Tribuna/Хоккей/Блоги/Ваўка ногі кормяць/Хутка ў былой галоўнай турме Літвы адкрыюць каток: там сядзелі выбітныя беларусы, побач забілі Каліноўскага, закрылі праз жудасныя ўмовы (гэта штосьці вам нагадае)

Хутка ў былой галоўнай турме Літвы адкрыюць каток: там сядзелі выбітныя беларусы, побач забілі Каліноўскага, закрылі праз жудасныя ўмовы (гэта штосьці вам нагадае)

У галоўных турмах Беларусі таксама каток – каток рэпрэсій.

Автор — Скай Волк
11 ноября 2022, 10:22
Хутка ў былой галоўнай турме Літвы адкрыюць каток: там сядзелі выбітныя беларусы, побач забілі Каліноўскага, закрылі праз жудасныя ўмовы (гэта штосьці вам нагадае)

У гэтым снежні ў Лукішскай турме адкрыюць каток. Добрае атрымліваецца параўнанне дзвюх суседніх краінаў:

У галоўнай некалі турме Вільні – каток лядовы.

У галоўнай турме Мінска – каток рэпрэсій.

Думаю, пры Лукашэнку ў Беларусі хіба што лядовыя палацы ператворацца ў турмы, але дакладна не наадварот.

У Лукішскай турме я ўпершыню апынуўся ў 2021 годзе. Наш экскурсавод запытаўся ў групы беларусаў: «Хтосьці з вас раней трапляў за краты?» Рукі падняла палова групы. Ходзячы па бетонных калідорах і разглядаючы камеры, некаторыя беларусы казалі: «О, я вось у такой сядзеў». Хтосьці пазнаваў карцар, хтосьці іншыя дэталі.

Пасля мы выйшлі з памяшкання на свежае паветра і пайшлі глядзець выставу малюнкаў Уладзіміра Цэслера. Бо Лукішская турма не дзейнічае з 2019 года – цяпер гэта частка культурнай прасторы Вільні, дзе праводзяць выставы, экскурсіі, мерапрыемствы.

А яшчэ ў Лукішскай турме здымалі чацвёрты сезон «Дзіўных рэчаў» (Stranger Things).

Прычым сярод акцёраў масоўкі нават былі беларускія студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ). Установу зачынілі ў Мінску ў 2004 годзе па палітычных прычынах, пасля чаго ўніверсітэт пераехаў у Вільню.

І вось неўзабаве на тэрыторыі былой турмы адкрыюць каток.

Лукішская турма мае дачыненне да Беларусі – і, як вы разумееце, гэта сумны факт. Побач з турмой знаходзіцца Лукішская плошча, дзе расійскій акупацыйныя ўлады паказальна забілі ўдзельнікаў паўстання Каліноўскага. У тым ліку – і самога Кастуся Каліноўскага, якосу прысудзілі расстрэл, але расійкі губернатар Мураўёў «Вешальнік» замяніў прысуд на публічнае павешанне. Дэманстратыўная знявага – у тыя часы вешалі крымінальных злачынцаў. Гэта тут 27-гадовы Каліноўскі выкрыкнуў з шыбеніцы «Люблю Беларусь». Цяпер на гэтым месцы памятны знак.

А пасля побач пабудавалі турму – тую самую, Лукішскую. Яна дзейнічала з 1905 года і была зручнай для любой улады – а іх у ХХ стагоддзі было шмат. Колькі тут крыві, колькі болю – немагчыма апісаць. У гады Расійская імперыі ў вязніцы адбываў пакаранне драматург Францішак Аляхновіч, прычым у Лукішках ён напісаў п’есу «На Антокалі». Пазней, у савецкія часы, ён атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх выспах – пасля ўлады яго памянялі на арыштаванага ў Польшчы Браніслава Тарашкевіча, каб пазней асветніка Тарашкевіча знічшыць.

У гады польскай Вільні ў Лукішках утрымлівалі Тарашкевіча, Максіма Гарэцкага, Максіма Танка. Тут адбывалі пакаранне па справе Таварыства беларускай школы Барыс Кіт, Янка Хвораст, Рыгор Шырма. Тут у зняволенні быў паэт і этнограф Уладзіслаў Паўлюкоўскі.

Лукішскую турму выкарыстоўвалі і нямецкія акупацыйныя ўлады, і савецкія – пасля другой акупацыі Літвы. Абодва рэжымы аб’ядноўвала барацьба з любым вальнадумствам. Таму ў Лукішках людзей катаваў спачатку НКУС, пасля Гестапа, з 1944 года – зноў НКУС. У 1940 годзе саветы трымалі ў Лукішках будучага прэм’ер-міністра Ізраіля Менахема Бегіна, які нарадзіўся ў Брэсце. У 1978 годзе ён атрымаў Нобелеўскую прэмію міра. На Валадарцы зараз, як вы ведаеце, рэжым утрымлівае за кратамі Алеся Бяляцкага – аднаго з актыўных дзеячаў беларускага Адраджэння канца 1980-х – пачатку 1990-х, праваабаронцу і кіраўніка «Вясны», які атрымаў Нобелеўскую прэмію міра месяц таму.

Нават праз 12 гадоў гадоў пасля сканчэння Другой сусветнай вайны ў турму траплялі літоўцы, якія змагаліся за вольную Літву – як цяпер трапляюць на Акрэсціна ці Валадарку беларусы. Тут утрымлівалі кіраўнікоў «лясных братоў» Ёнаса Жамяйціса і Адольфа Раманаўскаса-Ванагаса. Апошняга пасля катаванняў савецкія ўлады пакаралі смерцю ў 1957 годзе. У 2018-м ён быў прызнаны законным кіраўніком Літоўскай дзяржавы.

Ужо пад канец савецкай імперыі ў Вільню прывозілі вязняў з Мінска, у тым ліку для выканання смяротнага пакарання. У незалежнай Літве Лукішская турма яшчэ амаль 30 гадоў выконвала ўсё тую ж функцыю. Але ўмовы знаходжання ў ёй былі настолькі дрэннымі, што пра закрыццё Лукішскай турмы ўпершыню задумаліся яшчэ ў 1960-х.

У 2004 годзе Літва стала краінай Еўрапейскага Саюза – і пра Лукішскую турму зноў загаварылі, бо яна не адпавядала нормам Рады ЕС. Таму Літва пачала плаціць вязням кампенсацыі (!) за ўтрыманне ў дрэнных умовах. Напрыклад, грамадзянін Польшчы, які 8 месяцаў знаходзіўся ў Лукішках, атрымаў 1600 даляраў кампенсацыі за свой тэрмін. Паляк сцвярджаў, што яго «трымалі ў нечалавечых умовах»:

– Камеры перапоўненыя, у іх утрымлівалася па шэсць чалавек. Акрамя таго, камеры вільготныя, іх сцены ў цвілі, у іх ёсць чарвякі і пацукі.

Знаёма, так?

У 2009 годзе была прынятая пастанова пра рэформу турэмнай сістэмы, якая прадугледжвала мадэрнізацыю альбо закрыццё некаторых установаў. Змрочны помнік рэпрэсіям вырашылі зачыніць, што і адбылося ў сярэдзіне 2019 года.

Але што рабіць далей? Галоўная складанасць была ў тым, што Лукішская турма была ўключаная ў рэестр культурных каштоўнасцяў Літвы. Гэта значыць, што забараняецца любая перабудова ці забудова на тэрыторыі комплексу. Прадаць бізнесу турму і забараніць там хоць штосьці змяняць было амаль немагчыма.

Літоўскае грамадства абмяркоўвала самыя розныя варыянты. Для гэтага мясцовае самакіраванне некалькі разоў абвяшчала публічныя дыскусіі, на якія мог прыйсці хто заўгодна і распавесці свае ідэі. Мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус прапаноўваў зрабіць з турмы «творчую прастору, дзе сустракаюцца мастацтва, адпачынак, турызм і інавацыйны бізнес».

Мае літоўскія сябры кажуць, што новае жыццё Лукішскай турмы не выклікала вялікіх спрэчак у грамадстве. Яны расказваюць, што куды больш пытанняў было да рэнавацыі Лукішскай плошчы, дзе пакаралі смерцю паўстанцаў Каліноўскага. Самакіраванне адмаўлялася ўзгадняць праект пераможцаў, бо хацелі паставіць велізарную Пагоню. У выніку мэр Вільні не вытрымаў і зрабіў на Лукішскай плошчы пляж. Вось гэта выклікала буйныя спрэчкі ў літоўскім грамадстве, бо шмат хто палічыў, што пляж на месцы забойства паўстанцаў – гэта знявага.

А вось пераўтварэнне Лукішскай турмы ў культурную прастору такіх спрэчак не выклікала. У мінулым годзе тут была калядная ялінка, у гэтым снежні ўсталююць каток. У турму водзяць экскурсіі і расказваюць пра злачынствы акупацыйных уладаў і рэпрэсіі, якія яны праводзілі. Яшчэ тут здымаюць кіно, бо гэты змрочны антураж цяжка знайсці дзесьці яшчэ ў Еўропе.

Дзесьці, акрамя Беларусі. Сумна вядомыя беларускія турмы, перапоўненыя палітвязнямі, чакаюць – і, хочацца верыць, абавязкова дачакаюцца, калі там будуць экскурсіі і кіно. А можа, нават і каток.

А што б вы хацелі бачыць у турэмных комплексах Валадаркі, Акрэсціна і СІЗА КДБ?

Другие посты блога

Все посты