Tribuna/Тэніс/Блогі/Virus Spartovy/Сабаленка зноў упусціла аўто за 200к еўра – і паспрабавала выпрасіць яго ў арганізатараў

Сабаленка зноў упусціла аўто за 200к еўра – і паспрабавала выпрасіць яго ў арганізатараў

Праваліла тры спробы, але гатовая яшчэ на 20.

Блог — Virus Spartovy
Аўтар — Arkady Nagelsman
24 красавіка 2023, 09:14
Сабаленка зноў упусціла аўто за 200к еўра – і паспрабавала выпрасіць яго ў арганізатараў

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка 23 красавіка гуляла фінал турніру WTA 500 у Штутгарце – і саступіла прадстаўніцы Польшчы Ізе Швёнтак (3:6, 4:6). Першая ракетка свету атрымала вырашальную перавагу, на стыку першага і другога сэтаў узяўшы пяць геймаў запар з двума брэйкамі, чаго хапіла для выніковай перамогі. У №2 WTA Сабаленка пры гэтым быў усяго адзін брэйк-пойнт, які яна рэалізаваць не змагла. Таксама Швёнтак прыкметна часцей выйгравала ачкi на прыёме чужых падач. Падвойнымі памылкамі Сабаленка не грашыла – усяго дзве, як у Швёнтак, – але зусім не паказала той гульні, з якой можна было б выйграць у такой суперніцы.

Да фіналу падпісантка за рэжым дайшла ў ірваным рытме – стартавала ў 1/8 фіналу з дастаткова лёгкай перамогі над 12-й ракеткай свету Барбарай Крэйчыкавай з Чэхіі (6:2, 6:3), у паўфінале яшчэ хутчэй упрацавала №24 WTA расіянку Анастасію Патапаву (6:1, 6:2). А вось у чвэрцьфінале ўзніклі праблемы – на шляху стаяла іспанская найлепшая сяброўка Паўла Бадоса (31-ы нумар сусветнага рэйтынгу), якая выйграла першы сэт. Але потым Сабаленка ўзяла два – усе былі ўпартымі (4:6, 6:4, 6:4), таму матч зацягнуўся на дзве з паловай гадзіны. Пасля паражэння Бадоса выклала фота з Сабаленка і подпісам: «Я ўсё яшчэ люблю цябе».

Сабаленка пасля таго матча заявіла, што матывацыяй выйграць было нежаданне засмучаць свайго бойфрэнда-прарэжымніка Канстанціна Кальцова на трыбунах. А вось на фінал прычына настроіцца была больш адчувальная. Тытульным спонсарам турніру ў Штутгарце з“яўляецца мясцовы аўтавытворца Porsсhe, таму пераможцу належыць дарагая машына гэтай маркі. Перад фінальным матчам Сабаленка распавяла пра сваё вялікае жаданне завалодаць гэтай машынай.

«У мяне ёсць пара машын, BMW, мая мама іх водзіць. Але я вельмі хачу выйграць «Паршэ». Для мяне гэта сур“ёзная матывацыя», – заявіла тэнісістка.

У выніку Сабаленка, якая трэці год запар выйшла ў фінал Штутгарта, упусціла і трэцюю з магчымых машын. У 2021 годзе Арына прайграла аўстралійцы Эшлі Барці (6:3, 0:6, 3:6). Яна атрымала Porsche Taycan Turbo S Cross Turismo зялёнага колеру, якi ў Германii зараз прадаюць за 200 тысяч еўра.

У фінале-2022 на шляху Сабаленка да аўтамабіля ўстала ўжо Швёнтак (2:6, 2:6). Ёй дастаўся таннейшы чырвоны Porsche Taycan GTS Sport Turismo – вытворца ацэньвае яго ў 140 тысяч еўра.

У гэтым годзе арганізатары зноў расшчодрыліся – Швёнтак дадала ў свой аўтапарк сіні Porsche Taycan Turbo S Sport Turismo, якi каштуе крыху менш за 200 тысяч еўра.

Польская тэнісістка ўжо прымерылася да салона аўто.

А Сабаленка на цырымоніі ўзнагароджання прыкiнулася, быццам б“е сваім суцяшальным трафеем недасяжны запаветны прыз.

У прамове пасля ўзнагароджання Сабаленка як магла абжартоўвала сітуацыю – і заявіла, што збіраецца вярнуцца за машынай зноў. «Па-першае, хачу павіншаваць Ігу. Атрымлівай асалоду ад гэтай машыны. Па-другое, у мяне пытанне да спонсараў турніру і каго заўгодна, хто можа гэта зрабіць: можам мы дамовіцца, што пры наступным выхадзе ў фінал я проста атрымаю дадатковую машыну? Я рэальна стамілася выходзіць у фіналы, але заставацца без машыны. Я буду вяртацца сюды, пакуль не атрымаю машыну. Я працягну спрабаваць, не ведаю, 10 гадоў, 20 гадоў, каб атрымаць гэтую машыну», – пад смех публікі сказала тэнісістка.

Іншыя пасты блога

Усе пасты