Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/У зборнай Беларусі не сумуюць пасля 0:5 – а сустракаюць албанскага госця: у «вышцы» не ладзiў з суддзямi, а зараз спрабуе зарабіць на шаўрме i дапамагае бежанцам з Украiны

У зборнай Беларусі не сумуюць пасля 0:5 – а сустракаюць албанскага госця: у «вышцы» не ладзiў з суддзямi, а зараз спрабуе зарабіць на шаўрме i дапамагае бежанцам з Украiны

Эліс Бакай успомніў мінулае.

Аўтар — Tribuna.com
27 сакавіка 2023, 20:00
1
У зборнай Беларусі не сумуюць пасля 0:5 – а сустракаюць албанскага госця: у «вышцы» не ладзiў з суддзямi, а зараз спрабуе зарабіць на шаўрме i дапамагае бежанцам з Украiны

Зборная Беларусі пачала адбор на Еўра-2024 з чарговага правалу – у Сербіі атрымала 0:5 ад Швейцарыі. Зрэшты, не звыкацца

Цяпер беларуская каманда перабралася ў Румынію, дзе наперадзе матч супраць мясцовай зборнай. І прынамсі ў некаторых футбалістаў ніякага суму ад разгрому не відаць – наадварот, у іх здарылася пазітыўная падзея: у гатэль у Бухарэсце завiтаў экс-гулец «Шахцёра», брэсцкага «Дынама» і «Руха» Эліс Бакай. Албанец выклаў у свой Instagram сумеснае фота з Юрыем Кавалёвым, Уладзімірам Хвашчынскім і Арцёмам Быкавым: з першым двума ён разам гуляў у Салігорску, з трэцім – у «Дынама».

Мінулым летам Бакай прыязджаў у Клуж для таго, каб падтрымаць «Шахцёр» у матчы кваліфікацыі Лігі канферэнцый супраць мясцовай каманды («гарнякі» саступілі з лікам 0:1 і вылецелі з еўракубкаў). Гулец з цяплом успомніў час у клубе, дзе ён стаў адным з найлепшых легіянераў у гісторыі ЧБ. За два гады ў Салігорску хаўбек правёў 63 сустрэчы, у якіх вызначыўся 27 галамі і 23 асістамі. У 2019 годзе ён узяў з камандай Кубак краіны, а таксама ўвайшоў у другую сімвалічную зборную таго года.

У тым жа інтэрв'ю прэс-службе «Шахцёра» Эліс распавёў, што завяршыў кар'еру гульца, так і не далучыўшыся да якога-небудзь новага клуба пасля раставання з «Рухам» у студзені 2022-га. Двухгадовы перыяд у Брэсце балканец наўрад ці ўспамінае з задавальненнем: з-за разрыву крыжападобных звязак за год у «Дынама» ён правёў усяго толькі сем паядынкаў, а за «Рух» – 17 сустрэч. Кар'ера гульца, атрымліваецца, скончылася выдаленнем у Слуцку з-за спрэчак з арбітрам (адзнака 4:39).

Прад'яўляць суддзям Бакай увогуле любіў, за што экс-кіраўнік беларускага судзейскага корпуса Андрэй Чэпа называў футбаліста «галоўным нягоднікам» ЧБ-2021.

– Ніводны суддзя, я ўпэўнены, не скажа добрага слова пра гэтага футбаліста. Ён нібыта за нешта люта ненавідзеў усіх рэферы свету. Яго паводзіны падчас любога матча далёкiя ад адэкватных. Як толькі ні спрабавалі наладзіць з ім кантакт (і на рускай мове, і на англійскай) – усё дарэмна, як размовы са сцяной. Адказам быў толькі погляд, поўны пагарды, – тлумачыў Чэпа.

Пасля Брэста Бакай уладкаваўся ў Бухарэсце, адкуль родам яго жонка. Ды і самому футбалісту горад быў знаёмы – ён гуляў у бухарэстскiм «Дынама» і браў Кубак краіны.

Эліс распавёў, што пасля раставання з «Рухам» у яго былі прапановы ад клубаў з Беларусі (не канкрэтызаваў, ад якіх менавіта), Казахстана і Албаніі, але ён хацеў працягнуць кар'еру бліжэй да дома, каб праводзіць як мага больш часу з сям'ёй, асабліва дачкой, якая павінна была пайсці ў дзіцячы садок.

У Бухарэсце Бакай завёў невялікі бізнес – разам з партнёрам адкрыў па франшызе дзве кропкі з шаўрмой вядомага ў Румыніі брэнда. У інтэрв'ю румынскаму выданню Эліс распавёў, што «бізнес нашмат цяжэйшы за футбол». Спачатку футбаліст адчуваў шмат стрэсу, з-за чаго нават адмовіўся ад адной кропкі.

Для таго ж румынскага выдання экс-футбаліст пракаментаваў вайну ва Украіне, якую з 24 лютага 2022-га працягвае Расія з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Бакай, які тры гады выступаў за адэскі «Чарнаморац», пакінуўшы яго ў сакавіку 2014-га з пачаткам баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны, зараз распавёў, што трымае сувязь са знаёмымі з тых часоў і сочыць за ўсімі падзеямі ў краіне. А яшчэ дапамог з пераездам у Румынію некалькім сем'ям з Данбаса і людзям, якія працавалі з ім у «Чарнаморцы», – пакрыў ім арэнду жылля на некаторы час.

З футболам Эліс заканчваць не збіраецца: ён ужо атрымаў на Радзіме трэнерскую ліцэнзію катэгорыі В і дыплом спартыўнага дырэктара. Далей ён жадае атрымаць катэгорыю А.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты