Tribuna/Футбол/Блоги/«Порою блажь великая»/Ці можна палюбіць Базанава і тых, хто побач з ім? У Беларусі гэта нават важней за дзіцячы футбол

Ці можна палюбіць Базанава і тых, хто побач з ім? У Беларусі гэта нават важней за дзіцячы футбол

Інакш нічога не будзе.

14 декабря 2021, 06:17
14
Ці можна палюбіць Базанава і тых, хто побач з ім? У Беларусі гэта нават важней за дзіцячы футбол

Інакш нічога не будзе.

Ну, дзякуй Богу, нарэшце. Да Уладзіміра Базанава дайшло – спатрэбілася ўсяго два з паловай гады. Вось што бывае, калі кіраваць справамі ў нейкай спецыфічнай сферы пачынае белы ліст. Пра гэта гадамі казаў Генадзь Нявыглас. Сяргей Румас з цёзкай-памочнікам Сафар’янам гадамі будавалі нейкія планы. Ну і Базанаў у рэшце рэшт зразумеў, за што трэба хапацца, каб настала светлая будучыня.

Ну вядома за што – за дзіцячы футбол!

Ох, якая гэта ў нас алхімія. Мы ствараем філасофскі камень, які павінен – вось-вось, трэба пачакаць яшчэ год, пяць, дзесяць, ад аднаго прызначэнца да другога, – дык вось, філасофскі камень павінен пачаць з маленства ператвараць беларускую драўніну і невысакародныя металы ў золата. Хутчэй бы. Зараз мы спадзяемся на халяўную праграму Нямецкага футбольнага саюза з сярэдзіны нулявых, якую ў сярэдзіне дзясятых адаптавалі пад Расію, а праз пяток гадоў перадалі за дзякуй беларускай федэрацыі. Пакуль не бачна, што праграма неяк дапамагла расіянам, але, можа, у нас стрэльне, хаця як мінімум адзін вельмі паважаны спецыяліст у дзіцячым футболе выказвае на гэты конт сумнеў.

Але я хачу сказаць іншае. Магчыма, як футбольны дылетант занадта многа на сябе бяру, але мне здаецца, што і дзіцячы футбол – не галоўнае. Так, гэта вельмі важны складнік, але не галоўны. А што ж тады?

Любоў. Любоў да футбола. Ці маем мы ў Беларусі яе столькі, каб разлічваць на вялікія поспехі? Ці дастаткова ў нас любві, каб пераадолець інфраструктурнае і метадычнае адставанне, кліматычны фактар і іншыя? Фактар любві выключна важны ў любым відзе спорту і ў любой справе, але пакуль давайце пра футбол.

Адкуль, перш за ўсё, павінны ісці промні гэтай любві? У якой іншай краіне, не ў Беларусі, мы б мелі багата варыянтаў адказу. Гэта і апантаныя фізрукі і трэнеры на месцах, лакальныя клубы і нацыянальная зборная, розныя футбольныя героі. Але ж мы, беларусы, прывучаныя, што ўсё ідзе выключна зверху, і таму, натуральна, галоўным выпраменьвальнікам любві павінна быць федэрацыя. Але замест любві яна выпраменьвае хутчэй радыяцыю – нябачныя хвалі, якія паступова, незаўважна вядуць да разбурэння. Да футбольнай анкалогіі, калі хочаце. Ну вось скажыце: каго і за што ў АБФФ любіць? І ці бачыце вы, каб супрацоўнікі федэрацыі самі любілі футбол?

Уладзімір Базанаў любіць жонку і вандроўкі. Яшчэ – планы, за якія не трэба адказваць, і падпарадкаванне. Яго першы намеснік Юрый Вяргейчык больш за ўсё ў футболе любіць сябе. О, калі вы не выйгравалі Кубак Беларусі, то можаце да спадара Вяргейчыка нават не падыходзіць. Яму пляваць на вашае меркаванне, пра што ён наўпрост папярэджвае. У 2005 годзе чалавек траўмаваў сам сябе перамогай у чэмпіянаце краіны і з тых часоў жыве на ўяўным Алімпе побач з Зіданам, Шаўчэнкам ды іншымі. Пра свае былыя подзвігі (але не пра свае менеджарскія факапы) Вяргейчык расказвае пры любой нагодзе, калі трэба і калі не. Але ад гэтага не хочацца больш любіць ні яго самога, ні футбол.

Другі намеснік ахвяры чэшскіх лялькаводаў – былы лукашэнкаўскі ахоўнік Міхаіл Ботнікаў – любіць выпіць і цэнзураваць: пазбаўляў акрэдытацыі самага папулярнага футбольнага блогера краіны, вышукваў ідэалагічныя дыверсіі ў «Прэсболе». Чалавек не хавае, што галоўнае для яго – не футбол, а каб ніхто не разгойдваў човен, няхай гэты човен ужо захрас у дрыгве.

А можа, галоўны трэнер зборнай – гэта той чалавек, вакол якога хочацца гуртавацца? Ну, калі вы любіце выяўляць ворагаў ды абражаць іншых, то калі ласка. У прынцыпе, мізантропаў у краіне хапае. Іх дастаткова, каб сфармаваць вакол зборнай непахісны заўзятарскі гурток, але і гэта, на жаль, не пра любоў.

Проста параўнайце Кандрацьева з некаторымі ягонымі папярэднікамі. З Берндам Штанге, які натхняў, ездзіў па правінцыйных стадыёнах і хадзіў на Камароўку. З Аляксандрам Хацкевічам, які мог і пажартаваць, і ўвогуле паводзіў сябе як вольны чалавек. Нават з савецкім буржуа Анатолем Байдачным, які любіць адпачываць у Іспаніі, але вельмі перажывае за веліч Расіі, – з яго «мля», з яго эмацыйнасцю, з яго гняўлівасцю ў некаторых сітуацыях. У любога з іх харызмы і любві болей, чым сёння ўва ўсёй федэрацыi разам узятай.

Дзейным футбалістам бракуе ўзроўню, каб натхняць на любоў. Часам здараюцца дзёрзкія праходы Віталя Лісаковіча, часам можа бліснуць Ілля Шкурын, але іх дзеянням не хапае рэгулярнасці, каб пераўтварыцца ў такі ж брэнд, як дальнія ўдары Рамашчанкі або тонкія асісты Бялькевіча. З былымі гульцамі таксама ўсё вельмі складана. Аляксандр Глеб ператварыўся ў занадта адыёзную фігуру і сёння ў некаторых выклікае не любоў, а агіду. Увогуле, у Глеба куды лепей прасочваецца імкненне да прыватнага жыцця, чым да грамадска карыснай дзейнасці. Ну, гэта натуральна – заробленыя за кар’еру грошы самі сябе не патрацяць, ды і калі паслухаць Аляксандра, арыгінальных ідэй у яго не так шмат (дастаткова прабегчыся па яго рэпліках у тым, што датычыцца белфутбола).

З харызматыкамі-ветэранамі, няхай іх і любяць людзі, у АБФФ не вельмі ладзіцца. Дастаткова прыгадаць няўрымслівага Генадзя Туміловіча. Той жа Віталь Кутузаў па ментальнасці таксама не вельмі спалучаецца з сённяшняй федэрацыяй, а таму яго здольнасць выклікаць любоў таксама незапатрбаваная. А ёсць жа яшчэ Сяргей Алейнікаў і быў Сяргей Герасімец – чужыя людзі для сённяшняй сістэмы.

Але ці азначае гэта, што любві ў сённяшнім футболе няма? Што яе зусім не бачна? Не, ёсць парасткі, якія дораць надзею.

«Крумкачы» – гэта як раз пра любоў. У бядзе і ў шчасці, у першай лізе і вышэйшай – няважна. Вось кам’юніці, якое мае патэнцыял для росту. Добры прыклад лакальнага клуба, дзе галоўнае не вынік, а асалода і повязь паміж заўзятарамі і гульцамі. І ў БАТЭ ёсць устойлівае кола прыхільнікаў. Стасункі там больш глыбокія, чым проста камерцыя. Прынамсі, клуб робіць шмат, каб склалася такое ўражанне (паездку Андрэя Капскага пакінем тут па-за ўвагай). У салiгорскага «Партызана», клуба Мікалая Януша, што здабыў права выступаць у Д2, заўзятараў пакуль не так многа, але прысутнічае драйв: футбалісты-аматары хочуць трэніравацца нават у адпачынку.

Любоў я бачу ў допісах Мікалая Мурашкі, якi развівае ўласную дзіцячую школу. Чалавек ужо не проста менеджар. Ён паглыбляецца і ў трэнерскія моманты. Гэтая апантанасць дорыць надзею на прагрэс, прымушае глядзець з павагай.

Шмат чаго беларускаму футболу даваў (і, напэўна, яшчэ дасць) Саша Івулін. У яго ютуб-канала «ЧестнОК» больш за 75 тысяч падпісчыкаў. Не раз чуў, што Івулін рэальна прымушаў людзей любіць беларускі футбол, хаця раней яны ім і блізка не цікавіліся.

Пра любоў да футбола я чуў ад аднаго знаёмага. Яго сын займаўся (а можа, і зараз займаецца) у футбольнай школе «Мінска». Быў капітанам. Знаёмы ганяў за ім па спаборніцтвах. Неяк цікавіўся ў мяне, як у Беларусі стаць трэнерам пачатковага ўзроўню. Але ўжо больш за год сядзіць у турме – праз пратэсты, вядома. Не ўпэўнены, што разлука адаб’ецца на кар’еры сына станоўча. Аналагічную драму, прычым не толькі ў футболе, перажываюць шмат якія сем’і. Сотні неабыякавых сумленных бацькоў замест таго, каб развіваць сваіх дзяцей, каб дапамагаць ім рэалізавацца, матаюць тэрміны толькі за тое, што адстойвалі свае правы.

З аўтарытэтных асоб у футболе, на якіх можна раўняцца, я б выдзеліў Васіля Хамутоўскага. Прыстойна выступаў за зборную, стаў запатрабаваным трэнерам, не трапляў у ДТЗ ды іншыя прыгоды, імкнецца да развіцця, паважаны сярод заўзятараў і калег, забяспечаны, але душу не прадаў.

Прыгадваецца і спроба збудаваць брэнд «Белыя крылы». Не ўсё там складалася гладка, але, на мой погляд, то быў верны кірунак – наладзіць прасцецкія адносіны паміж футбалістамі і заўзятарамі. Зрабіць іх як мага болей блізкімі адзін да аднаго. Не такія ў нас зорныя гульцы, каб быць недасяжнымі. Імкненне пазбавіцца пафасу як раз адпавядала (а зараз адпавядае яшчэ больш) узроўню нашай нацкаманды. Ад яе нельга чакаць вынікаў, але ж можна проста хварэць за сваіх (эх, каб толькі яны былі сваімі) – за тых, каго ведаеш, з кім можаш сустрэцца і пагаварыць.

Не кажу, што мае прыклады абсалютна ўдалыя і бясспрэчныя (можаце прапанаваць свае), але які ў іх лёс? Якое стаўленне з боку АБФФ і рэжыму Лукашэнкі? У найлепшым выпадку – ніякае, а ў астатнім… Пад «Крумкачоў» прапісалі новыя правілы, каб толькі не бачыць іх у вышэйшай лізе. Аб БАТЭ выціралі ногі. Івуліна пазбаўлялі акрэдытацыі і кінулі ў выніку за краты. Хамутоўскага па факце зрабілі персонай нон грата ў белфутболе. «Белыя крылы» растапталі і ўвогуле зрабілі экстрэмісцкай сімволікай. Што там яшчэ засталося?

Рэжыму Лукашэнкі не патрэбная грамадская супольнасць, а федэрацыі не патрэбная любоў. Вось без яе мы і будзем развіваць дзіцячы футбол.

Таму ў гэту эпапею і цяжка паверыць.

Лучшее в блогахБольше интересных постов

Другие посты блога

Все посты