Tribuna/Баскетбол/Блоги/«Порою блажь великая»/Натхнёны раб – ідэальны спартсмен для Лукашэнкі: павінен быць галодным, прыніжаным і заваёўваць медалі

Натхнёны раб – ідэальны спартсмен для Лукашэнкі: павінен быць галодным, прыніжаным і заваёўваць медалі

Логіка «моцнага гаспадара».

30 июля 2021, 11:42
10
Натхнёны раб – ідэальны спартсмен для Лукашэнкі: павінен быць галодным, прыніжаным і заваёўваць медалі

Логіка «моцнага гаспадара».

Нават складаныя палітычна-жыццёвыя абставіны не змусілі Аляксандра Лукашэнку забыцца на спорт. Хаця як тут забудзешся. У разгары Алімпіяда, а ў нас нуль медалёў, хаця ўжо Бермуды і Фіджы, Эстонія і Латвія разжыліся золатам. Няма каго павіншаваць, няма як пра сябе нагадаць, а гэта неўтаймаваная хатняя гаспадыня – каб яе! – сустракаецца ў Вашынгтоне з Байдэнам. Прычым яшчэ на праводзінах Лукашэнка папярэджваў спартоўцаў, што дасягненні ў Токіа, калі яны раптам здарацца, – гэта не іх персанальны трыумф, а нешта з прысмакам палітыкі. Пакуль што, так атрымоўваецца, у нас ні ўзнагарод, ні палітыкі.

Але пра спорт Лукашэнка помніць, і ў чацвер, разважаючы пра тое, чаму беларусы не перамагаюць, ён прыйшоў да нечаканай высновы: «Не галодныя».

Кожны можа інтэрпрэтаваць гэтую рэпліку па-свойму, а я дык бачу ў ёй гаспадарлівасць. Руплівую гаспадарлівасць сапраўднага рабаўладальніка. Вось толькі не трэба паблажліва ўсміхацца.

Рабаўладальнік зацікаўлены, каб раб працаваў. Каб ад раба быў плён, але каб выдаткі былі мінімальнымі. Каб не паміраў, але і лынды не біў ад абжорства. Гэта звычайная бізнес-логіка, і па ёй раб не павінен быць сытым. Ён павінен быць галодным роўна настолькі, каб у яго хапала сіл выконваць свае абавязкі. Каб не бунтаваў, каб не абураўся і каб выконваў сваю функцыю.

Раб павінен быць удзячным, бо ён нічога не зарабляе. Усё, што раб мае, яму дае гаспадар. І Лукашэнка наўпрост кажа пра гэта ў кантэксце спорту:

«Мы ўсіх падтрымліваем»

«Каму мы грошы плацім?»

Але гэта гаворка не толькі пра спорт. Бо хто такія «мы»? Мы – гэта рабаўладар беларускага народа, які гавора пра сябе ў множным лiку. Ён дае народу пенсіі і заробкі, дорыць магчымасць вучыцца і весці бізнес, гарантуе медыцынскае забеспячэнне і ахову ад злых духаў. Усе даброты на зямлі сыходзяць ад яго. Спартсмены таксама атрымліваюць не проста стыпендыі, а быццам бы прэзідэнцкія, нібыта той мае прыватную крыніцу багацця, і называецца гэта крыніца не Беларусь.

Зараз відавочна, што беларускі рабаўладар лічыць, што без яго нічога з вышэй названага ў народа проста не будзе, і таму, вядома, ён не можа нікуды сысці, бо забяспечыць шчасце беларусаў, нават калі тыя ўпіраюцца, – яго місія і прызванне.

Як вядома, галадаць можа па-рознаму. Напрыклад, можна набліжацца да таго, каб памерці ад недаядання. А можна распаляць апетыт і імкнуцца да большага. Пра такія ментальныя нюансы цікава распавядае былы варатар зборнай Беларусі Васіль Хамутоўскі, а яму ў сваю чаргу на іх указаў трэнер у Германіі. Сэнс назірання досыць банальны, але пасуе да нашай тэмы. Чым адрозніваецца нямецкі футбаліст ад футбаліста, які прыехаў з якойсьці краіны былога СССР? Калі немец зарабляе першы мільён еўра, ён адразу імкнецца зарабіць другі. Выхадзец з СССР зарабляе мільён еўра і лічыць, што жыццё ўдалося.

І там, і там гаворка пра голад. У першым выпадку гэта пачуццё нарастае разам з апетытам, а ў другім – прытупляецца ад першаснага насычэння і вядзе да абыякавасці. Вядома, што добраму рабаўладару лепей, каб людзі задавальняліся меншым. Тым больш што мільёнаў у Беларусі не так многа і месца ў самай моцнай на зямлі аматарскай хакейнай камандзе ўсім дакладна не хопіць.

Таму беларусаў прывучаюць да мінімалістычных каштоўнасцей: перапала крошка – радуйся, дзякуй, бо голад – ён заўсёды побач. А помніце, як было ў 90-я? А чулі, як першабытных людзей пагнаў з тэрыторыі Беларусі ледавік, а некаторых загрызлі шаблязубыя тыгры? Зараз такога няма, ага.

У прамысловасці (на заводах) і ў дзяржаўна-сацыяльнай сферы (дзіцячых садках, школах ды іншых установах) такая логіка працуе досыць добра, але са спортам сітуацыя крыху больш складаная, таму што тут цяжка вызначыць аптымальную ступень галоднасці, бо ці можа напаўгалодны спартсмен паспяхова канкураваць з умерана сытымі прадстаўнікамі іншых краін/каманд? А калі перакарміць, то што будзе?

Звычайна ў свеце такія пытанні вырашае рынак – каго і як карміць. У тым ліку ў спорце. Многія краіны (можна нават сказаць, пераважная большасць краін) жывуць без Лукашэнкі, але там знаходзяцца ахвочыя ўкладацца ў спорт. Знаходзяцца кампаніі, якія падпісваюць рэкламныя кантракты з клубамі і атлетамі. У выніку кожны корміць сябе так, як зарабіў, а не так, як яму кінулі з панскай ласкі. Але гэта, вядома, глупства.

Вярхоўны рабаўладальнік Беларусі і яго атачэнне наўрад ці могуць паверыць, што так бывае. Бо беларускі рэжым – бы той мульцяшны Мурлакатам: усё імкнецца падграсці пад сябе, каб ні з кім нічым не дзяліцца. Ну хіба што даць крыху, калі вельмі ўжо папросяць. Зараз вынішчаюцца медыя і недзяржаўныя арганізацыі – белдзяржмурлакатам сам вам раскажа, што трэба ведаць, і сам абароніць правы палітвязняў або вырашыць іншыя пытанні аж да тых, што тычацца дзяцей-інвалідаў з рэдкімі захворваннямі, на якіх раней не хапала грошай.

Ну і спорту ён жа будзе даваць. А хто ж яшчэ?

У ідэале беларускія спартсмены павінны быць крыху галоднымі, але натхнёнымі, каб натхнёнасць кампенсавала недахоп падрыхтоўкі або сіл. Мяркуючы па ўсім, сёння з крыніц натхнення спартсменам могуць прапанаваць хіба што рыторыку вайны, ідэалогію гвалту і харызму правадыра. І нават дзіўна, што апошні з пералічаных элементаў (насамрэч ключавы) так сціпла выкарыстоўваюць у спорце.

У Турэччыне ці не на кожным кроку можна ўбачыць партрэты Атацюрка. А што ў нас на стадыёнах? Што там нагадвае пра руку, якая корміць, і выклікае ўдзячнасць? А чаму нацыянальны гімн слухаем, стоячы на нагах, а не на каленях? А чаму ў гімне да гэтага часу няма свяшчэнных прозвішча, імя і імя па бацьку? Нам тэрмінова патрэбны спартыўны «Ойча наш», але пра свайго зямнога бога. Карацей, як паглядзіш, то не вельмі мы і рвемся ў светлую будучыню.

Правадыру мала, што сотні спартсменаў змусілі адбіць віртуальныя паклоны і публічна выказацца ў ягоную падтрымку. Выявілася, што некаторыя спартсмены – у прыватнасці футбалісты – дрэнна сочаць за сваімі жонкамі, і тыя, выключна ад гультайства, спрэс за БЧБ. Нават сюды пралезла гэта праклятая меншасць! А помніце, у савецкія часы была такая катэгорыя насельніцтва – «жонкі ворагаў народа»? У белспорце можна абазначыць сваю недатыкальную групу – «мужы варагінь (або як тут сказаць?) народа». Ідэя стварыць канцлагеры лунае над краінай амаль год, і да яе яшчэ не позна звярнуцца. А што, калі прыбраць няправільных жонак ад правільных спартсменаў і падабраць пасля ідэалагічна адпаведныя палавінкі? Чым не задача для беларускага рэжыма, які з татальнай уважлівасцю рупіцца аб правах і патрэбах чалавека?

Нам можа бракаваць хлеба, але ў нас павінна быць свая нацыянальная ідэя. Магчыма, голад – гэта і ёсць та самая ідэя, якую Лукашэнка сёння прапануе беларускаму грамадству, у тым ліку яго спартыўнаму складніку.

Галоўнае, каб ад галадухі беларусы не пачалі есці адзін аднаго. Бо некаторыя, здаецца, ужо актыўна ўключыліся ў гэты працэс.

Другие посты блога

Все посты