Tribuna/Футбол/Блоги/«Порою блажь великая»/Беларускія спартоўцы як людзі не горшыя за канадцаў ці французаў, але ёсць важны нюанс. І яшчэ стала вядома, хто ва ўсім вінаваты

Беларускія спартоўцы як людзі не горшыя за канадцаў ці французаў, але ёсць важны нюанс. І яшчэ стала вядома, хто ва ўсім вінаваты

Алег Гаруновіч – пра простыя пытанні, на якія страшна адказаць.

5 ноября 2022, 12:00
8
Беларускія спартоўцы як людзі не горшыя за канадцаў ці французаў, але ёсць важны нюанс. І яшчэ стала вядома, хто ва ўсім вінаваты

Гэта было магічнае супадзенне, якое адлюстроўвае вастрыню і парадаксальнасць часу, у якім мы жывём. Гэта супадзенне пра Беларусь, спартоўцаў і ўвогуле людзей.

У стужцы навін я пабачыў маладога барадатага мужчыну. Хто ён – не ведаю. Гаворка ішла пра тое, што нейкая навалач у форме затрымала шасцёх беларусаў ва ўзросце ад 34 да 36 гадоў – бізнесмена, электрамеханіка, банкаўскага служачага і г.д.. Правініліся яны тым, што вывесілі на падпору лініі электраперадач украінскі і нацыянальны беларускі сцягі. Цяпер усе сядзяць у СІЗА па крымінальнай справе.

Звычайна на такіх навінах стараюся не спыняцца – і каб самому не нервавацца, і каб не абражаць людзей, якія патрапілі ў цяжкае становішча. Ну так: калі чалавека прымушаюць рабіць штосьці супраць яго волі на камеру, гэта абраза і прыніжэнне, і быць сведкай здзеку няма ніякага жадання. Што тут глядзець, калі і так усё зразумела: ад нас хочуць, каб мы баяліся, і дзеля гэтага ладзяць самы ганебны экшн. Пасля першай пары выпускаў ад Карпянкоў-прадакшн ці хто там гэта ладзіць усё стала відавочна. Баяцца можна, і не гледзячы на ўсе гэтыя вычварэнні.

Але гэтым разам маё вока зачапілася.

Затрыманы мужчына, чыя выява ілюстравала навіну, быў у байцы ад хакейнага «Дынама». Можна быць супраць сістэмы і заўзець за клуб, які гэтая сістэма спарадзіла для праслаўлення самое сябе? А можа, пасля выбараў-2020 ён запхнуў гэтую байку кудысь глыбока ў шафу і ўспомніў пра яе, толькі калі атрымаў дазвол выбраць сабе рэчы ў СІЗА, і нічога больш зручнага, што б пасавала для знаходжання ў камеры, дома не было? Вось такія думкі акрамя спачування прамільгнулі ў галаве. А ўвогуле – гэта бізнес-ідэя: дынамаўскія фуфайкі для арыштантаў, толькі шыць іх павінны самі арыштанты, як і наказваў аматар НКУС Шуневіч.

Ну а потым здарылася тое самае супадзенне часу і кантэксту.

«Мінск – бяспечны горад». Дзесьці зусім побач, праз некалькі паведамленняў, словы канадскага абаронцы хакейнага «Дынама» Джона Гілмара агаломшылі сваёй своечасовасцю, каб карціна склалася. Ну так – бяспечны горад, бяспечны канцлагер, дзе права ўчыняць злачынствы маюць толькі назіральнікі.

Для мяне гэта напамін, няхай і з істотным нюансам, пра тое, што людзі па ўсім свеце не так моцна адрозніваюцца, спартоўцы ў тым ліку. Спартоўцы з Беларусі нічым не горшыя за спартоўцаў у ЗША, Германii ці Францыі.

Формулай «спорт па-за палітыкай» можа прыкрыцца хто заўгодна і калі заўгодна – у любы выгадны для сябе момант. Як гэта рабілі хакеісты КХЛ, якія, як толькі пачаўся напад Расіі на Украіну, пафасна расказвалі пра тое, што яны – прафесіяналы, і маюць намер выканаць кантракты да канца, быццам кантракты прыносяць прыбытак не ім, а дзецям, якія хаваліся ў Марыупалі. Цяжка адмовіцца ад грошай, нават калі яны ў момант сталі крывавымі. Нават калі ты нарадзіўся ў дэмакратычнай краіне і маеш магчымасць свабодна галасаваць, пратэставаць і шмат чаго яшчэ.

Метамарфозы здараюцца нават з тымі, каго мы добра ведаем і хто дакладна мае здаровы розум. Беспрацоўны Марцін Лічка, які жыве з дзецьмі ў Празе, здолеў разабрацца ў сутнасці беларускіх пратэстаў. А Марцін Лічка, які ўладкаваўся ў «Арэнбург», палітыкай ужо не цікавіцца, і таму вайна ва Украіне застаецца па-за яго ўвагай. Ён усведамляе, што рэпутацыя пад ударам, але чамусьці (як думаеце, чаму?) гатовы рызыкаваць.

Калі спартоўцам-далёказамежнікам пляваць на беларусаў (або на ўкраінцаў), гэта яшчэ можна зразумець – ім з намі не жыць. Ім тут не жыць. Але калі спартоўцам-беларусам пляваць на беларусаў, то ўзнікае непаразуменне: а дзе яны і з кім збіраюцца жыць? У якой Беларусі? Гэта і ёсць вышэй узгаданы нюанс.

На нашу краіну, на яе будучыню мы ўплываем не толькі словамі, але і маўчаннем. Не толькі дзеяннем, але і бяздзеяннем – у спорце і не толькі. Мы гаворым пра гэта з лета 2020 года, бо няма тэмы важнейшай для Беларусі.

Акцэнтаванне ўвагі на гэтай немудрагелістай думцы кагосьці крыўдзіць, а кагосьці – раздражняе. І бывае, што нам за гэта прылятае. Вось як нядаўна прыляцела ад Дзмітрыя Хлебасолава – катэгарычнага і дзёрзкага агента (шкада, што ён не быў такім футбалістам). На яго думку, беларускі футбол разбураюць не бяздарныя чыноўнікі і функцыянеры, не адсутнасць выбудаванай сістэмы выхавання футбалістаў, не сціплая інфраструктура, асабліва ў рэгіёнах, не скаваная па ўсёй краіне свабода творчасці і свабода дзеяння – не, не гэта.

Беларускі футбол разбурае «Трыбуна», а адсутнасць грошай дапамагае нам у гэтым.

Чаму былы футбаліст не ўсведамляе відавочных рэчаў? Чаму ён сам сабе не паспрабуе патлумачыць, з якой прычыны ў беларускім футболе і ўвогуле ў беларускай эканоміцы паменела грошай? Хто прыдумаў ліміты на заробкі? А хто прыдумаў ліміты на маладых? А хто вываляў футбалістаў у праўладным лайне (Хлебасолаву яшчэ не хапае заўзятараў на трыбунах)? А паводзіны саміх футбалістаў у пераломныя для краіны часы ці можна назваць адказнымі?

Калі сыходзіць з колькасці памылак, якія Хлебасолаў робіць у сваіх пастах, можна падумаць, што пытанні для яго надта складаныя, але не: яны – простыя, а адказы – відавочныя, вось толькі небяспечна прагаворваць іх услых. Або не слабо гэта зрабіць, Дзмітрый (прашу прабачэння за такую прымітыўную маніпуляцыю, але гэта выключна жэст у адказ)?

Цікава было даведацца, хто ўпадабаў гэты пост у сацсетках агента. З пабачанага можна зрабіць выснову, што «Трыбуна» яшчэ перашкаджала Аляксандру Лухвічу выхоўваць сына (хаця сам Аляксандр Анатольевіч выклікае толькі пачуццё павагі), цягнула Арцёма Быкава невядома за што, каб ён стаў персонай месяца ў белфутболе, а таксама прымушала жонку Максіма Вітуса за грошы рэкламаваць медыярэсурсы, якія прасоўваюць расійскую прапаганду. Без праблем – валіце ўсё на нас. Мы не даём сутак ні за словы, ні за спасылкі на «няправільныя» рэсурсы.

Толькі дазвольце заступіцца за грошы. Яны – дакладней, іх адсутнасць – калі і вінаватыя, то не вельмі. Беларускі футбол праходзіў праз эпоху вялікага бабла (цяперашні агент яе нават заспеў), і скончылася яна тым, што мы зараз маем – калапсам, правалам, дэградацыяй. Футбалісты нават у «Нафтане» яшчэ не так даўно атрымлівалі неабгрунтаваныя заробкі, агенты атрымлівалі свае камісіі – у прынцыпе, зразумела, па чым сумуе Хлебасолаў. Але вось жа парадокс: ледзьве не найлепшы вынік у ЧБ-2022 дэманструе каманда з самым сціплым бюджэтам у лізе. Тая каманда, адкуль малодшы брат Хлебасолава з’ехаў у акупаваны Крым (напэўна, каб развівацца ў футбольным плане пад банам УЕФА).

Можа, не па грошах трэба сумаваць, а па творцах, якія змяняюць сістэмы і робяць бюджэты эфектыўнымі, а не проста вялікімі?

Цяжка сказаць, ці будзе Беларусь у бліжэйшыя часы дэмакратычнай і вольнай, але лішніх грошай у ёй дакладна не прадбачыцца.

Як думаеце чаму, Дзмітрый?

Другие посты блога

Все посты