Tribuna/Теннис/Блоги/«Порою блажь великая»/Каму здрадзіў Бахар і ці можна яму дараваць, калі нават ціснулі грашыма і войскам (але гэта не дакладна)

Каму здрадзіў Бахар і ці можна яму дараваць, калі нават ціснулі грашыма і войскам (але гэта не дакладна)

Алег Гаруновіч дае невялікую параду маладому футбалісту.

2 июня 2021, 11:17
16
Каму здрадзіў Бахар і ці можна яму дараваць, калі нават ціснулі грашыма і войскам (але гэта не дакладна)

Алег Гаруновіч дае невялікую параду маладому футбалісту.

Іван Бахар насамрэч герой. Без аніякіх жартаў. Ён герой на фоне і ўсіх свежаспечаных падпісантаў ліста за Лукашэнку, і нават на фоне тых, хто такі ліст не падпісаў. Бахар адным з першых у беларускім футболе абазначыў сваю грамадзянскую пазіцыю, і тая пазіцыя была далёка не чырвона-зялёнай. У мінулым жніўні, калі многія калегі яшчэ толькі думалі, што рабіць, паўабаронца перажываў праз сітуацыю ў краіне і выхадзіў гуляць з белым тэйпам на запясці – гэта было модна сярод прыхільнікаў перамен. І зараз гэты герой больш за астатніх адграбае за свой подпіс, што цалкам слушна, таму што Бахар – здраднік. Гэта не знявага, а толькі апісанне таго складанага становішча, у якім апынуўся малады чалавек. Гулец мінскага «Дынама» адназначна здрадзіў, вось толькі пытанне – каму: тым, хто прымаў яго за свайго і расчараваўся, або самому сабе?

Ад іншых адмахнуцца не так і складана. Можна ўвогуле нічога не казаць, а можна спаслацца на эвалюцыю поглядаў. Кожны можа змяніць свой пункт гледжання. Кожны можа перадумаць. Калі так, то Івану дастаткова заявіць аб гэтым, а яшчэ лепей – патлумачыць, чым яго натхняе Беларусь-2021. Бо яшчэ нядаўна Бахар спачуваў Сашу Івуліну, якога затрымалі ў Мінску ў Дзень Памяці Рамана Бандарэнкі, посціў брутальны кліп «Касты», у якім людзі, падобныя да беларускіх носьбітаў формы, збіваюць затрыманых, а тут раптам – бац! – і за Лукашэнку.

Ну, гэта крыху дзіўнавата, але чаго толькі ў жыцці не бывае. Хлопец сталее (Бахару ўсяго 22), змяняецца яго светапогляд. Магчыма, ён штосьці такое асэнсаваў. Напрыклад, вырашыў, што яго дзецям – а я спадзяюся, што ў Івана і яго жонкі Ксеніі ў пэўны час з’явяцца дзеткі – лепей жыць у той Беларусі, якую на фінішы сваёй кар’еры збудаваў Лукашэнка. Карацей, падпісаўся нават не для сябе, а для нашчадкаў, хоча захаваць для іх гэты момант, бо зразумеў, што гэта не так ужо і гідка, як некаторым здавалася раней. Ну што, мае права.

Але калі Іван не за Лукашэнку, а проста падпісаўся – дапусцім, пад нейкім прымусам – то, як ні круці, ён здрадзіў сабе. Таму ў любым выпадку здраднік. Як па мне, лепш быць здраднікам у чужых вачах (што там той вэрхал старонніх), чым ва ўласных (тут жа галоўнае, каб на душы быў спакой).

Знаёмыя, якія ведаюць Бахара, кажуць пра абставіны. Не ведаю, ці то яны гадаюць, ці то маюць нейкі інсайд. Маўляў, на хлопца ў клубе ціснулі або маглі ціснуць. Пагражалі (або маглі пагражаць) скарачэннем заробку, прыгадвалі (або маглі прыгадваць) армію, з дапамогай якой Івана і «супакоілі» ў мінулым годзе, і ён перастаў выступаць. Можа, і так. Можа, і ціснулі. Але ці падстава гэта для самавыбачэння?

Давайце проста паглядзім на гэтыя пагрозы збоку, і кожны вырашыць для сябе сам, наколькі яны фатальныя.

Вядомы футбольны заўзятар з Брэста Вася Пешаход быў блізкі да таго, каб патрапіць пад крымінальную адказнасць за нейкія паствыбарныя падзеі. Вася мае інваліднасць і не мае працы, у Беларусі жыў на пенсію і на тое, што зарабляла яго мама. Тым не менш, хлопец знайшоў магчымасць выбрацца з краіны, з’ехаць, каб пазбегчы пераследу.

Калі разглядаць версію з пагрозай войскам, то Бахара таксама пераследвалі. Але жыве Іван не на пенсію. Ён – высокааплатны футбаліст у чэмпіянаце Беларусі. У месяц атрымлiвае ад клуба штосьці каля 7 тысяч долараў, сам раней казаў, што добра ўмее грошы адкладаць.

Дык ці мог Бахар выратаваць сябе ад войска? Няма ніякіх сумневаў: мог. Чалавек, які здольны замовіць сабе тур на Занзібар або Мальдывы, з высокай верагоднасцю зможа набыць і авіябiлет да Масквы, а адтуль – у якую іншую кропку свету, калі яна не ва Украіне. Усё ж такі забяспечаны чалавек можа сабе дазволіць выбар і пэўную свабоду. Івану не трэба доўга збірацца ў дарогу, дзеці ж толькі наперадзе.

Так, ёсць кантракт з мінскім «Дынама», але з улікам ціску – мы ж разглядаем гэтую версію – маюцца добрыя шансы яго скасаваць. Што тут сумнявацца, калі Рохер Каньяс і Леандра Торэс разышліся адпаведна з «Шахцёрам» і брэсцкім «Дынама», не маючы ў прынцыпе аніякіх падстаў, а ў Бахара – ажно пераслед па палітычных матывах. Ні УЕФА, ні ФІФА такіх рэчаў не любяць. Дыктафонны запіс, шчырыя ўласныя сведчанні – магчыма, гэтага і хопіць, каб стаць свабодным агентам.

Канешне, асцярога, што міжнародныя футбольныя структуры ізноў праігнаруюць палітычныя выбрыкі з боку клуба/федэрацыі, не безгрунтоўная, але Беларусь зараз мае такую рэпутацыю, што, магчыма, толькі сведчанняў Бахара і не хапае, каб прыструніць функцыянераў, якіх прызначыў у спорт Лукашэнка. Фонд спартыўнай салідарнасці напэўна б у гэтым дапамог. Так, гэта варыянт хвалюючы, дзесьці рызыкоўны, але даволі прымальны, калі не хочаш здраджваць сабе. Свабодны агент Бахар, гулец з абоймы зборнай Беларусі, лёгка знойдзе новае месца працы з прыстойнымі грашыма ў бліжэйшым замежжы – і ніякіх табе гумавых ботаў.

Пагрозы заробкам – гэта таксама наўрад ці смяротна. Калі дарагому футбалісту скарачаюць выплаты, гэта зусім не азначае, што ён пачынае жыць на 500 рублёў у месяц. Бахара могуць сціснуць да ліміту, які ўсталявала федэрацыя цi мiнiстры, але ў любым выпадку гэта будуць грошы, якія не сніліся большасці беларусаў. На іх неяк можна жыць – вядома, калі вельмі не хочацца здраджваць сабе. Ну і пра Фонд спартыўнай салідарнасці не варта забываць, які можа дапамагчы ў стасунках з УЕФА.

Дык ці можна сказаць, што сістэма ўзяла Бахара ў закладнікі, што ён не мае выбару і не мае выйсця? Можа, яму за адмову падтрымаць Лукашэнку пагражала няволя, як яна пагражала (і гэта пагроза спраўдзілася) за сумленную працу галоўнай рэдактарцы TUT.BY Марыне Золатавай і іншым дзяўчынам з партала?

Вось цікава. Многія з тых, хто зарабляе мала, кажуць, што проста не могуць дазволіць сабе быць да канца чэснымі і прынцыповымі. Трэба ж выжываць! Пры гэтым людзі, якія зарабляюць многа, кажуць, што не могуць быць да канца чэснымі і прынцыповымі, бо ім ёсць што губляць. Такі вось беларускі тупік, які каторы раз штурхае да высновы, што грошы далёка не заўжды даюць унутраную свабоду. Часам наадварот – яны яе пазбаўляюць. Хаця той жа Віктар Бабарыка рызыкнуў такім дабрабытам, пра які малады футбаліст можа толькі марыць.

Улетку жонка Бахара вельмі імкнулася патрапіць у склад выбарчай камісіі, каб пабачыць, як працуе палітычная сістэма. Тады ў яе гэта не атрымалася, затое зараз дзяўчына, магчыма, зблізку назірае, як працуе іншая дзяржаўная сістэма – сістэма ціску. Гэта таксама даволі цікавы досвед, хаця і балючы.

Ёсць баяністы анекдот пра беларусаў, пра нашу здольнасць да ўсяго прызвычайвацца і падладжвацца. Маўляў, нават да цвіка ў зэдліку можам прывыкнуць, хаця той і коле ў азадак. Аднак сёння цвік коле многім беларусам не ў азадак, а ў душы і сэрцы. Коле ў сумленне, калі мы сочым за колькасцю палітвязняў, калі бачым, як Сцяпан Латыпаў спрабуе перарэзаць сабе горла.

Ці коле гэта душу, сэрца і сумленне Бахара? Ён дакладна сабе не здрадзіў? Не ведаю. I калі б у мяне была магчымасць, я б сказаў Івану толькі адно: «Не маўчы». Гэта парада, якую давала яго мужная – на той момант мужная – жонка ўсім беларусам, калі назірала беззаконне на вуліцах нашых гарадоў летам мінулага года.

Раптам і ў футбаліста хопіць мужнасці патлумачыць свой учынак.

Другие посты блога

Все посты