе "Спартак" з Субоціцы.

Маўра Лукас Алонса (Бразілія), паўабаронца

Колькі згуляў за БАТЭ: 3 матчы

Улетку 2010-га ў кампанію да Рэнана Брэсана, які за паўгода да таго прыехаў з «Гомеля», БАТЭ падпісаў паўабаронцу-ноўнэйма з глыбокага бразільскага мінора - да гэтага той некалькі тыдняў правёў у «Нёмане». За паўгода ў Барысаве гулец нічым не запомніўся: тры матчы за першую каманду (і 13 сустрэч за дубль), 0 галявых дзеянняў і лагічны ад'езд.

Дзе цяпер. З чэмпіянату Беларусі бразілец адправіўся ў чэмпіянат Літвы, дзе падпісаў кантракт з тамтэйшым чэмпіёнам "Экранасам". Лёсаванне тады як раз і звяло "Экранас" з БАТЭ ўжо ў другім раундзе кваліфікацыі ЛЧ - Алонса ўдзельнічаў у абодвух матчах, але далей прайшоў былы клуб (0:0, 1:3).

Пасля былі румынскі "Брашаў", лівійскі "Аль-Іціхад", балгарскі "Любімец" і партугальскі "Фамалікан", дзе футбаліст у 2016-м і завяршыў кар'еру. Маўра вярнуўся на Радзіму, але чым займаецца сёння, невядома - свае сацсеткі ён перастаў весці прыкладна тады ж, калі завязаў з футболам.

Майкон Каліжуры (Бразілія), форвард

Колькі згуляў за БАТЭ: 3 матчы

У адрозненне ад суайчынніка, 25-гадовы форвард да пераезду ў Барысаў быў ужо добра вядомы ў белфутболе: у сезоне-2009 у складзе «Гомеля» набіў 15 мячоў і стаў найлепшым бамбардзірам лігі, а іх дуэт з Брэсанам наводзіў жах на ўсіх абаронцаў турніру. Пасля ўдарнага сезона Майкона выкупіла польская "Ягелонія" прыкладна за 200 тысяч еўра. Праўда, загуляць за "чырвона-жоўтых" ён не здолеў: праз паўгода з'ехаў у арэнду ў "Пяст" з Д2, а перад стартам сезона-2012 яго на год пазычылі БАТЭ.

За Барысаў Каліжуры прыняў удзел толькі ў двух матчах чэмпіянату і выйшаў у канцоўцы Суперкубка, бегаючы ў асноўным за рэзервовую каманду (14 матчаў, 2 галы). Праявіць сябе перашкодзілі ў тым ліку траўмы: у адным з матчаў за дубль легіянер атрымаў пералом касцей ступні і вылецеў на некалькі месяцаў.

Дзе цяпер. Пасля арэнды вярнуўся ў «Ягелонію», але клубу з Беластока аказаўся не патрэбны - палякі скасавалі кантракт, і форвард на паўгода застаўся па-за футболам. Далей пачалося шасцігадовае падарожжа, за якое гулец паспеў змяніць сем клубаў у шасці краінах: ААЭ, глыбокі мінор Бразіліі, Тайланд, Камбоджа (стаў чэмпіёнам), М'янма (чэмпіёнства і Суперкубак) і Малайзія, дзе ў канцы 2019-га завяршыў кар'еру. Цяпер трэнуе дзяцей на Радзіме.

Джамалдзін Хаджаніязаў (Расія), абаронца

Колькі згуляў за БАТЭ: 4 матчы

У першай палове 2010-х ураджэнец Туркменістана лічыўся адным з галоўных праспектаў расійскага футбола: у траўні 2013-га ў складзе зборнай U-17 узяў залатыя медалі юнацкага Еўра, прычым быў адным з лідараў каманды, а ўжо праз пару месяцаў 16-гадовым дэбютаваў у складзе "Зеніта" ў РПЛ.

Праўда, замацавацца ў першай камандзе піцерцаў не ўдалося: спачатку была не вельмі прадуктыўная арэнда ў "Амкар", а ў жніўні 2015-га гульца аддалі ў дацкі "Орхус". Там Хаджаніязаў атрымліваў стабільную практыку, але пасля двух гадоў прыняў рашэнне вярнуцца ў Расію. Там ні ў піцерскім «Дынама», ні ў калінінградскай «Балтыцы», ні ў екацярынбургскім «Урале» стаць асноўным не здолеў. Не склалася і ў Барысаве, хаця спачатку Бага ў сезоне-2019 даваў гульнявы час, выпусціўшы на 90 хвілін супраць "Энергетыка-БДУ" (4:0) і "Славіі" (2:1). У Мазыры якраз усё і зламалася: ужо на трэцяй хвіліне легіянер прывёз неабавязковы пенальці, увогуле пакінуў за сабой сем адзінаборстваў з 11, аддаў толькі адну дакладную перадачу з флангу, а працэнт удалых асістаў не дасягнуў і 70 (адзнака 0:42).

Пасля той гульні абаронцу выпусцілі толькі ў кубкавых матчах супраць «Спадарожніка» і мінскага «Тарпеда», дзе абкочваўся найбліжэйшы рэзерв. У канцы жніўня стала вядома, што расіянін пакінуў клуб.

Дзе цяпер. З БАТЭ абаронца перайшоў у «Сумгаіт», дзе правёў наступныя тры гады. Там Хаджаніязаў на восем месяцаў аднавіў супрацу з Аляксеем Багам. Джамалдзін з'ехаў з Азербайджана за месяц да таго, як тое самае зрабіў трэнер: абаронца падпісаў кантракт з «Акронам» з расійскага Д2, дзе з'яўляецца гульцом стартавага складу.

Уільям Кізіта (Уганда), форвард

Колькі згуляў за БАТЭ: 4 матчы

Большая частка кар'еры ўраджэнца Уганды прайшла ў Партугаліі: у асноўным ён выступаў у другой па сілах лізе (у адзін з сезонаў вызначыўся 14 галамі ў 39 сустрэчах, увайшоўшы ў топ-10 снайпераў), але ненадоўга заскочыў і ў элітны дывізіён (дзевяць матчаў у складзе «Рыу Авэ»). Пасля Партугаліі Кізіта апынуўся ў Румыніі, дзе падпісаў працяглы кантракт з "Палітэхнікай" з Ясы. Плюс да ўсяго нападаючы з 2013-га выклікаўся ў нацыянальную зборную сваёй краіны і ездзіў з ёй на Кубак Афрыкі.

БАТЭ так хацеў бачыць у сваім складзе Уільяма, што нават заплаціў 50 тысяч еўра за ягоную арэнду. Але выхлап быў практычна нулявы: 34 хвіліны ў чэмпіянаце, 120 хвілін у кубкавай сустрэчы супраць «Гарадзеі» і 0 галявых дзеянняў - затое ў калекцыі футбаліста ёсць фатаграфія з чэмпіёнскім кубкам і Аляксандрам Глебам, гульнёй якога ён захапляўся ў дзяцінстве.

Дзе цяпер. З Барысава Кізіта вярнуўся ў «Палітэхніку», але праз тры месяцы зноў адправіўся ў арэнду - новым клубам афрыканца стаў карагандзінскі «Шахцёр». Пасля года ў Казахстане нападаючы правёў паўтара сезона ў элітным дывізіёне Ізраіля, а з лета мінулага года выступае за "Сабаіл" - аднаго з аўтсайдэраў чэмпіянату Азербайджана.

Іван Пеха (Славакія), абаронца

Колькі згуляў за БАТЭ: 6 матчаў

Выхаванец "Слована" прыходзіў у БАТЭ акурат перад гістарычным для ўсяго белфутбола дэбюту барысаўцаў у групавым раундзе ЛЧ - тыя аддалі 35 тысяч еўра за паўгадавую арэнду гульца з румынскага "Чахлуэла". Праўда, у пяці сустрэчах еўракубка з шасці славак сядзеў у запасе, а ў дамашнім матчы супраць "Ювентуса" з'явіўся на полі толькі на 92-й хвіліне. Не надта шмат гульнявога часу Віктар Ганчарэнка адводзіў легіянеру і на ўнутранай арэне: у чэмпіянаце Пеха правёў чатыры сустрэчы, а таксама адзін раз выйшаў у Кубку. Падаўжаць супрацу бакі не сталі.

Дзе цяпер. За наступныя 12 гадоў кар'еры славак нядрэнна пакалясіў па Еўропе: Азербайджан, ізноў Беларусь (паўтара года ў "Нёмане"), Латвія, Румынія, Эстонія, Польшча, Іспанія, Літва, Чэхія і Аўстрыя. Павесіўшы буцы на цвік, сышоў у трэнаванне - працуе ў Празе з дзіцячай камандай клуба «Арытма».

Нікола Васілевіч (Сербія), абаронца

Колькі згуляў за БАТЭ: 7 матчаў

26-гадовы цэнтральны абаронца да моманту пераходу ў БАТЭ паспеў пагуляць у трох краінах: на Радзіме ў Сербіі («Калубара» і «АФК Бялград»), Румыніі («Пандурый») і нават Японіі («Такусіма»).

Сезон-2018 Васілевіч пачынаў гульцом старту (усе 90 хвілін у Суперкубку і ў абедзвюх сустрэчах чвэрцьфіналу Кубка), але, як і Астойіч, ужо ў першым туры чэмпіянату атрымаў пашкоджанне. Праз паўтара месяца Нікола аднавіўся і выйшаў у старце на матч супраць мінскага «Дынама», але і яго не змог дагуляць праз пашкоджанне цягліцы. Па выніку, у чэмпіянаце серб з'явіўся яшчэ двойчы (на гэты раз па 90 хвілін), але пасля вяртання ў клуб Дзяніса Палякова і Ягора Філіпенкі быў больш не патрэбны Аляксею Багу.

Дзе цяпер. Пасля Барысава Васілевіч вярнуўся на Радзіму, падпісаўшы кантракт з «Вайводзінай», але за «чырвона-белых» не правёў ні хвіліны і праз паўгода адправіўся ў «Калубару» з Д2, выхаванцам якой з'яўляецца. Праз паўтара гады не без ягонай дапамогі клуб з Лазараваца ўпершыню ў сваёй гісторыі выйшаў у элітны дывізіён, дзе і выступае цяпер. Васілевіч з'яўляецца капітанам каманды. За "Калубару" выступаюць яшчэ двое экс-гульцоў БАТЭ (а таксама мінскага "Дынама") - Неманя Нікаліч і Слабадан Сімавіч.

Эміль Ёнасэн (Нарвегія), абаронца

Колькі згуляў за БАТЭ: 7 матчаў

Перад стартам сезона-2019 клуб папоўніў нарвежскі абаронца Эміль Ёнасэн, які на Радзіме прайшоў усю вертыкаль моладзевых зборных. Да БАТЭ выступаў выключна ў чэмпіянаце Нарвегіі («Од» і «Будэ/Глімт»).

Спачатку краёк не гуляў праз пашкоджанне цягліцы, якое атрымаў ужо ў першым туры супраць «Дняпра», а пасля аднаўлення саступіў у канкурэнцыі Аляксандару Філіпавічу і Аляксею Рыасу. Фатальным для кар'еры скандынава ў БАТЭ стаў выхад на замену ў матчы ў адказ кваліфікацыі ЛЧ супраць «Русенборга» (0:2). Ужо праз дзесяць хвілін Эміль прывёз пенальці на роўным месцы, дзякуючы якому гаспадары выйшлі наперад - тая перамога вывела "Русенборг" у наступны раунд, а Ёнас, згуляўшы за барысаўцаў яшчэ аднойчы, у верасні пакінуў клуб (адзнака 3:50).

Дзе цяпер. Пасля скасавання кантракту з барысаўцамі абаронца вярнуўся на Радзіму, дзе і выступаў («Стабек», «ОДД») да завяршэння кар'еры ў сакавіку 2022-га.

Германс Малінш (Латвія), галкіпер

Колькі згуляў за БАТЭ: 7 матчаў

Пасля сыходу Аляксандра Гутара ў менскае «Дынама» БАТЭ ўзмоцнена пачаў шукаць замену: і быццам знайшоў у Латвіі - барысаўцы падпісалі кантракт з асноўным галкіперам «Сконта» і другім нумарам зборнай Германсам Маліншам. Сезон-2013 у Барысаве Малінш правёў за спінай Андрэя Гарбунова, адгуляўшы толькі тры матчы ў чэмпіянаце і адзін у Кубку.

А вось сезон-2014 латыш пачаў як гулец асновы: з Маліншам у варотах каманда заваявала Суперкубак, саступіла ў Кубку «Нёману», а першы тур чэмпіянату супраць «Шахцёра» (0:2) легіянер праваліў, здзейсніўшы дзве галявыя памылкі (адзнака 2:06).

Больш за першую каманду Барысава Малінш не гуляў.

Дзе цяпер. У студзені 2015-га вярнуўся ў «Сконта», дзе правёў адзін сезон. Пасля былі РФШ, "Рыга" (з абодвума калектывамі ўзяў чэмпіёнскі тытул) і "Ялгава", год у шведскім міноры, а апошнія тры сезоны 35-гадовы Малінш выступае за клуб "ФШЮД-Альбертс" з другога латвійскага дывізіёна.

Аляксандр Еўціч (Сербія), форвард

Колькі згуляў за БАТЭ: 8 матчаў (2015)

У Барысаў сербскі нападаючы прыехаў у жніўні 2015-га з чэмпіянату Кітая, дзе да таго правёў чатыры гады (у 98 матчах аформіў 24+13). Таксама ў паслужным спісе Еўціча меліся два гады ў «Црвене Звездзе», два гады ў клубах-сярэдняках чэмпіянату Сербіі і паўгода ў турэцкай Суперлізе за «Генчлербірлігі».

У БАТЭ Еўціч правёў восем сустрэч (сем у чэмпіянаце і адну ў Кубку), адзначыўшыся двума галамі (па адным у кожным з турніраў). А вось да еўракубкавых матчаў Аляксандр Ермаковіч яго не падпускаў.

Дзе цяпер. Пасля БАТЭ Еўціч выступаў у Сербіі («Ягодзіна», «Чукарычкі», «Ваджавац») і Тайландзе («Патайя Юнайтэд»). Скончыўшы кар'еру ў студзені 2020-га, Аляксандр перайшоў да трэнерскай дзейнасці - цяпер з'яўляецца памочнікам галоўнага трэнера ў клубе сербскага Д2 «Графічар».

***

Юрыца Булят (36 гадоў, Харватыя, абаронца). Колькі згуляў за БАТЭ: 10 матчаў. Дзе цяпер: «Навалля» (Харватыя, Д3).

Мацея Кежман (44 гады, Сербія, форвард). Колькі згуляў за БАТЭ: 11 матчаў. Дзе цяпер: скончыў кар'еру ў 2012 годзе, цяпер - футбольны агент.

Андрэй Якаўлеў (34 гады, Украіна, паўабаронца). Колькі згуляў за БАТЭ: 11 матчаў (2+1). Дзе цяпер: «Сан-Лука» (Італія, Д4).

Алекс Парфірыа (34 гады, Бразілія, форвард). Колькі згуляў за БАТЭ: 11 матчаў. Дзе цяпер: скончыў кар'еру ў 2014 годзе.

Неманя Тубіч (39 гадоў, Сербія, абаронца). Колькі згуляў за БАТЭ: 13 матчаў (1+0). Дзе цяпер: скончыў кар'еру ў 2018 годзе.

Уладзіслаў Мірчаў (36 гадоў, Балгарыя, форвард). Колькі згуляў за БАТЭ: 16 матчаў (1+0). Дзе цяпер: «Сэмптэўры-98» (Балгарыя, Д3).

Анэс Рушавіч (26 гадоў, Сербія, форвард). Колькі згуляў за БАТЭ: 16 матчаў (4+0). Дзе цяпер: «Работнічкі» (Паўночная Македонія).

Завен Бадаян (33 гады, Арменія, форвард). Колькі згуляў за БАТЭ: 17 матчаў (1+3). Дзе цяпер: «Акжайык» (Казахстан, Д2).

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты