Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Усё ідзе да таго, што футболам у Беларусі будзе руліць гіравік з жывёлагадоўлi (яго дастануць з Акадэміі навук). Базанаў застанецца ў АБФФ, будзе пасада і Глебу

Усё ідзе да таго, што футболам у Беларусі будзе руліць гіравік з жывёлагадоўлi (яго дастануць з Акадэміі навук). Базанаў застанецца ў АБФФ, будзе пасада і Глебу

Вось што наспявае.

Аўтар — bytribuna com
10 сакавіка 2023, 03:49
11
Усё ідзе да таго, што футболам у Беларусі будзе руліць гіравік з жывёлагадоўлi (яго дастануць з Акадэміі навук). Базанаў застанецца ў АБФФ, будзе пасада і Глебу

22 сакавіка ў Доме футбола пройдзе справаздачна-выбарная канферэнцыя, дзе назавуць імя таго, хто будзе руліць відам спорту наступныя некалькі гадоў. Хто гэта – адказ на пытанне не раз змяняўся. Гучалі розныя імёны, і амаль усе не без падстаў: крэсла прадказвалі і псеўдаміністру спорту Сяргею Кавальчуку, і былому кіраўніку АБФФ Сяргею Румасу, і цяперашняму «віцэ-прэм'еру» Беларусі Ігару Петрышэнку. Некаторыя ўвогуле лічылі, што адстаўны вайсковец і былы так званы дэпутат Уладзімір Базанаў захавае пасаду.

Багацце версій – не заўсёды следства памылак журналістаў. Проста кулуарныя планы чыноўнікаў наконт таго, каго паставіць на футбол, не раз мяняліся. У рэжымнай Беларусі сумленных выбараў няма не толькі ў палітыцы – карціна ў спорце вельмі падобная: кіраўнікоў для топ-федэрацый, у тым ліку для футбольнай, узгадняе Аляксандр Лукашэнка, ну а потым «дэлегаты» канферэнцый галасуюць так, як ім загадана. Хутка мы яшчэ раз убачым гэты механізм у дзеянні.

Так ці інакш, у пачатку сакавіка, згодна са статутам федэрацыі, скончыўся прыём заявак на ўдзел у выбарах. І «Трыбуне» ужо вядома, хто з вялікай доляй верагоднасці ўзначаліць АБФФ. Таксама называем галоўных прэтэндэнтаў на пазіцыі намеснікаў і распавядаем пра іншыя верагодныя змены ў вярхах федэрацыі.

Базанаў больш не будзе старшынёй АБФФ, але не сыдзе з канцамі

1 сакавіка «Трыбуна» паведамляла, што федэрацыя футбола Мінска мае намер вылучыць у кандыдаты на пасаду старшыні федэрацыі Уладзіміра Базанава. Яна ж вылучала яго і ў 2019 годзе, калі функцыянер толькі прыходзіў у АБФФ.

Па нашай інфармацыі, Базанаў усё ж пакіне пасаду. Больш за тое, як мы ўжо пісалі, функцыянера хацелі прыбраць датэрмінова яшчэ ўвосень 2022-га, нават шукалі зменшчыка, але па выніку чыноўнікі вырашылі не «нерваваць» УЕФА, каб не нарвацца на санкцыі, i правесці змены згодна з планам, у сакавіку 2023-га.

Змены ў выніку будуць, але не такія глабальныя, як чакалася. Паводле нашай інфармацыі, 65-гадовы Базанаў выканае дадзеную яму ролю – альбо за некалькі дзён да выбараў, альбо непасрэдна ў дзень канферэнцыі адкліча сваю кандыдатуру, а ўзамен атрымае пасаду першага намесніка федэрацыі. Такім чынам, «выбары» пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове – адзіным кандыдатам будзе той, пра каго гаворка пойдзе ніжэй.

У 2019 годзе быў рэалізаваны аналагічны сцэнарый. Сярод кандыдатаў на пасаду старшыні АБФФ прысутнічалі, уласна, прызначэнец ад наменклатуры Базанаў i экс-кіраўнік «Шахцёра» Юрый Вяргейчык, якi імітаваў канкурэнцыю. За два тыдні да канферэнцыі апошнi зняў кандыдатуру – у выніку Базанаў быў абраны кіраўніком федэрацыі, а Вяргейчык стаў першым намеснiкам.

Вяргейчыка панізяць, адным з намеснікаў стане Глеб, сын «міністра» пойдзе на павышэнне

Пасля перамяшчэння Базанава Вяргейчык, адпаведна, сваю пасаду страціць. Сябар так званага міністра спорту канчаткова з вялікага футбола не сыдзе, але, як плануецца, будзе сканцэнтраваны выключна на працы на чале старшыні федэрацыі футбола Мінска, якiм быў «абраны» ў красавіку 2022-га. Неўзабаве ён быў прызначаны вінаватым за няўдачы белфутбола – Кавальчук, пабываўшы на прыватным разносе ў Лукашэнкі, павінен быў перакласці на кагосьці адказнасць. Наступствы выглядаюць не такімі ўжо страшнымі – Вяргейчыка пакідаюць і ў футболе, хоць пагражалі выкінуць, і нават захаваюць у выканкаме АБФФ.

З'явіцца ў АБФФ і чалавек, чыё прозвішча даўно мільгала ў навінах пра будучыя змены ў федэрацыі – Аляксандр Глеб. Заўзятага прыхільніка рэжыму Лукашэнкі на працягу апошняга паўгода актыўна сваталі ў федэрацыю на розныя пасады, нават «прызначалі» у зменшчыкі Вяргейчыка. Па нашай інфармацыі, працу былому футбалісту прыдумалі – пакуль запланавана так, што Глеб стане адным з намеснікаў новага старшыні і будзе выконваць больш прадстаўнічыя функцыі. «Стане гаворачай галавой», – кажуць нашыя крыніцы, гэта значыць, будзе прадстаўляць АБФФ на розных мерапрыемствах унутры краіны і за яе межамі.

Пры гэтым спецыяльна пад Глеба не будуць уводзіць яшчэ адну штатную адзінку – як чакаецца, месца для яго вызвалiць 73-гадовы Міхаіл Вергеенка. А вось яшчэ адзін намеснік базанаўскага часу – экс-супрацоўнік аховы Лукашэнкі Міхаіл Ботнікаў, – паводле нашай інфармацыі, застанецца на месцы.

Таксама ў сценах АБФФ актыўна ходзяць размовы пра тое, што зменіцца і прэс-сакратар федэрацыі. Гэтую пасаду ўжо даўно займае 34-гадовы Аляксандр Алейнік, чый бацька Сяргей Алейнік ад 13 снежня 2022 года ўзначальвае міністэрства замежных спраў Лукашэнкі.

З высокай доляй верагоднасці Алейнік-сын пасля выбараў у федэрацыі пойдзе на павышэнне – стане генеральным сакратаром АБФФ. Цяпер гэтую пасаду займае 39-гадовы Сяргей Жардзэцкі.

Дык а хто ўсё ж такі ўзначаліць федэрацыю футбола?

Нарэшце, адказываем на галоўнае пытанне. Заяўка на ўдзел у выбарах кiраўнiка АБФФ паступіла ад вельмі нечаканага персанажа – 62-гадовага чыноўніка Мікалая Шарснёва. Пра тое, што ён практычна са стапрацэнтнай верагоднасцю будзе новым старшынёй АБФФ, «Трыбуне» паведамілі некалькі крыніц, якія не звязаныя адна з адной.

Шарснёў – ураджэнец вёскі Прыгузкі Аршанскага раёна. Iмя ён атрымаў, як у бацькі – той пры СССР быў і трактарыстам – перадавіком вытворчасці, і дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, і лаўрэатам Ордэнам Леніна, і героем сацпрацы за перадавое бульбаводства. Шарснёў-сын пайшоў па таму ж шляху. У 1983 годзе ён скончыў зааінжынерны факультэт Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны па спецыяльнасці «Заатэхнія».

Праз чатыры гады Шарснёў стаў намеснікам старшыні калгаса «Ленінскі шлях» ў Аршанскiм раёне, праз год стаў галоўным заатэхнікам у суседнiм калгасе «Сцяг перамогі». Пасля пераўтварэнняў сем гадоў кіраваў вытворча-гаспадарчай фірмай «Ніва». З 1996 года ў Беларусі пачалі праводзіцца «Дажынкі», і па выніках другога і трэцяга фестываляў гаспадарка Шарснёва станавілася найлепшай.

У канцы 1990-х Шарснёва прызначылі на пасаду начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мінскага райвыканкама. Пайшоў адтуль ён у 2002-м, пасля чаго за больш чым 10 гадоў змяніў мноства пазіцый (але ўсе яны так ці інакш былі звязаны з сельскай гаспадаркай і жывёлагадоўляй): быў гендырам ТАА «Карпарацыя Адраджэнне» Ліпецкай вобласці Расii, дырэктарам прыватнага вытворча-гандлёвага унітарнага прадпрыемства «Вальд'юніён», узначальваў «Белптушкапрам» i «Мінаблптушкапрам», з 2012-га па 2014-ы з'яўляўся гендырам 1-й Мінскай птушкафабрыкі.

У верасні 2014-га Шарснёў быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі па Віцебскай вобласці, а літаральна праз некалькі месяцаў стаў старшынёй рэжымнага аблвыканкама па той жа вобласцi, якую займаў шмат гадоў (а ў 2015-16 гадах паралельна быў прызначаны членам парламента Лукашэнкi).

У 2020-м правёў з мітынгоўцамі шматгадзінны дыялог, зараз працуе ў НАН

У сярэдзіне жніўня 2020-га прозвішча Шарснёва замільгала ў кантэксце мірных акцый пратэсту, што пракаціліся па ўсёй Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. 15 жнiўня ў Віцебску на вуліцы выйшла некалькі тысяч чалавек. Каля 16:30 гараджане падышлі да будынку рэжымнага выканкама і запатрабавалі, каб да іх выйшаў Шарснёў, яго намеснікі, а таксама кiраўнiк рэжымнага выканкама па горадзе Вiцебску Вадзім Заранкін. Аднак удзельнiкаў мiтынгу запэўнілi, што Шарснёва няма: адна супрацоўнiца казала, што ён на ўборачнай, намеснік – што на адкрыцці нейкага важнага аб'екта. У выніку больш за 600 чалавек падпісалі петыцыю з патрабаваннямі правесці паўторныя – сумленныя – выбары, прыцягнуць да адказнасці фальсіфікатараў і вызваліць затрыманых.

17 жніўня сустрэча людзей з чыноўнікамі Лукашэнкi ўсё ж адбылася. Зноў мітынгоўцы прыйшлі да будынку выканкаму а палову на 17-ю. Туды запусцілі 15 дэлегатаў і журналістаў, загадаўшы ўсім здаць тэлефоны. Пасля быццам па асабістым распараджэнні Шарснёва гаджэты дазволілі, але перад самым пачаткам дыялогу зноў загадалі здаць, а прэсу ўвогуле выгналі з будынка.

На сустрэчы прысутнічалі Шарснёў, а таксама прадстаўнікі сілавікоў Лукашэнкі. Дыялог доўжыўся каля пяці гадзін. Па выніку, як распавялі гараджанам удзельнікі сустрэчы, «ні Шарснёў, ні начальнік «УУС», паводле іх слоў, не давалі распараджэння прымяняць фізічную сілу да пратэстоўцаў, па кожным падобным факце, па якім паступіла заява, праводзяцца праверка і следчыя дзеянні».

– Мы прапанавалі за кошт вінаватых выплаціць матэрыяльную і маральную кампенсацыю пацярпелым ад рук міліцыі, і ўлады сказалі, што будуць думаць, – пачулі пратэстоўцы ад сваіх прадстаўнiкоў.

Як вынікае з навін, на сустрэчы Шарснёў падзякавалі віцяблянам за тое, што тыя праводзілі ўсе акцыі мірна і нічога не ламалі. Што да затрыманых (700 мітынгоўцаў), то ўсіх на працягу некалькіх дзён выпусцілі.

А вось па галоўным пытанні – пераліку галасоў на спрэчных участках і наогул па вобласці – дамовіцца не ўдалося. Калі пра гэта на сустрэчы зайшла гаворка, Шарснёў сказаў, што ён не палітык, а гаспадарнік, і такой улады не мае. І дадаў, што ўжо няма ні бюлетэняў, ні пратаколаў галасавання.

Тым не менш было абяцана разабрацца, напрыклад, з кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Сяргеем Сташэўскім – чыноўнік атрымаў вядомасць пасля таго, як у сеціве з'явіўся аўдыёзапіс з яго прыказам выбарчай камісіі змяніць пратакол. У кастрычніку 2020-га Сташэўскі пост пакінуў, але хоць нейкага пакарання пазбег.

Шарснёў таксама паабяцаў гараджанам праводзіць сустрэчы з людзьмі, адкрыць гарачую лінію для звароту. Але па выніку ўсё сышло на нішто, а рэпрэсіі ў дачыненні да нязгодных аднавіліся.

На чале рэжымнага выканкама па Вiцебскай вобласцi Шарснёў пратрымаўся да сярэдзіны снежня 2021-га. Указам Лукашэнкі ён быў адпраўлены ў адстаўку ў адзін дзень са старшынёй рэжымнай ЦВК Лідзіяй Ярмошынай.

Пасля гэтага Шарснёва без працы не пакінулі. Чыноўніку знайшлі месца ў беларускай Акадэміі навук – там ён пагэтуль займае пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення інвестыцыйна-вытворчай дзейнасці і адміністрацыйна-гаспадарчых пытанняў.

Далёкі ад футбола, але вызначыўся ў гіравым спорце

Тое, што кіраўніком АБФФ з высокай доляй верагоднасці стане чалавек без якога-небудзь футбольнага бэкграўнду, здзіўлення ўжо не выклікае. Але, як і ў Базанава (Уладзiмiр – КМС па лыжных гонках i лёгкай атлетыцы), у Шарснёва ёсць у біяграфіі спартыўныя старонкі.

Чыноўнік да гэтага часу ўдзельнічае ў спаборніцтвах па жыму штангі лежачы і ўзняццю гіры. У 2017 годзе ён нават устанавіў рэкорд Беларусі ў жыме штангі лежачы. На міжнародных спаборніцтвах «Славянскі кубак» у аграгарадку Ноўка Віцебскага раёна Шарснёў у катэгорыі да 100 кг сярод спартсменаў 50-59 гадоў выціснуў 165 кг, чым перавысіў ранейшае дасягненне на 20 кг. Ну а ў другім практыкаванні, дзе 100-кілаграмовую штангу ціснулі на максімальную колькасць паўтораў, Шарснёў выдаў 22 разы. У выніку ён стаў абсалютным пераможцам спаборніцтваў сярод усіх удзельнікаў, старэйшых за 40 гадоў.

У лістападзе 2019-га Шарснёў у складзе зборнай Беларусі ўдзельнічаў у чэмпіянаце свету па гіравым спорце, што праходзіў у Гродне і сабраў каля 150 удзельнікаў з 12 краін. Спартсмены ў індывідуальным заліку змагаліся ў некалькіх дысцыплінах: марафон, жым гіры лежачы, уздым гіры рыўком і штуршком. Кожнаму атлету трэба было за адну хвіліну максімальную колькасць разоў выціснуць 32-кілаграмовую гіру. Найлепшы вынік у сваёй узроставай групе паказаў Шарснёў, падняўшы снарад 53 разы за адну хвіліну. Гэты паказчык стаў абсалютным рэкордам сусветных першынстваў і зрабіў чыноўніка чэмпіёнам свету ў індывідуальным заліку, а яшчэ дапамог зборнай Беларусі перамагчы ў агульным заліку.

Навошта ж Шарснёву праца ў АБФФ? Як кажуць нашыя крыніцы, ініцыятыва зыходзіла зверху – адтуль прыйшло распараджэнне знайсці чыноўніку «больш годную пасаду, чым цяпер у НАН».

Іншыя пасты блога

Усе пасты