Tribuna/Футбол/Блоги/Ваўка ногі кормяць/7 найгоршых стадыёнаў у Беларусі для футбольных заўзятараў (расліны са шчылін, цвіль, сляпыя зоны). «Атлант» – толькі на 3-м месцы

7 найгоршых стадыёнаў у Беларусі для футбольных заўзятараў (расліны са шчылін, цвіль, сляпыя зоны). «Атлант» – толькі на 3-м месцы

Суб’ектыўны рэйтынг граўндхопера.

Автор — Скай Волк
28 октября 2022, 05:13
5
7 найгоршых стадыёнаў у Беларусі для футбольных заўзятараў (расліны са шчылін, цвіль, сляпыя зоны). «Атлант» – толькі на 3-м месцы

На днях Сяргей Паліцевіч сказаў, што ўзровень беларускага футбола падае праз тое, што каманды вышэйшай лігі вымушаныя гуляць на такіх стадыёнах, як САК «Алімпійскі». Ох, my sweet summer child. У Беларусі хапае куды горшых стадыёнаў, чым САК – і далей у тэксце будзе топ-7 (і Паліцевіч на адным з іх правёў значную частку кар’еры).

«А суддзі хто?», як любяць пісаць клубы ЧБ пра прызначэнні арбітраў на гульню. У Беларусі я наведаў амаль 400 футбольных матчаў на 64 стадыёнах – гэта не так шмат, калі шчыра, бо ёсць граўндхоперы з 100+ стадыёнамі ў Беларусі. Але ўсё ж у мяне хапае вопыту, каб параўноўваць стадыёны і зрабіць нейкі рэйтынг – безумоўна, ён суб’ектыўны і базуецца на ўласным досведзе.

Тут трэба зрабіць яшчэ такую заўвагу: гаворка пойдзе толькі пра стадыёны, дзе гуляюць так званыя «прафесійныя» каманды – то бок каманды першых двух дывізіёнаў. Вядома, стадыён у Капылі (дзе асфальтавыя бегавыя дарожкі і лаўкі на голым бетоне) будзе горшы за «Барысаў-Арэну» ці магілёўскі «Спартак». Але я не лічу справядлівым уключаць стадыёны другой лігі ў такія спісы, бо клубы першай і вышэйшай ліг маюць значна большыя магчымасці, чым аматарская каманда ва ўмоўным Капылі. Якая яшчэ два гады таму гуляла не ў другой лізе, а ў чэмпіянаце Мінскай вобласці – у другой лізе яны апынуліся праз «геніяльную» рэформу мінора ад Базанава.

Больш за тое, да стадыёнаў першай і вышэйшай лігі ёсць пэўныя патрабаванні ў рэгламенце, у той час як у другой лізе іх няма. Таму гэты топ-7 складаецца са стадыёнаў Д1 і Д2.

Ну і галоўнае: ацэньваць стадыён я бяруся з пункту гледжання заўзятара. Гэта значыць, што якасць газону не грае ніякай ролі. Прабач, «Трактар». Толькі камфорт, толькі чысціня сядушак, наяўнасць/адсутнасць даху і бегавых дарожак.

7. «Юнацтва», Смаргонь

«Смаргонь» ужо забяспечыла ўдзел у вышэйшай лізе на наступны год (калі знойдуцца грошы, вядома). У 2020 годзе я заспеў стадыён у такім стане. З тых часоў мала што змянілася, акрамя расфарбоўкі трыбун. 

У 2021 годзе змяніўся колер трыбунаў. Каманда, у якой клубныя білборды чамусьці ў бела-сіне-чырвоных колерах, пафарбавала сядушкі трыбуны (той, што трапляе ў кадр трансляцыі) у чырвона-зялёны. Очэнь патрэацічна.

Затое на месцы засталося павуцінне паміж сядушкамі і нават шэрагамі – як вы разумееце, аншлагаў у Смаргоні не было даўно. Самі драўляныя сядушкі як былі падзяўбанымі жыццём, так і засталіся – проста ў іншых колерах. Ад бруду і пылу іх таксама ніхто не адмывае. Камфортным стадыён ну ніяк не назваць.

6. Стадыён імя Пракапенкі, Бабруйск

Гэты стадыён, урачыста адкрыты ў 2015 годзе, рабілі дакладна не для заўзятараў. Тут дзве трыбуны: і калі да адной, што з боку парка, пытанняў няма, то з другой глядзець матч складана. Нібыта камусьці было мала бегавых дарожак – і таму тут паміж дарожкай і першым шэрагам зрабілі яшчэ пешаходную дарожку. З першага шэрагу глядзець футбол немагчыма ў прынцыпе. З вышэйшых сітуацыя не паляпшаецца значна. Там яшчэ і слупы даху могуць замінаць, між іншым.

