Tribuna/Хоккей/Блоги/Сезон Охоты/«Дынама-Мінск»-«Северсталь». Настукаем па Чарапаўцу!

«Дынама-Мінск»-«Северсталь». Настукаем па Чарапаўцу!

Чорны Кузьміч выступае з чарговай серыяй прадказанняў

Блог — Сезон Охоты
8 октября 2015, 12:53
6

Хмурыя панядзелкавыя чэргі на ўваходзе. Няспешны шмон у выкананні мясцовых "сэк'юрыці" ("З кішэняў выкладаем! Кепку падымі! Праходзь!" - звычайная ветлівасць беларускіх службоўцаў як яна ёсьць). Падарожжа ад галоўнага ўвахода да месца на трыбуне (ад сілы метраў 30) хвілінак на пятнаццаць даўжынёй. Маўклівыя стрыманыя суседзі па сектары, ад якіх часам далятала кшталту: "Блин, возле фансектора сели. Все уши оторут", вялізныя вольныя плямы на трыбунах. Доўгачаканае вяртанне Кузьміча на Мінск-арэну выйшла своеасаблівым :)

Але што ж зробіш - хацелася сваімі вачыма ўбачыць, ці спраўдзяцца прадказанні. Забягаючы ўперад - не спраўдзіліся. Індзеец Чычу спадобіўся толькі на палову чаканага ад яго (і на тым дзякуй, улічваючы яго фізічны стан "стаю на балоце, у лыжы абуты"), Мялешка здолеў не больш за прыгожы блок (цікава, ці не яго прызваны замяніць у ростэры наваяўлены дынамавец Кальцоў?), а Бэйлен і Гандэрсан выйшлі ў адной брыгадзе. Амаль выправіў становішча лік, які доўгі час трымаўся на прадказаным Кузьмічом узроўне, але Мэт Элісан, як высветлілася, быў супраць (за што яму шчыры дзякуй).

Гэтакім чынам, з ганебным нулём адсоткаў рэалізацыі прадказанняў Кузьміч пераходзіць да наступнай лядовай баталіі, якая абяцае быць вельмі напружанай, бо на гэты раз у Мінск завітае з Чарапаўца лядовая дружына пана Сікоры (які, да вялікай радасці ўсіх тутэйшых, зусім не наш легендарны пан Марэк) - упарты і моцны характарам запісны аутсайдэр Заходней канферэнцыі.

Хаця "Дынама" звычайна так сабе гуляе з андэрдогамі, на цёплы прыём паўночнікам разлічваць няма сэнсу. Ім дадуць дастойны адпор...

 

1. Мэт Элісан з ачковым хет-трыкам

Хто самы "гарачы" хакеіст у КХЛ #якраззараз? Кузьміч думае, што сярод форвардаў аўтару двух запар хет-трыкаў ды проста выдатнаму гульцу Мэту Элісану канкурэнтаў на гэтую пасаду не знойдзецца. Дык на чыю ж яшчэ клюшку спадзявацца заўзятарам, якія жадаюць, каб  добрая традыцыя насоўваць чужым брамнікам поўныя штаны шайб працягвалася як мага даўжэй?

Тым больш, што Раян Вессі ды Шарль Лінгле пакуль застаюцца ў лазарэце (апошні, верагодна, нават да канца сезона), Індзеец Джо відавочна не ў кандыцыі, а КэпКалюжны феерычна раздае пасы (ну і хай працягвае). З рэальных канкурэнтаў застаецца толькі Пол Шчахура, які часам гуляе проста выдатна, але ўсё ж хутчэй з'яўляецца файным універсалам, а не галеадорам. Вынік? Мэт - мінімум 3 балы, калі ласка!

 

2. Дзмітрый Буйніцкі з першым голам у КХЛ

Самаадданая і прыгожая гульня маладога майстра дрыблінгу ўжо праклала яму шлях у сэрцы некаторых чытачоў гэтага блёга - ды й самога Кузьміча таксама, прызнацца. Упэўненыя дзеянні хакеіста на пляцоўцы ўжо прынеслі яму 1 асістэнцкі бал (памятаеце эстецкі гол Мікіты Камарова суровым аўтамабілістам?), але гэта дасягненне юнака яўна не задавальняе.

Буйніцкі меў рэальныя моманты ўжо ў гульне з "Барысам" (а наконт "Авангарда" і "Югры" Кузьміч папросту не ведае - не глядзеў, бо грэшны). Так што (будзем спадзявацца!) хлопца вярнуць з занятага ў малацікавай Кузьмічу кубкавай зарубе маладзечанскага "Дынама", дадуць досыць айс-тайма, а ён скарыстае свае магчымасці на усе 100%.

 

3. Брыгады большасці "Дынама" з мінімум 2 шайбамі

Яшчэ зусім нядаўна заўзятары і эксперты на "Дынама" бурна лаяліся, і небеспадстаўна: фантастычная "хімія" дынамаўскай большасці нечакана і невядома куды знікла, з-за чаго доўгі час статыстыка трымалася ледзь не на ўзроўні найгоршых сезонаў нашай каманды. Крыху выправілася ўсё толькі ў апошнія некалькі гульняў - асабліва дзякуючы недысцыплінаваным гасцям з Астаны.

Тым не менш, будзьма рызыкаваць і паставім на з'яўленне новай тэндэнцыі ў дынамаўскай гульне: эффектыўнасць у большасці будзе патроху набліжацца да паказчыкаў мінулага сезона. Прасцей кажучы, будзе реалізоўвацца ад адной пятай да чвэрці ўсіх спробаў; пры тым, што падчас напружанай гульні наўрад ці выдасца менш за 10-15 хвілін большасці, можна смела ставіць на 2 шайбы ў няроўных складах за матч. Праверым тэорыю на "Северсталі"?

 

Ну і напрыканцы фінальный лік - 4:3, перамога "Дынама"!

Заўзеем за нашых!

P.S. Нешта мала народу на Арэне апошнім часам, і атмасфера крыху сапсавалася. Прыходзьце, не маўчыце - разам заўзець весялей!

Другие посты блога

Это Льюис виноват!
16 мая 2017, 21:27
5
Не нашей Маше
19 января 2016, 00:30
36
С Новым годом!
31 декабря 2015, 00:27
5
Все посты