Tribuna/Футбол/Блогі/«Порою блажь великая»/Можна падумаць, што бос паралімпійцаў Беларусі звар’яцеў – кажа пра свабоду слова і поглядаў, збіраецца з канстытуцыяй у суд, але ёсць нюанс

Можна падумаць, што бос паралімпійцаў Беларусі звар’яцеў – кажа пра свабоду слова і поглядаў, збіраецца з канстытуцыяй у суд, але ёсць нюанс

Фрык-шоу Шэпеля, якому няма калі сачыць за тым, як забіваюць суайчыннікаў-украінцаў.

23 лістапада 2022, 16:42
Можна падумаць, што бос паралімпійцаў Беларусі звар’яцеў – кажа пра свабоду слова і поглядаў, збіраецца з канстытуцыяй у суд, але ёсць нюанс

Ці можаце вы сёння ўявіць беларускага чыноўніка, які разважае пра дэмакратыю, пра недапушчальнасць дыскрымінацыі паводле мовы і палітычных поглядаў, які шчыра верыць у вяршэнства канстытуцыі і заступаецца за грамадскія, даруй Божа, арганізацыі?

Насамрэч уявіць вельмі лёгка, калі прыгадаць савецкі анекдот і адаптаваць на сучасны лад:

– Любы грамадзянін ЗША можа выйсці на пікет і сказаць, што Байдэн – мудак.

– Ну дык і любы грамадзянін Беларусі можа выйсці на пікет і сказаць, што Байдэн – мудак.

Любы беларускі чыноўнік можа рупіцца пра дэмакратыю і свабоды, але – толькі не ў Беларусі.

Апошнімі днямі вельмі актыўна пра жыццё на Захадзе клапоціцца галоўны паралімпіец Беларусі Алег Шэпель. Але пры гэтым сабраўся ў Нямеччыне падаваць у суд на Міжнародны паралімпійскі камітэт – праз тое, што членства беларускай арганізацыі ў камітэце прыпынілі.

Дык вось, Шэпель, гэты натхняльнік сцяганошы Фомачкіна, збіраецца ў нямецкім судзе апеляваць да нямецкай канстытуцыі і ведае, што не панясе за гэта ні адміністратыўнай, ні крымінальнай адказнасці. Куды весялей у Беларусі настойваць на сваіх канстытуцыйных правах – ух, колькі адразу вымалёўваецца варыянтаў.

Шэпель збіраецца наняць адваката і наўрад ці дапускае думку пра тое, што гэта можа каштаваць яго прадстаўніку ліцэнзіі – у Беларусі ж каля паўсотні адвакатаў, сумленных і высокакваліфікаваных, выкінулі з прафесіі за тое, што яны імкнуліся абараніць грамадзян Беларусі ад неабмежаванага лукашызму.

Шэпель абураны тым, што ўрады іншых краін быццам бы актыўна ўмешваюцца ў справы сваіх паралімпійскіх камітэтаў, якія з’яўляюцца грамадскімі аб’яднаннямі (без загаду ўрадаў, вядома, санкцый да беларускіх паралімпійцаў не было б). Ну а тое, што беларускі спорт забруджаны, як метастазамі, дзейнымі і адстаўнымі чыноўнікамі – то зусім не праблема. І што ўсім спартыўным кагалам ходзяць да Лукашэнкі, каб атрымаць чарговую порцыю падсрачнікаў – таксама не праблема. Ну і тым больш не праблема, што пасля выбараў-2020 у Беларусі ліквідавалі пад 900 грамадскіх арганізацый, якія лячылі дзяцей, дбалі пра нацыянальную культуру і адукацыю, дапамагалі людзям з абмежаванымі магчымасцямі (шкада, што Шэпель не бараніў іх у судзе), развівалі спорт.

У такой двудушнасці прыхільнікаў Лукашэнкі няма нічога новага, як і ў кпінах над іх недалёкай сафістыкай: усе ўсё адзін аднаму ўжо сказалі і не раз. Але ведаеце што? Мне б нават хацелася, каб Шэпель і Беларускі паралімпійскі камітэт перамаглі ў нямецкім судзе. Хай перамагаюць, калі пасля гэтага прызнаюць і прагавораць услых, што незалежны суд – гэта важна, і што магчымасць бараніць свае правы – гэта важна, і што плюралізм – гэта важна. Карацей, усё важна, у тым ліку сапраўдныя выбары, і гэта так неабходна нам, беларусам, на нашай Радзіме, у Беларусі. Калі беларускім паралімпійцам, каб публічна прадэклараваць такое, патрэбная перамога ў судзе, то хай сабе перамагаюць.

Але нешта падказвае, што наўрад ці таго ж Шэпеля можна ў чымсь пераканаць. Дастаткова ўспомніць, як ён, напалову ўкраінец, ураджэнец Кіева, нават не цікавіўся колькасцю загінулых суайчыннікаў у першыя дні вайны, бо «сваіх праблем вышэй за дах». Пакуль пляменнік хаваўся ў кіеўскіх падвалах, Шэпель абураўся недапушчэннем да Паралімпіяды прадстаўнікоў Беларусі, з тэрыторыі якой ляцелі ракеты і заходзілі войскі на тэрыторыю яго Радзімы. Удзел лукашэнкаўскага рэжыму ў вайне Шэпеля не абураў.

Таму калі ў Шэпеля (эх, як ён раней захапляўся Сашай Герасіменяй, як цёпла яны гаманілі на розных дабрачынных мерапрыемствах, што ладзіў прэсболавец Сяргей Шчурко) і кампаніі атрымаецца пераканаць нямецкі суд у памылковасці рашэння МПК, то не будзе ніякіх глабальных высноў гуманістычнай скіраванасці. Хутчэй будуць думкі: «Ха-ха, як мы іх абдурылі! Слабакі! Мы ж ведалі, што адступяць, трэба было толькі крыху пачакаць!»

Добра, што нармальныя суды не бяруць у разлік, хто і што будзе казаць пасля вердыкту, а разбіраюцца ў сутнасці справы. І ёсць адчуванне, што прысуд па цяжбе, калі яна ўсё ж здарыцца, будзе вынесены не пасля тэлефанавання з адміністрацыі Шольца.

Пакуль жа Шэпель, паралімпійцы, здаровыя спартсмены і шмат хто яшчэ сядзяць у гіганцкім аўтобусе, які захапіў вар’ят разам са сваімі сябручкамі. Нешта казаць вар’яту – страшна, прасіць пра дапамогу – таксама. Вось і застаецца брахаць у акно на тых, хто ачысціў дарогі ад іншага транспарту, каб аўтобус каціў сабе ў пекла (ці куды ён там каціць) і не рабіў непрымальнай шкоды астатнім.

Аўтобус едзе не па раскладзе, а таму сказаць, калі і дзе будзе наступны прыпынак, на жаль, немагчыма.

Іншыя пасты блога

Усе пасты