Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Менеджара, які дапамагаў прасоўваць «Белыя крылы», вінавацяць у дзяржздрадзе. Дзікія фантазіі агучыў той, хто зараз працуе на АБФФ

Менеджара, які дапамагаў прасоўваць «Белыя крылы», вінавацяць у дзяржздрадзе. Дзікія фантазіі агучыў той, хто зараз працуе на АБФФ

Нядаўна ўзнагароджваў мінскае «Дынама».

Аўтар — bytribuna com
10 студзеня 2023, 23:56
Менеджара, які дапамагаў прасоўваць «Белыя крылы», вінавацяць у дзяржздрадзе. Дзікія фантазіі агучыў той, хто зараз працуе на АБФФ

У панядзелак стала вядома, што заснавальніку крамы нацыянальнай сімволікі Symbal.by Паўлу Белавусу, прызнанаму праваабаронцамі палітвязнем, прад'явілі абвінавачанні па некалькіх артыкулах крымінальнага кодэкса. Па версіі следчых Лукашэнкі, 35-гадовы мужчына здзейсніў «здраду дзяржаве» і «кіраваў экстрэмісцкім фармаваннем». Паралельна Белавус нібы дзесяць гадоў вёў актыўную дзейнасць, "накіраваную на змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам".

Таксама ў так званым Следчым камітэце заявілі пра фінансаванне праектаў прадпрымальніка з-за мяжы - у доказ прыводзіцца не менш за 12 кантрактаў, якія Белавус падпісаў з замежнымі партнёрамі і кампаніямі, чым "стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы". Такім чынам, паводле сілавікоў Лукашэнкі, беларус атрымаў 150 тысяч долараў, 50 тысяч еўра і 40 тысяч злотых.

Па выніку заснавальніку Symbal.by інкрымінуюць чатыры артыкулы крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»), ч.1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), ч.3 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») і ч.1 арт. 361-1 («Кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем»). У суме па ўсіх названых артыкулах можна атрымаць 38 гадоў пазбаўлення волі, аднак фармальна згодна з заканадаўствам, максімум могуць прысудзіць 25 гадоў.

На маёмасьць прадпрымальніка наклалі арышт на суму больш за 50 тысяч рублёў. Расследаванне так званай крымінальнай справы завершанае, таму матэрыялы адправілі так званаму пракурору для перадачы іх у суд рэжыму Лукашэнкі.

Пра абвінавачанне расказаў кіраўнік камітэта АБФФ

Абвінавачванні на адрас Белавуса агучыў начальнік упраўлення Следчага камітэта Лукашэнкі па Мінску Сяргей Паско - яго словы аддаюць вар'яцтвам.

«Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён [Белавус] распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі. Абвінавачаны зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і заснаваў таварыства з абмежаванай адказнасцю (крама па анлайн- і афлайн-продажу тавараў), пасля чаго пачаў праводзіць розныя масавыя мерапрыемствы», – заявіў Паско.

Цікава, што носьбіт формы генерал-маёра юстыцыі мае прамое дачыненне да беларускага футбола. Пасля смерці Генадзя Рымашэўскага Паско восенню 2021-га заняў пасаду старшыні камітэта АБФФ па клубным ліцэнзаванні.

Грамадскасць даведалася пра высокапастаўленага "следчага" пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020. Паско з гонарам расказваў пра рэпрэсіі ў адносінах да беларускага грамадства. Напрыклад, агучваў лічбу ў 1600 крымінальных справаў “па фактах масавых мерапрыемстваў” і пагражаў аплатай штрафаў наноў тым, каму грошы сабралі іншыя беларусы.

Таксама ён расказваў пра нейкую змову супраць рэжыму Лукашэнкі, якая была ажыццёўлена яшчэ да жніўня 2020-га, і прыдумляў распаўсюджванне наркотыкаў беларусамі, якія вымушана з'ехалі за мяжу. Апафеозам публічных выступаў Паско стала заява праз год пасля выбараў пра тое, што СК Лукашэнка не знайшоў фактаў "неабгрунтаванага прымянення мер фізічнай сілы" да мірных грамадзян з боку носьбітаў формы. За ўсе намаганні пасля жніўня 2020-га носьбіт генеральскай формы атрымаў нагрудны значок ад МУС.

Слуга рэжыму засвяціўся на цырымоніі "Зорны мяч"-2022. Там ён выйшаў уручаць прыз fair play, які дастаўся любімай камандзе Лукашэнкі і проста міліцэйскаму клубу мінскаму "Дынама".

Чым вядомы Белавус

Крама Symbal.by, што заснаваў Белавус, вядома не толькі па рэалізацыі нацыянальнай сімволікі. Калісьці праект цесна працаваў з той самай АБФФ, дзе зараз запатрабаваны Паско. Самым вялікім праектам стаў рэбрэндынг зборнай, у якім актыўна выкарыстоўвалі беларускія арнаменты. У 2016-м Symbal.by зрабіў свой унёсак у прасоўванне "Белых крылаў". Тады федэрацыя, якую ўзначальваў Сяргей Румас, ладзіла частыя сустрэчы з Белавусам.

«Мы збіраліся з працоўнай групай «Арт-Сядзіба» і Symbal.by з аднаго боку, з федэрацыяй – з другога. Выдатна, што з'явіліся не толькі арнамент і прэс-рэлізы. Афішы АБФФ таксама пачала рабіць па-беларуску. Як арганізацыю, у першую чаргу зацікаўленую ў папулярызацыі [беларускай] мовы і нацыянальных сімвалаў, гэтыя крокі натхнялі нас», – распавядаў Белавус.

Пасля прэзентацыі новай формы зборнай Symbal.by узяў на сябе распрацоўку атрыбутыкі для балельшчыкаў нацкаманды. Зараз за нашэнне такога адзення практычна гарантаваны арышт.

«Наша задача вельмі простая: паказаць, што футбол - адзін з элементаў патрыятычнага выхавання беларусаў. Падтрымка зборнай і сваіх клубаў сапраўды важная. Калі ты падтрымліваеш сваіх, у галаве ёсць разуменне, што падтрымліваеш Беларусь. Хочацца, каб футбол, беларуская мова і культура ішлі побач», – тлумачыў нацыянальную скіраванасць у афармленні атрыбутыкі Белавус.

Таксама Symbal.by і АБФФ запускалі кампанію "Мова, музыка, футбол". У ажыццяўленні гэтай ідэі ўдзельнічаў і Франак Вячорка - цяперашні дарадца Святланы Ціханоўскай.

Акрамя АБФФ праекты Белавуса супрацоўнічалі і з футбольнымі клубамі. Да прыкладу, прадпрымальнік дапамагаў сталічнаму «Тарпеда» і «Іслачы» ў арганізацыі івэнтаў, а таксама працаваў з мінскім «Дынама» і «Крумкачамі». У 2017-м дынамаўцы на дзень вышыванкі выйшлі на поле ў майках ад Symbal.by.

Летам 2020-га магазін стаў адной з мэтаў рэжыму. У чэрвені сілавікі канфіскавалі сотні маек з надпісамі "Псіхо3%", а следам закрылі вытворчы цэх праз "пагрозу нацыянальнай бяспецы". Пасля выбараў краме прыйшлося адмовіцца ад сваёй гандлёвай кропкі ў Мінску і сысці ў анлайн-продажы.

Белавуса затрымалі 15 лістапада 2021-га. Адразу яму тройчы прысуджалі адміністрацыйны арышт, а пасля абвясцілі пра узбуджэнне крымінальнай справы па арт. 342 КК («Арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Пазней сьледчыя Лукашэнкі дадалі прадпрымальніку яшчэ тры артыкулы.

Іншыя пасты блога

Усе пасты