Tribuna/Футбол/Блоги/«Порою блажь великая»/Рэжым абавязаны даць Ціманоўскай прэмію. Яна выратавала калег-няўдачнікаў, натхніла прапаганду і нагадала, што ў беларусаў ёсць дэпутаты і сенатары

Рэжым абавязаны даць Ціманоўскай прэмію. Яна выратавала калег-няўдачнікаў, натхніла прапаганду і нагадала, што ў беларусаў ёсць дэпутаты і сенатары

Усе аказаліся ў выйгрышу, нават Лукашэнка. Медаль гэтай дзяўчыне!

15 августа 2021, 08:00
1
Рэжым абавязаны даць Ціманоўскай прэмію. Яна выратавала калег-няўдачнікаў, натхніла прапаганду і нагадала, што ў беларусаў ёсць дэпутаты і сенатары

Усе аказаліся ў выйгрышу, нават Лукашэнка. Медаль гэтай дзяўчыне!

Упэўнены: спартыўныя чыноўнікі, абураныя калегі, з’едлівыя прапагандысты ды іншыя «неабыякавыя» грамадзяне насамрэч у душы хочуць падзякаваць Крысціне Ціманоўскай. Магчыма, нават скінуцца ёй на невялічкую прэмію. Бягуха выратавала для краіны гэтыя Алімпійскія гульнi. Ператварыла маркотную шэрую нудоту ў сапраўднае шоу. Ахвяравала сабой, але прыкрыла тых, хто рэальна аблажаўся ў Токіа. Ну хіба не гераіня?

Давайце паглядзім, колькі людзей ашчаслівіла Ціманоўская. Гэта салідны спіс адборных асоб, якія мухамі зляцеліся на драму спартсменкі. Выдалі найглыбейшую легкаатлетычную аналітыку і нават паставілі крыж на кар’еры 24-гадовай дзяўчыны.

Дык у каго там самы вялікі набытак?

Легкаатлеты схавалі за Ціманоўскай свае няўдачы

Ну ладна скакун Максім Недасекаў. Як медаліст такійскіх Гульняў і сапраўдны джэнтльмен ён можа казаць усё, што заўгодна, і нават радавацца чужой бядзе. Але астатнія… Вось жа цуд, іх вэрхал вакол Ціманоўскай цікавіць болей за ўласныя дасягненні на Алімпіядзе!

Напярэдадні Гульняў поп-скакуха ў даўжыню Мірончык-Іванова не змагла нават выканаць алімпійскі нарматыў, у адрозненні ад спрынтаркі, затое шматзначна зазначала, што лепей скокнуць на семь метраў у Токіа, чым у кваліфікацыі. Прыйшоў час Х – і сямі метраў мы не пабачылі і блізка. Мірончык-Іванова не адабралася ў фінал і патлумачыла гэты пралёт мімаходзь, як нешта малазначнае, пры гэтым намякнула, што ездзіць на Алімпіяды збіраецца да 39 гадоў (ну яшчэ б!). Але Ціманоўскую адэптка рэжыма расклала ад а да я, прычым не раз. І дзіўныя паводзіны заўважыла, і выказалася ад імя ўсіх заўзятараў, і як чалавек бездакорны нават прачытала невялічкую мараль (а вось бы яшчэ на тэму допінга!).

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан мог бы засыпаць пытаннямі спартсмена Івана Ціхана, але як чалавек чуллівы і разважлівы не стаў гэтага рабіць. Спартсмен і сапраўдны патрыёт Ціхан не адабраўся ў фінал. І не папракнуў сябе ніводным словам. У прынцыпе, пару пяшчотных Іван Рыгоравіч мог бы сказаць сабе і як менеджару – гэта ж трэба было так нахамутаць з допінг-пробамі! Тры легкаатлеткі не патрапілі праз гэта ў Токіа. Як у нас любяць казаць, пазбавіліся алімпійскай мары. Менавіта з гэтага разгарэўся эстафетны скандал. Аднак і тут Ціхан не стаў гарачыцца. «Апраўдвацца ніколі не трэба. Трэба шукаць прычыну», – філасофскі адбіўся ён ад канкрэтыкі.

Але прайсці спакойна міма Ціманоўскай 45-гадовы кідальнік молата не змог. Здорава загнуў пра хайп і лайкі. Малайчына!

І галоўны трэнер зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы Юрый Маісевіч мусіць спадзявацца на Ціманоўскую. Яна яго надзея на выратаванне. Без Крысціны па выніках Алімпіяды-2020 ён быў бы небаракай-лузерам, а стаў – ахвярай імперыялізма. Вось не клапаціўся ён пра свой азадак, калі пераконваў спартсменку вярнуцца ў крэпкія абдымкі Радзімы, дык спартсменка сама ўсё зрабіла для таго, каб па гэтаму азадку як мага меней надавалі дзягай.

У Беларусі шануюць ахвяр імперыялізма.

Мы ўзгадалі, што ў нас ёсць дэпутаты і сенатары – гэта прыўкрасныя людзі, светлыя галовы!

Год назад беларусы масава павалілі да сваіх выбраннікаў. Ну, як выбраннікаў – людзі ў нас звычайна ігнаруюць электаральныя кампаніі ў Палату прадстаўнікоў, але прадстаўнікі (хто з начосам, хто ў бліскучым гарнітуры) рэгулярна абіраюцца. І вось год назад да іх узнікла пільная справа. Вельмі абурыліся жыхары краіны праз тое, што носьбіты формы збівалі іх і катавалі пасля выбараў, ды і самі выбары выклікалі падазрэнні, калі казаць мякка.

Ад дэпутатаў патрабавалі дабіцца расследвання злачынстваў, але гарнітуры і начосы аказаліся на гэта няздатныя. У лепшым выпадку яны маўчалі, а ў горшым – казалі, што мала далі. І зараз прыкладаюць усе намаганні для таго, каб на «заканадаўчым» узроўні даваць беларусам больш было прасцей. Ну, дзякуй.

І дзякуй за тое, што не сталі адмоўчвацца па справе Ціманоўскай. Гэта тое, чаго грамадства ад вас сапраўды чакала. Нашыя дэпутаты і сенатары аказаліся людзьмі празорлівымі, яны адразу зразумелі, у чым тут справа: бягуха не проста так сказала тое, што сказала. То была спланаваная палітычная акцыя, накіраваная супраць Беларусі! Такога меркавання прытрымліваецца дэпутат Уткін, сябар гомельскага хакея. І сенатарка Рунец выказваецца амаль такімі ж словамі. Мы праз захапленне футболам прывыклі, што сенатары – гэта хлопцы, якія атрымоўваюць вялікія грошы у БАТЭ. І да сораму свайго забылі, што сенатары ў Беларусі – гэта людзі, якія вярзуць мудрасць з высокіх трыбун. Вось давайце яшчэ крыху паслухаем Рунец, ацаніце глыбіню: «Удзел у Алімпійскіх гульнях – не проста гонар для любога спартсмена, прызнанне яго дасягненняў, але і высокая адказнасць». Пачуеш такое – і пачынаеш шкадаваць, што ніколі не быў піянерам.

Але гэты пасаж нішто на фоне маштабу іншай сенатаркі. Тое проста глыба! Каліна Капуцкая – дзякуй Богу, што ў Токіа здарыўся гэты скандал, і мы даведаліся пра вас – смела гаворыць ад імя ўсяго чалавецтва. Сенатарства ў Беларусі – гэта не проста праца. Гэта месіянства.

«Ва ўяўленні кожнага чалавека, – кажа Капуцкая, – удзельнік алімпійскай зборнай – спартсмен найвышэйшага класа, які валодае сфармаванымі маральнымі якасцямі, аўтарытэт ва ўсім, у тым ліку ў патрыятызме, адданасці сваёй краіне і прафесіі». Напэўна, кожны з вас спрабаваў сфармуляваць (як жыць без гэтага?), што з сябе ўяўляе алімпіец – можаце больш не марнаваць часу. Так выглядае дасканалаць. Але гэта, вядома, не пра Ціманоўскую. Таму спартсменку спасціг «заканамерны няўдалы выступ», а «нестабільны эмацыйна-псіхічны стан, хутчэй за ўсё, назавуць сіндромам Ціманоўскай».

Пашчасціла беларусам, што сенатары ў іх не толькі з сумленнем, але i з тонкім гумарам! І неяк несправядліва, што ў гонар самой Капуцкай яшчэ не назвалі які-небудзь сіндром.

Прапагандысты паказалі, як яны разбіраюцца ў спорце

Ну, гэтыя хлопцы не маглі не пагусці над Ціманоўскай – за тое і атрымоўваюць грошы. Ігар Тур з АНТ слаба сабе ўяўляе, «што атлет, які адчувае ў сабе сілы на вынік на Аліміпядзе, будзе займацца такім глупствам». Ведаеце, у жыцці так здарылася, што пару разоў іграў з Турам у футбол, і тут ён не хлусіць: праз уласную субтыльнасць ён сапраўды не ведае, што такое атлет, які адчувае у сабе сілы. Тэхніка ёсць, а моцы – ні на грам. Да таго ж вельмі шкадуе свае ножкі. Затое Ціманоўскую не шкада. А ўвогуле крута, што дзякуючы спрынтарке канал АНТ лішні раз узгадаў пра спорт – далёка не прыярытэтную для сябе тэму.

Бос Белтэлерадыёкампаніі па слядах скандалу ў Японіі атрымаў магчымасць прадэманстраваць аўдыторыі 60+ сваё заліхвацкае красамоўства. Не Азаронак, канешне, але ўсё ж. Хаця калі пачытаць галоўныя панчы, то можна падумаць, што гаворыць Іван Эйсмант пра кагосьці іншага: «танны фарс», «агідны ўчынак», «іспанскі сорам», «абсалютна ганебны канец кар’еры». Ну, вы адчуваеце пэўныя паралелі. Але калі гэта ўсё ж пра Ціманоўскую, то дазволю сабе выправіць мужа прэс-сакратаркі Лукашэнкі. Крысціна не правальвала сваю каронную дыстанцыю (так, Эйсмант ляпнуў і такое). Яе «каронка» – 200 метраў, на яе і рабіўся разлік, а 100-метроўка была толькі размінкай. Былы пазаштатнік «Прэсбола» павінен гэта ведаць. І дзіўна казаць пра ганебны канец кар’еры, бо спартсменцы ўсяго 24, і палякі, ўвогуле нязгодныя з гэтай тэзай, прапанавалі ёй кантракт. Ну а мы паглядзім, хто ў Беларусі пабяжыць хутчэй.

Спаратызаваць на Ціманоўскай спрабавалі і больш мелкія асобіны са свету прапаганды. Прадстаўнік гомельскай раёнкі нават скарыстаўся такім унікальным жанрам, як прыдуманае выкрывальнае інтэрв’ю – усё дзеля добрай справы. Але нават для аднадумцаў з трывалымі маральнымі прынцыпамі гэта аказалася занадта, і выдумшчыка звольнілі.

Так, новае ў Беларусі прыжываецца няпроста.

Лукашэнка змог умазаць спартсменам, якія падпісаліся супраць яго. Нахлусіў, але, напэўна, не са злосці

Былы кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта таксама агучыў прэтэнзіі да Ціманоўскай. Адна з іх: ну як так! Далі стыпендыю 3 тысячы рублёў на месяц, а атрымалі ў выніку вось гэта. О, грошы – рэальна добрае пытанне, але Ціманоўская дакладна не самая горшая інвестыцыя, якую зрабіў спорт Беларусі. Помніце гімнастку Галкіну? Калі Гульнi ў Токіа перанеслі з 2020 на 2021 год, Кацярына ўпала ў дэпрэсію, бо яна ў 2020-м была ўжо ветэранкай без перспектыў, а чакаць яшчэ год… Але Галкіна чакала, і напэўна атрымоўвала за гэта тую самую стыпендыю, што і Ціманоўская. А перад Гульнямі сказала «я стамілася, я сыходжу» – на той момант яна была ўжо трэцім нумарам у зборнай. Наўрад ці яна вярнула тое, што атрымала за апошнія месяцы.

А ці будуць пытанні да Мірончык-Івановай? А да Ціхана? Яшчэ адна падпісантка за Лукашэнку Таццяна Драздоўская стала ў яхтынгу 21-й – і ніякіх табе папрокаў. Хаця як ты будзеш папракаць чалавека, які ўхваляе сістэму нават тады, калі супраць роднага брата-вазочніка ўзбудзілі пасля выбараў абсурдную крымінальную справу!

Спадар Лукашэнка, як і муж прэс-сакратаркі, не ведае, што каронная дысцыпліна для Ціманоўскай – 200 метраў. Затое гэтая недасведчанасць дапамагла папракнуць усіх спартсменаў, якія выказаліся супраць гвалту і за новыя чэсныя выбары. Па версіі Лукашэнкі, усе нязгодныя з рэжымам не мусілі ехаць у Токіа, бо яны слабыя. Нават павярхоўная праверка гэтых слоў сведчыць аб іх безгрунтоўнасці, але сваю асалоду ад помсты першы прэзідэнт Беларусі атрымаў – ну, хоць нешта.

На здароўе!

Свет ізноў узгадаў пра Беларусь

Напэўна, у нашай краіны і не было іншых магчымасцяў ператварыць Алімпіяду ў свой бенефіс. Усё ж такі суперзорак, якія здольныя жменямі грэсці медалі, у нас зараз няма. А дзякуючы Ціманоўскай атрымалася весела. Узорная таталітарная імпрэза. Дзякуй Богу, у рэжыма хапае адмыслоўцаў, якія ўмеюць іскру ператвараць у полымя.

Атрымалі рэзананс, атрымалі шыкоўную прэсу. New York Times, Washington Post, Financial Times напісалі не пра абы-што, а пра рэжым і Лукашэнку. Рэжым і Лукашэнка звычайна любяць, калі пра іх пішуць. Скажаце, не гэтым разам?

Можа, і так, але большасці беларусаў няма на што скардзіцца.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты