Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Дрэнныя навіны для Базанава і чыноўнікаў, якія збіраюцца ў Еўропу. Экс-кандыдат у прэзідэнты на «маліне» распавёў пра новы санкцыйны інструмент
Блогі

Дрэнныя навіны для Базанава і чыноўнікаў, якія збіраюцца ў Еўропу. Экс-кандыдат у прэзідэнты на «маліне» распавёў пра новы санкцыйны інструмент

Беражыцеся, злачынцы!

Аўтар — Бэзавы Кіт
19 лютага 2023, 16:01
Дрэнныя навіны для Базанава і чыноўнікаў, якія збіраюцца ў Еўропу. Экс-кандыдат у прэзідэнты на «маліне» распавёў пра новы санкцыйны інструмент

Новым госцем канала Мікіты Мелказёрава «Жыццё-маліна» стаў экс-кандыдат у прэзідэнты-2010 Алесь Міхалевіч, які зараз займаецца тым, што адвакатуе людзей перад Інтэрполам.

Гэта была вялікая размова аб тым, чаму рэвалюцыя-2020 перамагла і якая ў гэтым была роля Віктара Бабарыкі, што не так з Зянонам Пазняком і ў чым сіла Марыі Калеснікавай, чаму Лукашэнка прайграў і ці варта браць у палон Базанава і іншых чыноўнікаў.

Таксама суразмоўцы прыгадалі прэзідэнцкую гонку-2010, катаванні ў КДБ, вярбоўку, агента Гаўрылу, тэкст пакаяннага відэа, які трапіўся Раманчуку, як пакінуў Беларусь (не ў багажніку!) і прыгожае вяртанне на радзіму.

Асобны блок пра Інтэрпол: колькі каштуе выключэнне са спісаў, топ небяспечных краін і каго Міхалевіч не возьмецца абараняць.

Што можа найбольш зацікавіць спартыўных заўзятараў, дык гэта пытанне Мікіты пра Уладзіміра Базанава, які нядаўна аказаўся заўважанымі чытачамі Трыбуны ў Польшчы.

Ці можам мы неяк скарыстаць механізм Інтэрпол, каб гэтага чалавека затрымалі на тэрыторыі Польшчы?

- Гэта цяжкае пытанне, таму што ўніверсальнае правіла было такое: «Злачынства, якое было здзейснена на тэрыторыі пэўнай краіны павінна расследаваць гэтая дзяржава».

Мы ўсе разумеем, што сённяшняя Беларусь і лукашэнкаўскі рэжым не будзе расследаваць уласныя злачынствы.

Ёсць паняцце ўніверсальнай юрысдыкцыі, якое дапамагае расследаваць злачынствы звязаныя з катаваннямі і злачынствамі супраць чалавечнасці ў любой іншай краіне. Але тут мы сутыкаемся з тым, што любая дзяржаўная сістэма ці структура, напрыклад, любая пракуратура ці следчы камітэт можа ад чагосьці пазбыцца і чагосьці не ўзбуджаць і сказаць, што яны за гэта не адказныя, то гэта і будзе зроблена.

Гэта значыць, што для таго, каб выкарыстаць інтэрпол для вышука, для таго, каб кагосьці знаходзіць, спачатку трэба ўзбудзіць крымінальную справу. І калі гэтая справа ёсць, далей адна з краін членаў Інтэрпол можа падаваць чалавека ў пошук.

А ў выпадку з такімі людзьмі як кіраўнікі спартыўных федэрацый, можна выкарыстоўваць механізм Шэнгенскай інфармацыйнай сістэмы (SIS). Сюды любая краіна шэнгенскай зоны можа падаць у пошук чалавека, падазраванага ў чымсьці – напрыклад, у катаваннях, палітычным пераследзе і палітычна матываваных звальненнях. І тады гэты чалавек больш ніколі не атрымае візу, або калі будзе заязджаць у шэнгенскую зону – не атрымае на гэта дазвол, яго проста туды не пусцяць.

Мелказёраў пацікавіўся ў юрыста, як яму ідэя рэстаратара Вадзіма Пракоп'ева, які прапаноўваў стварыць сваіх захопнікаў, каб мяняцца палітзняволенымі:

- ГДР і ФРГ заўсёды абменьваліся палітзняволенымі з пасярэдніцтвам адвакатаў, але я не прыхільнік такіх здзелак. Я веру ў справядлівасць. І калі мы маем такія рычагі як Еўрапейскі звяз і Шэнгенская інфармацыйная сістэма, то іх трэба пашыраць і выкарыстоўваць.

***

Яшчэ некалькі цытат з выпуска:

«Лукашэнка ўжо прайграў. Ён учорашні, ён з мінулага, і Беларусь ужо перамагла ў 2020 годзе, і проста пытанне калі гэтая перамога будзе зафіксавана».

«Чаму называю Лукашэнку галаграмай? Галаграма – гэта вобраз чалавека, які ўжо адключаны, але мы яго яшчэ бачым. Можна гэта параўнаць з дублямі Пуціна. Гэта фактычна галаграма, чалавек чый час даўно прайшоў, які хоча паказваць і дэманстраваць, што ён мае ўладу, і ён паказвае свайму бліжэйшаму наваколлю».

«Трэба меней чытаць і слухаць тое, што гаворыць Зянон Пазняк. Гэта старэйшае пакаленне людзей, якія ў нейкім сэнсе жывуць у 90-х. Гэта ў нейкім сэнсе як Беларусь у 2020-м: ёсць грамадства, якое пайшло наперад, якое жыве ў Еўропе, і ёсць палітычная надбудова 1994 года з Лукашэнкам і з тымі людзьмі, якія там ёсць. Нам трэба проста ісці наперад і не звяртаць увагі, проста ведаць гісторыю, але не больш. А для мяне Зянон Пазняк – гэта гісторыя».

«Арганізаваць трыбунал для Лукашэнкі вельмі цяжка. Гэты мусіць быць згода вялікай колькасці краінаў, і трэба памятаць, што ў ААН Расія і Кітай маюць вельмі вялікі статус, таму без іх зрабіць штосьці вельмі сур'ёзнае будзе вельмі складана. Таму я б больш разлічваў на змены ў Беларусі, і на тое, што беларуская прававая сістэма будзе разбірацца з тымі злачынствамі, якія былі здзейснены папярэдне».

«Самым цікавым апанентам Лукашэнкі з'яўляецца Бабарыка. Калі б не ён, беларускага 2020 года, безумоўна, не было, бо праз яго сярэдні клас, крэатыўны клас паверылі, што гэта год, калі могуць быць змены, будзе нешта цікавае, трэба ангажавацца, трэба актыўна працаваць.

2020 год – гэта паспяховая беларуская рэвалюцыя. Ёсць у эканоміцы тэрмін «адтэрміноўка аплаты», калі прыбыткі будучых перыядаў. Вось я разглядаю гэта так, што эфекты для Беларусі і тыя змены, якія былі зроблены ў 2020 годзе прыйдуць троху пазней. Таму я разглядаю гэта як вельмі паспяховы год, дзе Беларусь паказала, што мы ёсць нацыя».

Падпісвайцеся на канал «жыццё-маліна» і дапамагайце прасоўваць беларускамоўны кантэнт для беларусаў!

Іншыя пасты блога

Усе пасты