І ладна б, калі тут гулялі толькі дублёры, на якіх заўзятары не ходзяць. Але на стадыён прыехала вышэйшая ліга: тут рэгулярна ўвесну і ўвосень гуляе «Белшына». Больш за тое, хатнія матчы тут праводзілі нават «Слуцк» і «Гомель».

Не хапае для заўзятараў прыбіральняў і палатак з ежай. Гасцявы фан-сектар дакладна застаецца без ежы ці напояў, а ў прыбіральню можна схадзіць толькі калі адміністрацыя стадыёна не забудзецца паставіць біятуалеты.

5. «Гарадскі», Маладзечна

Стадыён у Маладзечна мае добрую гісторую – тут гуляла зборная Беларусі з братамі Макоўскімі, у 1990-х тут пастаянна была вышэйшая ліга (і да 2004-га). «Іслач» вярнула ў горад «вышку» ў 2016-м, пасля тут хатнія гульні праводзіў яшчэ і «Энергетык-БДУ».

Але ёсць адчуванне, што з тых самых 1990-х стадыён зусім не змяняўся. Напрыклад, вам можа патрапіцца вось такое месца – са слупом, які замінае глядзець. Яшчэ ў наяўнасці бегавыя дарожкі і жудасны металічны плот, які адразу кажа табе: «Чуеш, злачынца, аўтазак тут побач». Не люблю, калі мяне па змаўчанні лічаць злачынцам.

І хоць на стадыёне ёсць дах над галоўнай трыбунай, сядушкі ўсё роўна брудныя. З бетону прабіваецца не толькі мох, але і мацнейшыя расліны. А яшчэ тут ёсць магчымасць назаўсёды развітацца з тэлефонам – калі вы раптам выпусціце яго з рук і ён трапіць у дзірку паміж сядушкамі. Дастаць яго адтуль будзе немагчыма, бо ніякіх дзвярэй пад трыбуну не існуе.

Нарэшце, трэба сказаць пра само месца на трыбунах. Калі вам пашанцавала і вы знайшлі чыстае – не спяшайцеся радавацца. Калені будуць упірацца ў сядушку і праз паўгадзіны ногі дакладна забаляць.

Выцягнуць іх можна, толькі калі побач з вамі няма суседа. Не, вядома, на гульнях «Іслачы» і «Энергетыка» не праблема выцягнуць ногі на суседняе месца, але ўсё роўна гэта непрыемна.

4. РЦАР-БДУ, Мінск

На гэтым стадыёне яшчэ зусім нядаўна можна было гуляць вышэйшую лігу штогод. Цяпер толькі да траўня – праз забарону выкарыстоўваць штучны газон. Тым не менш стадыён фармальна праходзіць праз усе патрабаванні ліцэнзавання – нават праз неабходнасць 1500 месцаў для гледачоў, хаця ёсць адчуванне, што на стадыёне няма столькі месцаў.

Калісьці былі чуткі, што стадыён прайшоў ліцэнзаванне пад вышку па колькасці месцаў толькі праз нейкі план рэканструкцыі, які прадугледжвае трыбуну за брамай і насупраць асноўнай трыбуны. Не ведаю, што там наконт трыбуны за брамай, а вось на будаўніцтва іншай трыбуны на месцы аўтадрома я бы паглядзеў.

Сядушкі брудныя, паміж імі мох і іншыя расліны – карацей кажучы, нічога незвычайнага для стадыёнаў у гэтым топе. Даху тут таксама няма, заўзятары могуць схавацца ад дажджу хіба што пад невялічкі казырок, дзе можна толькі стаяць.

3. «Атлант», Наваполацк

«Атлант» стэрэатыпна лічыцца найгоршым беларускім стадыёнам (Паліцевіч, калі што, і тут пагуляў), але я б не сказаў, што гэта так. Па-першае, ягоныя асноўныя жахі заключаліся ў распранальнях камандаў. Пасля апошняга такога скандалу, калі выказваліся нават гульцы БАТЭ, гасцявую распранальню адрамантавалі. Там цяпер няма разбітых прыбіральняў з дзіркай у падлозе, ды і душ выглядае больш цывільна.

А вось трыбуны так і засталіся нязручнымі, нібыта не для людзей. Як і ў Маладзечна, тут банальна не хапае месца для ног – праз паўгадзіны яны пачынаюць балець. Сядушкі мылі ў мінулым стагоддзі, з бетону расце мох і нейкія іншыя расліны, металічны іржавы плот і чорныя бегавыя дарожкі дадаюць суворага антуражу. Калі б сядушкі былі не каляровымі, а шэрымі ці чорнымі, на «Атланце» можна было б хоць сёння здымаць фільм пра стадыён у Чарнобыльскай зоне.

Мая любімая гісторыя пра «Атлант» – гэта тое, што на стадыёне няма ніякай электрычнай падстанцыі ці іншай інфраструктуры. Табло, гукавая апаратура і ўсё вось гэта працуе ад пажарнай машыны (вунь яна, злева ўверсе на фота), у якой знаходзіцца генератар.

Аднойчы мне давялося трапіць на «Атлант» падчас жудаснай залевы. Я хаваўся ад касога дажджу на месцы прэсы (там ёсць невялічкі дах), назіраў за водным пола і любаваўся хмарамі. Шчыра скажу, «Атлант» вельмі антуражны ў сваім жаху.

Гэта, безумоўна, адзін з найгоршых стадыёнаў Беларусі, але калі б я складаў «топ-10 стадыёнаў, якія абавязкова трэба наведаць у Беларусі», наваполацкі стадыён адназначна туды б патрапіў.

2. «Лакаматыў», Баранавічы

Яшчэ год таму гэта было б моцнае першае месца ў спісе, але рэканструкцыя крыху ўзняла стадыён у рэйтынгу. Таму давайце спачатку я раскажу, якім быў баранавіцкі стадыён літаральна два гады таму:

– Цвіль па ўсёй арэне.

– Імхом і раслінамі на стадыёне ўжо не здзівіць. А што наконт дрэва, якое расло наўпрост пасярод зачыненага офіснага памяшкання?

– Расколіны ў апорных сценах.

– «Сляпыя зоны» на некаторых месцах проста фантастычныя.

– Брудныя сядушкі, якія ніколі ніхто не мыў. Дах ёсць, але закрывае невялічкую частку трыбуны.

– Паміж першым шэрагам і газонам – 21 метр. Бо там не толькі асфальтныя бегавыя дарожкі, але яшчэ і пешаходная дарожка. Для чаго – ніхто не ведае.

– Трыбуну не цэнтравалі да поля – у выніку адна з трыбунаў знаходзіцца вось так.

 

У 2020 годзе пачалася рэканструкцыя, на якой выдатна наварыліся чыноўнікі мясцовага выканкаму, бо на яе выдзялілі амаль 4 млн даляраў. Стадыён адкрывалі ўрачыста – сагналі школьнікаў, правялі чырвона-зялёны канцэрт.

Як цяпер выглядае стадыён? Засталіся амаль усе пункты вышэй, няма толькі цвілі, імху ды расколінаў у сценах. Ну, нічога, літаральна 10 гадоў – і яны вернуцца.

1. «Трактар», Мінск

Галоўная праблема «Трактара» ў тым, што стадыён належыць Мінгарвыканкаму, якому пляваць на заўзятараў. Калі б «Дынама» і хацела што зрабіць са стадыёнам, то ўсё роўна заміналі б чыноўнікі, якім і так норм.

«Трактар» – гэта квінтэсэнцыя ўсіх стадыёнаў у гэтым топе. Думаю, што большасць чытачоў была хаця б разочак на гэтый арэне, таму не буду паглыбляцца ў дэталі: мох і расліны з бетону, брудныя сядушкі, адсутнасць даху, бегавыя дарожкі – класіка дрэнных спортзбудаванняў Беларусі. Яшчэ тут няма электраасвятлення (як і ва ўсіх у гэтым спісе). Ведай, заўзятар: калі ў апошніх турах гуляюць адначасова ў 14:00, гэта праз стадыёны, на якіх няма электраасвятлення. І сярод гэтых стадыёнаў – «Трактар».

Яшчэ «Трактар» – гэта царства бетону з вузкай галерэяй, што прыводзіць да велізарных натоўпаў у перапынку, і вузкім уваходам на стадыён – і праз гэта часта ўтвараюцца чэргі.

Іранічна ці не, але замежныя граўндхоперы, якія прыязджаюць у Мінск на футбол, застаюцца пад уражаннем ад «Трактара». Кажуць, што гэта «real soviet stadium» і таму гэта «woooow!».

Магчыма, стадыён хутка закрыюць на рэканструкцыю альбо проста знясуць, каб пабудаваць на гэтым месцы чарговы 20-павярховы мурашнік. І я буду сумаваць па «Трактары», вядома. Але пакуль гэта самы горшы стадыён у Беларусі для заўзятараў.

Фота: аўтара, Прэсбол, planetabelarus.by

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты