Беларусі трэба футбаліст года, але не найлепшы, Базанаў ігнаруе рабалепства боса «Макслайна», а маглі б атрымацца анты-«Крумкачы»

Чалавеку не далі стаць халуём. Можа, яшчэ перадумаюць?

30 лістапада, 19:03
1
Беларусі трэба футбаліст года, але не найлепшы, Базанаў ігнаруе рабалепства боса «Макслайна», а маглі б атрымацца анты-«Крумкачы»

Беларускі футбол – не свята, не шоу і не радасць. Гэта арганізаванае ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь масавае мерапрыемства для задавальнення патрэб насельніцтва ў спартыўных відовішчах. Асабіста для мяне сімвалам чэмпіянату-2022 стане сцэнка, якую выпадкова выхапіў з трансляцыі матчу мінскага «Дынама» і «Энергетыка-БДУ».

Каля ўваходу ў падтрыбунку «Трактара» стаяць трое амапаўцаў-быкоў. Стаяць не дзесьці збоку – а разлапіста, як гаспадары жыцця, па цэнтры дарожкі, што вядзе ў службовыя памяшканні. І выдалены абаронца Абдукадыр Хусанаў, адно з адкрыццяў чэмпіянату, праціскаецца міма іх ускрайкам, а тыя і не думаюць пасунуцца – проста не звяртаюць на таго ўвагі. І, магчыма, гэта нават добра, бо маглі ж яшчэ і дагляд правесці, і тэлефон праверыць заадно.

Ці бянтэжыць такое нашых футбалістаў? Магчыма, крыху і бянтэжыць, але яны – коцікі, наколькі магу меркаваць па расповедах набліжаных да футбольных колаў людзей. Вы ж ведаеце, што бывае з коцікамі, калі даць ім які шарык для пінг-понга? Вось і ў футбалістаў такая ж рэакцыя на мяч – ганяюць ды пра ўсё забываюць.

Пра недахоп крытычнага мыслення можна меркаваць хаця б па рэакцыі Уладзіміра Хвашчынскага на прызнанне найлепшым футбалістам Беларусі-2022. Здаецца, ён не адчувае ніякай няёмкасці, хаця яшчэ пяць гадоў таму такі трыумф і ўявіць было немагчыма. Які рогат стаяў бы ў распранальні «Дынама» (хоць мінскага, хоць брэсцкага) або «Шахцёра», калі б Хвашчынскі наважыўся там абвясціць, што неўзабаве стане ў адзін шэраг з Валянцінам Бялькевічам (той прызнаваўся найлепшым футбалістам Беларусі толькі аднойчы, і яго яшчэ можна нават абысці!).

І не сказаць, што Уладзімір у нейкіх якасцях моцна дадаў, закрасаваў у свае 32. Адкуль тады такі прарыў? Як чалавек перабіў сваё папярэдняе дасягненне амаль удвая? Што здарылася з нашым футболам, калі раптам загулялі і Ягор Багамольскі, і Дзмітрый Анцілеўскі, і іншыя, хто раней паказваў сябе хіба пробліскамі?

Калі сыплеш падзякамі са сцэны або даеш інаўгурацыйнае інтэрв’ю «Прэсболу», пра гэта думаць не хочацца – хочацца атрымліваць асалоду ад моманту (як папярэдніку Хвашчынскага Андрэю Салаўю ў мінулым годзе хацелася добры кантракт і дабудаваць дом). Але ў чэмпіянаце Беларусі хапае кемлівых людзей. І той жа Станіслаў Драгун наўпрост кажа: каго сёння ні назаві найлепшым – гэта будзе сведчаннем слабасці нашага футболу.

Насамрэч Хвашчынскі зрабіў сваю справу, як мог, і абраў не сам сябе. І не ён вырашаў, як будуць звацца намінацыі. Увогуле, тут ёсць над чым паразважаць. Не згодны з тымі, хто ў апошнія гады, яшчэ да выбараў, прапаноўваў адмовіцца ад футбольных цырымоній такога кшталту ў Беларусі. Маўляў, няма з каго выбіраць. Кожнае такое галасаванне – красамоўная фіксацыя моманту. Глядзіш на прозвішча найлепшага – і адразу разумееш, дзе знаходзіцца беларускі футбол.

Праблема ў тым, што слова «найлепшы» ў апошнія гады да цырымоніі і яе пераможцаў увогуле не пасуе. Толькі выклікае кпіны. Прыбраць яго – і ўсё ўстане на свае месцы. Футбаліст года – ёмістае вызначэнне і без недарэчнага пафасу. Такіх асоб можа быць нават некалькі, на самы розны густ. Кагосьці ўразілі снайперскія подзвігі Хвашчынскага, а кагосьці – гісторыя Філіпа Вайцяховіча. Даўно спісаны на Радзіме варатар раптоўна праявіў сябе ў дабротным еўрапейскім чэмпіянаце, прычым толькі на футболе ён не цыкліцца – гэта таксама цікавы арыенцір для многіх беларусаў, як па мне.

А слова «найлепшы» аднойчы можна вярнуць. Для гэтага варта ўстанавіць крытэрыi: актыўная барацьба з клубам за медалі ў сярэднім чэмпіянаце, рэгулярная гульнявая практыка ў топ-чэмпіянаце, здзяйсненні ў еўракубках, нейкая зусім ужо выбітная праява ў саслабелым чэмпіянаце Беларусі. Калі не – ну які ты найлепшы? Проста футбаліст года, па якім бачна, што ў нас адбываецца і чаму мы, няхай і крыху нацягнута, можам парадавацца.

Але шчырых учынкаў ад сённяшняй федэрацыі чакаць не варта, бо самакрытычнасці там яшчэ менш, чым у коцікаў-футбалістаў. Уладзімір Базанаў цалкам задаволены і сабой, і трэнерам, з якім зборная ляціць у бездань. Гэтыя людзі для сябе найлепшыя – ну, і найлепшыя футбалісты ў іх адпаведныя.

Відавочна, ідэолаг Базанаў нясе шкоду беларускаму футболу, але добра, што робіць гэта па-ваяцку прымітыўна. Інакш не адмахнуўся б ад ФК «Макслайн» у вышэйшай лізе. Пасля адмовы ў допуску да ліцэнзавання дырэктар клуба Андрэй Іваненка прадэманстраваў фантастычную гнуткасць. Пачатак яго звароту да Базанава – узор непрыхаванай ліслівасці. Увогуле, трэба быць вельмі невысокага меркавання пра інтэлектуальныя здольнасці чалавека, каб напісаць такое ў лоб. Дазвольце працытаваць:

«Футбольны клуб «БК Макслайн» (Рагачоў) віншуе Вас з юбілеем, жадае Вам здароўя, мудрасці ў прыняцці рашэнняў і бязмежных сіл у пытаннях развіцця беларускага футбола!

Наш клуб вельмі шануе Ваш унёсак у развіццё дзіцяча-юнацкага футбола ў нашым невялікім, але гордым горадзе».

Цікава, які асабісты ўнёсак Базанаў зрабіў у рагачоўскі футбол, колькі рублёў выдаткаваў з уласнага гаманца. Але зараз не пра гэта, і нават не пра «Вы» з вялікай літары і не пра мудрасць.

Іваненка, відавочна, мае менеджарскія здольнасці. Ён знайшоў грошы на клуб, зацікавіў мясцовых футболам, дамовіўся з цэнтральным тэлебачаннем, каб вяліся трансляцыі матчаў. Але пры гэтым дэманструе поўнае рабалепства перад Базанавым, і ўсё ў імя мары – гуляць у вышэйшай лізе. Калі меркаваць па танальнасці пісьма, то загадай Іваненку, каб кожны заўзятар на рагачоўскім стадыёне быў з чырвона-зялёным сцягам – і кожны будзе. І, можа, атрымаюцца тады анты-«Крумкачы» – ідэалагічна правільная каманда з запоўненымі трыбунамі. У беларускім футболе любяць вясёлыя балаганы, хоць багатыя (брэсцкае «Дынама»), хоць бедныя (тыя ж «Крумкачы»), а не безаблічныя гурткі самадзейнасці ад раённых дамоў культуры.

Іваненка яшчэ раней інвеставаў у добрае стаўленне з боку федэрацыі, калі заяўляў, што яго клуб па-за палітычнымі шараханнямі (не тое, што іншыя), але, здаецца, не дапамагло. Базанаў зрабіў досыць дзіўны ўчынак для лукашэнкаўскага чыноўніка – не даў чалавеку, які гатовы быць халуём, стаць ім. Гэта мог бы быць яскравы эксперымент. Раптам у Доме футбола яшчэ перадумаюць? Тым больш што разбірацца з праектам Іваненкі, калі раптам штосьці пойдзе не так, будзе ўжо не Базанаў.

Іншыя пасты блога