Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Самыя эпічныя паразы зборнай Беларусі па футболе: не заўжды з буйным лікам, але абавязкова да чорцікаў сорамна

Самыя эпічныя паразы зборнай Беларусі па футболе: не заўжды з буйным лікам, але абавязкова да чорцікаў сорамна

Пасля гулянкі з Аўстрыяй, ашчаслівілі «карузлікаў», наклалі ў штаны супраць Іспаніі.

Аўтар — bytribuna com
27 сакавіка 2023, 13:21
Самыя эпічныя паразы зборнай Беларусі па футболе: не заўжды з буйным лікам, але абавязкова да чорцікаў сорамна

Кіраванне Мікалая Шарснёва ў АБФФ пачалося з нічыёй моладзевай зборнай супраць Андоры (0:0) і зруйнавальнага разгрому галоўнай зборнай у першым туры еўраадбору ад Швейцарыі - падапечныя Георгія Кандрацьева пры пустых трыбунах у сербскім Нові-Садзе прапусцілі пяць мячоў без адказу пры пару небяспечных момантаў (ударам у створ скончыўся толькі адзін).

Галоўны трэнер перад гульнёй казаў, што «зборная нікому моцна не саступае, а калі і прайграе, то мінімальна», але ўжо пасля фінальнага свістка наракаў на майстэрства сваіх футбалістаў.

Аналітычны партал Sofascore назваў каманду Кандрацьева найгоршай у першым туры сярод усіх удзельнікаў адбору. Беларусь у гэтым рэйтынгу «абагнала» Ліхтэнштэйн, Азербайджан, Андору, Гібралтар, Сан-Марына, Мальту, Кіпр - ніводная з гэтых зборных не прапусціла больш за беларускую і наогул не выглядала так безнадзейна і ганебна.

Гэта далёка не першая эпічная параза зборнай у цікавых абставінах - успамінаем самыя яркія няўдачы каманды за 30-гадовую гісторыю (не ўсе яны заканчваліся разгромам).

Андора - Беларусь 2:0, 2000 год

У жніўні 1999-га ў «Прэсболе» выйшаў артыкул, дзе на першай паласе была фраза: «Ніжэй за нас толькі Андора». Так у самым галоўным на той момант спартовым медыя краіны адрэагавалі на выступленне беларускіх клубаў у еўракубках у тым сезоне. Менш як праз год прычын для скепсісу паболела.

Пасля правальнага адбору да Еўра (тры нічыі і нуль перамог) нацыянальная зборная пад кіраўніцтвам Сяргея Бароўскага пачала 2000-ы буйной паразай у «таварняку» супраць Балгарыі (1:4), а ў канцы красавіка адправілася ў госці да Андоры, якая на той момант за сваю нядоўгую гісторыю выступаў (першы афіцыйны матч быў згуляны ў лістападзе 1996-га) не перамагала ні разу: за 23 матчы ў яе актыве было толькі чатыры нічыіх (двойчы з Азербайджанам і па разе з Мальтай і Фарэрамі).

Склад беларускай зборнай амаль цалкам складаўся з футбалістаў расійскага чэмпіянату: выключэннем сталі Генадзь Туміловіч з ізраільскага "Ірані", Сяргей Гурэнка з "Ромы", Уладзімір Макоўскі з украінскай "Ворсклы" і Валерый Стрыпейкіс з мазырскай "Славіі". У андорцаў жа на поле выйшлі спрэс аматары, большасць з якіх прадстаўляла клуб «Андора», на той момант удзельніка пятага іспанскага дывізіёна. А ў самым статусным клубе гуляў запасны галкіпер каманды, які на полі так і не з'явіўся - 18-гадовы Поль Феран прадстаўляў клуб трэцяга іспанскага дывізіёна "Прэмія".

Госці пяць разоў прабілі ў створ варот, але ні адна спроба мэты не дасягнула, у той час як абодва ўдары Андоры сталі галявымі. Спачатку на 57-й хвіліне Хесус Лусенда рэалізаваў пенальці пасля фолу Эрыка Яхімавіча, а на 63-й Хулі Санчэс абакраў Валерыя Шантоласава, якому пакаціў назад мяч Аляксандр Лухвіч - 2:0, гістарычная перамога гаспадароў. І першы па-сапраўднаму іспанскі сорам за айчынны футбол.

Аўстрыя - Беларусь 5:0, 2003 год

Пасля Андоры ў зборнай Беларусі здарылася найлепшая ў гісторыі кваліфікацыя, дзе да апошняга тура ішла барацьба за выхад на топ-турнір: у адборы да ЧС-2002 каманда Эдуарда Малафеева трымалася ў тройцы лідараў разам з Польшчай і Украінай, і менавіта пасля мінскага матча супраць украінцаў казка скончылася. У перапынку той сустрэчы пры ліку 0:1 трэнер замяніў паўабаронцу кіеўскага «Дынама» Аляксандра Хацкевіча, а на 60-й хвіліне, калі госці забілі другі мяч (абодва галы на рахунку Андрэя Шаўчэнкі), прыбраў яшчэ аднаго дынамаўца з Кіева Валянціна Бялькевіча - лідараў "нацыяналкі" ЭВМ звінаваціў у здрадзе і не выклікаў на матчы супраць Польшчы і Уэльса, хоць шанцы на плэй-оф яшчэ заставаліся.

У выніку да матчаў наступнай кваліфікацыі - на Еўра-2004 - абодва вярнуліся ў ростар, але стасункі з трэнерам былі, мякка кажучы, не найлепшымі. Менавіта гэта лічаць ледзьве не галоўнай прычынай правалу ў тым адборы: усяго тры набраныя ачкі (перамога над малдаванамі) з буйной паразай ад аўстрыйцаў у Інсбруку - яна стала і антырэкорднай для зборнай на наступныя 18 гадоў, і была квінтэсенцыяй таго, у якім стане знаходзілася каманда.

Яшчэ да матчу беларусы пазбавіліся шанцаў прайсці далей: ужо двойчы саступілі Нідэрландам (0:3, 0:2) і па разе Чэхіі і Аўстрыі (абодва разы па 0:2), а таксама абгулялі Малдову (2:1). У адсутнасць якіх-небудзь турнірных задач Малафееў адпусціў у маладзёжную зборную, якая змагалася за выхад на Еўра (і вельмі паспяхова), Максіма Цыгалку і Аляксандра Глеба - на той момант дзейнага найлепшага гульца Беларусі.

Аўстрыя, нягледзячы на перамогу ў першым крузе, не падавалася грозным сцпернікам, бо за чатыры дні да таго каманда саступіла ў Ціраспалі малдаванам 0:1. Але на справе выйшаў пагром: аўстрыйцы забілі пяць галоў без адказу, прычым чатыры з іх за адрэзак другога тайма з 47-й па 71-ю хвіліны - абарона беларускай зборнай штораз здзяйсняла неймаверныя памылкі ля сваіх варот. Толькі паглядзіце, якія галы ўляталі ў браму Генадзя Туміловіча ў той вечар.

Многія заўзятары і спецыялісты прычынай такога правалу палічылі канфлікт паміж гульцамі і трэнерам - нібыта футбалісты папросту "злівалі" настаўніка.

- Не разумею футбалістаў: дапусцім, не складаюцца ў вас адносіны з Малафеевым, дык не прыязджайце ў зборную! Будзьце мужыкамі! Калі ўжо выйшлі на поле - забудзьцеся пра ўсе спрэчкі і крыўды. Біцеся, зямлю пераворвайце! Каб нават у выпадку паразы, ад якой не застрахаваная ні адна каманда ў свеце, ніхто не змог вас папракнуць у абыякавасці, а то і яшчэ горш - у сабатажы, - казаў пасля матчу Уладзімір Курнеў.

Праз гады пра закуліссе таго матча расказаў Туміловіч.

- Ехалі ў Аўстрыю, ведаючы, што асноўны склад гуляць не будзе. Да матчу, зразумела, не рыхтаваліся. І тут за тры-чатыры гадзіны да гульні – “сюрпрыз”. А мы двое сутак спаць не клаліся, у карты гулялі. Нехта, прабачце, пахмяляўся. І вось Малафееў выклікае Гурэнку і кажа: «Не, будзеце гуляць». Ну, і выйшлі паўтара чалавекі, якіх хапіла на 40 хвілін. Я прасіў замену, а Малафееў паказваў: «Вось табе! Стой, ганьбіся! Глядзіце, яны здаюць гульню». Потым увогуле: «Мне трэба дачу дабудаваць, падзяліцеся!». Нармальна? - успамінаў галкіпер.

Пасля матча Малафееў падаў у адстаўку, якую прынялі на найбліжэйшым пасяджэнні выканкама.

Малдова - Беларусь 2:0, 2005 год

"Нацыяналка" прайгравала Малдове і да таго: у адборы да Еўра-2004 аддала матч у Ціраспалі 1:2. Але параза ў Кішынёве 0:2 двума гадамі пазней выдзяляецца па двух прычынах.

Першая - зборная нядрэнна стартавала ў адборы і да таго матчу (а гэта быў ужо сёмы тур) усё яшчэ захоўвала шанцы на другое месца, якое давала спадзеў удзельнічаць у стыкавых матчах. У шасці стартавых турах падапечныя Анатоля Байдачнага прайгралі толькі раз, ды і то многія да гэтага часу прыгадваюць паразу ад італьянцаў у Парме як адзін з найлепшых матчаў зборнай у гісторыі. З малдаванамі ў першым крузе беларусы разабраліся без праблем - 4:0.

Другое незабыўнае з той няўдачы - канфлікт галоўнага трэнера і капітана Сяргея Гурэнкі, пасля якога знакаміты гулец цэлы год не выклікаўся ў зборную. Спачатку многія палічылі, што яго адсутнасць у наступным матчы супраць Італіі (1:4) прадыктаваная выніковай памылкай пры другім узяцці варот (Гурэнка пусціў за спіну Сяргея Рагачова), але неўзабаве высветлілася, што справа ў эпізодзе па-за межамі поля. Гурэнка на правах капітана выказаў незадаволенасць умовамі, у якіх каманда жыла перад гульнёй.

- Па прыездзе ў Малдову ўзнікла праблема. У пакоях горача, халадзільнікаў ні ў кога няма, тэлефона таксама... Хочацца і родным патэлефанаваць, і замест цёплай вады піць халодную... На правах капітана я гэтае пытанне ўзняў. На наступны дзень у нас з'явіўся халадзільнік - адзін на ўсіх, тэлефон - адзін на ўсіх, у нумары прынеслі вентылятары. І ніхто не абураўся. Хлопцы былі задаволеныя тым, што цяжкасці пераадоленыя. Калі трэнер плануе збор, ён спачатку павінен паслаць да месца меркаванай дыслакацыі свайго чалавека. Той едзе, збірае інфармацыю і па вяртанні дакладвае, у якіх умовах каманда будзе пражываць, як яе сустрэнуць, што сабой уяўляюць трэніровачныя палі і гэтак далей. Усё гэта павінна быць вядомым загадзя, а не вывучацца па прыбыцці, - распавёў Гурэнка.

Пасля паражэнняў ад Малдовы і Італіі зборная абгуляла на выездзе Шатландыю (1:0), але ў апошнім туры саступіла Нарвегіі (0:1) і фінішавала па выніку толькі пятай.

Беларусь - Люксембург 0:1, 2007 год

Адзін з першых матчаў Бернда Штанге ў зборнай: да гульні ў Гомелі ў яго была перамога над Ізраілем у таварыскім паядынку (2:1), а таксама дзве паразы ў адборы да Еўра-2008 ад Румыніі (1:3) і Славеніі (0:1). Немец здзівіў не толькі выбарам месца для матчу (да гэтага ў Гомелі "нацыяналка" не гуляла), але і складам. У аснове выйшаў 19-гадовы Ягор Філіпенка (дэбютаваў у галоўнай камандзе краіны за месяц да таго), 18-гадовы Андрэй Варанкоў, на той момант форвард кіеўскага «Дынама-2» і абсалютны навік зборнай, а на флангу абароны з'явіўся Аляксей Сквярнюк, які да таго гуляў выключна бліжэй да атакі.

Што да матчу, падапечныя Штанге ўсю гульню правіселі на варотах гасцей, але толькі два з 19 удараў прыйшліся ў створ - і ніводзін не стаў галявым. А вось люксембуржцы сваім шанцам скарысталіся, уцёкшы ў контратаку на 94-й хвіліне: навес Даніэля Да Моты скончыўся голам Альфонса Левека - першая за 12 гадоў перамога зборнай з краіны, насельніцтва якой складае 500 тысяч чалавек.

Падправіць сітуацыю ў тым адборы ўдалося перамогамі над Албаніяй (4:2) і Нідэрландамі (2:1), дзякуючы чаму Беларусь фінішавала ў групе на чацвёртым месцы.

Беларусь - Іспанія 0:4, 2012 год

Бернда Штанге ў снежні 2011-га на пасадзе змяніў Георгій Кандрацьеў, які за паўгода да таго ўзяў бронзу маладзёжнага Еўра. Каманда пры новым трэнеры пачала з параз ад Грузіі (0:1) і Францыі (1:3), а ў трэцім туры сустракалася з дзейным чэмпіёнам свету і Еўропы Іспаніяй.

Нягледзячы на статус суперніка, аншлагу на трыбунах у Мінску не чакалі. Усё праз кошт квіткоў: пакеты на два матчы (праз чатыры дні зборнай трэба было згуляць супраць Грузіі) АБФФ запусціла ў продаж па кошце ад 33,5 да 57,5 долараў, пазней квіткі на сам матч з іспанцамі выпусцілі за 75% ад кошту пакета: да прыкладу, на легендарны матч БАТЭ супраць «Баварыю», які прайшоў за тыдзень да таго, можна было патрапіць за 10 долараў. Адмовіўся купляць білеты за такія грошы нават фан-сектар зборнай. У выніку прыйшлося ўключаць адмінрэсурс (квіткі раздавалі бясплатна, а кагосьці з бюджэтных сфер прымушалі выкупляць квіткі па акцыі пяць квіткоў па кошце аднаго), і на трыбунах сабралася амаль 30 тысяч гледачоў.

Яны ўбачылі чатыры галы гасцей (хет-трык Педра) і яшчэ прыкладна столькі ж галявых момантаў у іх выкананні, а вось беларусы змаглі адказаць на гэты толькі двума не асабліва небяспечнымі ўдарамі ў створ варот Ікера Касільяса.

Пасля гульні Кандрацьеў нахвальваў іспанцаў, называючы іх "найлепшай камандай, якую ён бачыў на сваім вяку", а вось лідар зборнай Аляксандр Глеб быў куды больш катэгарычным у сваім пасляматчавым каментары.

- Што тут казаць - выйшлі і абасраліся. Рэальна сорамна за такую гульню. З сябрам Сэскампаразмаўляў, аднак амаль нічога пра матч не гаварылі. Так, пацікавіліся, як справы адзін у аднаго, абмяняліся майкамі. Якое можа быць спачуванне, і так усё зразумела, гледачы ўсё бачылі, - сказаў хаўбек.

Казаў пра тую сустрэчу і дыктатар.

- Думаю, добра, уключым адміністрацыйны рэсурс, збяром людзей для гэтай зборнай... Такой ганьбы для нацыі я не бачыў. Прабачце мяне, абкакаўшыся выйсці на поле, з рукамі, нагамі, што дрыжаць. Вось сабраў народ - 40 тысяч амаль чалавек. І што атрымалі? А зараз перадайце ім прывітанне, скажыце, што гэта я ім людзей збіраў. На матч з Грузіяй ужо збіраць не будзем, - сказаў Лукашэнка.

Грузін, па выніку, удалося перамагчы 2:0, але тая перамога так і засталася адзінай для каманды ў адборы - 4 ачкі і апошняе месца ў групе.

Бельгія - Беларусь 8:0, 2021 год

Пасля паразы ў плэй-оф Еўра-2020 ад Грузіі (0:1) і правалу ў Лізе Нацый, дзе зборная Беларусі не змагла вырашыць задачу па выхадзе ў Лігу B (хоць зараз 10 набраных ачкоў у групе з Албаніяй, Літвой і Казахстанам можна было б назваць несумнеўным поспехам) мала хто верыў, што адбор да ЧС-2022 стане прарыўным для каманды Міхаіла Мархеля. Хоць пачыналася ўсё не так ужо дрэнна: у валявой перамозе над Эстоніяй (4:2) пры жаданні можна было ўбачыць хоць нейкі пазітыў - але аказалася, што гэта прыкметы нарастаючай немачы. Праз тры дні ў бельгійскім Эверлі ўсё стала максімальна зразумела.

Зборная Бельгіі без сваіх галоўных зорак (Кевін Дэ Бруйнэ, Рамэлу Лукаку і Дрыс Мертэнс былі ў запасе, Ціба Куртуа і Эдэн Азар увогуле засталіся па-за заявай) катком праехалася па апаненце, у кожным з таймаў забіўшы па чатыры мячы без адказу - на тварах гульцоў гасцей чыталася бездапаможнасць. Вынік - найбуйнейшае паражэнне ў гісторыі зборнай.

Той матч стаў апошнім для многіх футбалістаў у нацкамандзе: Аляксандр Гутар, Сяргей Кісляк, Юрый Кендыш, Ігар Стасевіч, Іван Маеўскі, Мікалай Сігневіч, Дзяніс Лапцеў - ніхто з іх ад таго часу больш не выклікаўся. Кедыш, напрыклад, расказаў, што прыняў рашэнне не ездзіць у каманду сам, а Маеўскі даведаўся, што стаў непажаданым пасля слоў пра тое, што ніякага плана на гульню не было. Сышоў і трэнер Мархель, якога зноў адправілі працаваць з моладдзю.

Пасля такога выніку крытыка палілася нават з прапагандысцкіх СМІ: даставалася жонкам футбалістаў, якія праяўлялі грамадзянскую пазіцыю ў жніўні 2020-га.

Услед за Мархелем каманду прыняў Кандрацьеў: Беларусь саступіла ва ўсіх шасці астатніх матчах адбору, заняўшы апошняе месца ў групе - пры новым-старым коучы паўторнага разгрому ад бельгійцаў удалося пазбегнуць (усяго 0:1 у Казані), але супраць Уэльса лік усё ж быў буйным. (1:5 у Кардыфе).

Іншыя пасты блога

Усе пасты