Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Беларус, які ламаў нос у брэсцкім «Дынама», зараз асноўны ў маскоўскай Z-камандзе – а паралельна паспявае гуляць у працiўнiка вайны

Беларус, які ламаў нос у брэсцкім «Дынама», зараз асноўны ў маскоўскай Z-камандзе – а паралельна паспявае гуляць у працiўнiка вайны

Расiйскія кульбіты Аляксандра Новіка.

Аўтар — bytribuna com
23 жніўня, 20:00
1
Беларус, які ламаў нос у брэсцкім «Дынама», зараз асноўны ў маскоўскай Z-камандзе – а паралельна паспявае гуляць у працiўнiка вайны

У расiйскую аматарскую медыялігу ў нашыя дні рвецца беларуская каманда «ДМедыя». Яе цалкам можна назваць рэжымнай – стварыць яе на базе мінскага «Дынама» прыдумаў «міністр спорту» Лукашэнкi Сяргей Кавальчук, а канкурэнтаў проста адсунулі, пасадзіўшы іх лідара.

Гульцы з Беларусі ў расійскім турніры свяціліся і раней. У адной з каманд, GOATS, была практычна «дыяспара» з экс-футбалістаў зборнай нашай краіны – у тым ліку выходзіў на поле Ігар Стасевіч, які пазней вярнуўся ў прафесійны футбол у Казахстане. Цяпер у GOATS збіраецца гуляць прарэжымнік Аляксандр Глеб.

Але ёсць у лізе і менш заўважныя беларускія персанажы. Напрыклад, у двух папярэдніх сезонах засвяціўся Аляксандр Новік. І гаворка не пра легенду салігорскага «Шахцёра» 1990-х і 2000-х, а пра яго цёзку. Аляксандр Рыгоравіч Новік нарадзіўся 15 кастрычніка 1994 года ў Бярозе, там пачаў займацца футболам, трапіў у сістэму мінскага «Дынама», у 2012-м адыграў сезон у Д3 за «Дынама-2», пасля чаго затрымаўся ў «міноры». Толькі ў пачатку 2016-га Новік усё ж трапіў у «вышку» – падпісаўся з брэсцкім «Дынама», дзе ў пачатку сезона быў у аснове і забіў у вароты «Гарадзеі», але потым клуб стаў узмацняцца на грошы «шэйха», якім прыкідваўся «кашалёк Лукашэнкі» Аляксандр Зайцаў. Ды і Новік атрымаў вельмі непрыемную траўму – у верхавой барацьбе Філіп Іваноў з «Крумкачоў» зламаў суперніку нос.

У канцы года 193-сантыметровы абаронца з найгрышам у 13 матчаў «вышкі» пакінуў Брэст. У 2017-м паўсезона правёў у Д3 Польшчы за «Котвіцу», а потым вярнуўся ў беларускі Д2 – у канцы года крыху пагуляў за «Слонім-2017», 2018-ы пачаў у «Смаргоні». У сярэдзіне 2018-га Новіка ўзялі ў «Тарпеда-БелАЗ», але за аснову футбаліст згуляў толькі ў Кубку, у астатнім праводзячы час у дублі. 2019-ы Новік адыграў у ратацыі «Белшыны», якая перамагла ў Д2, 2020-ы правёў асноўным гульцом у серадняку першай лізе «Нафтане» – і ціха скончыў прафесійную кар'еру. Пра гульца доўга нічога не было чуваць, не знайсці ніякіх яго выказванняў ні пра сітуацыю ў Беларусі, ні пра вайну ва Украіне.

У канцы 2022-га Новік аб'явіўся ў згаданай расійскай аматарскай медыялізе, дзе ішоў другі сезон, у камандзе «Рэаліці». У каментарыi з гэтай нагоды гулец распавёў, што пасля кар'еры перабраўся ў Расiю, бо адтуль родам яго жонка, і стаў «са многімі хлопцамі знаёмы» ў маскоўскім аматарскім футболе, вось і патрапіў у каманду, у якой спакойна аднёс сябе да «ноўнэймаў» – на «медыйны» статус не цягнуў, а «профі» не лічыліся тыя, хто скончыў больш за два гады таму. За «Рэаліці» Новік правёў 4 (з 8) матчы і зрабiў адзін асіст, а каманда не выйшла ў плэй-оф, пасля чаго была расфармаваная.

Пасля гэтага разам з тым, хто яго запрасіў, беларускі экс-футбаліст аказаўся ў іншай камандзе турніру – «Дружыне», заснаванай расійскім акцёрам і харэографам Ягорам Дружыніным. За яе Новік правёў 7 матчаў у трэцім сезоне турніру, але і «Дружына» ў плэй-оф не патрапіла. Затое сам Новік летам 2023-га паспяхова прапанаваў свае паслугі на міжсезонны кубак для «Броўк Бойс», адной з самых раскручаных каманд расійскай аматарскай медыялігі. З гэтым калектывам Новік дайшоў да фіналу кубка, дзе сабралася 19,5 тысячы гледачоў (галоўным чынам дзяцей), але «Броўк Бойс» не змаглі выйграць турнір – а неўзабаве развіталіся з гульцом. Чакаецца, што Новік вернецца ў «Дружыну».

Але і без гэтага беларускі экс-футбаліст мае каманду ў расійскай сталіцы – прычым у афіцыйным чэмпіянаце Масквы сярод ЛФК, фактычна зоне расійскага Д4 (пераможца мае права заяўляцца ў адну з зон Д3). Вось толькі заўзець за калектыў Новіка складана – ён носіць назву «ЗОВ», а на лагатыпе красуюцца лацінскія Z і V, сімвалы падтрымкі Расіі ў развязанай ёй вайне з Украінай. А форма каманды – белыя футболкі, сінія шорты і чырвоныя гетры – відавочна адсылае да дзяржсцяга Расіі.

На сайце «Зова» напісана самаўпэўнена: «Клуб, з якога пачынаецца новая расійская будучыня». А яшчэ ёсць вось такі малазразумелы абзац – з «вынікам 11 гульняў» і «абсалютнай перамогай». Дарэчы, па звестках розных сайтаў, «Зов» у сакавіку 2023-га быў не створаны, а проста перайменаваны – да таго называўся «Прамень Атэмі», а ў 2021-м – «Прамень Цім».

У раздзеле «Гісторыя клуба» таксама сказана, што мэта «Зова» – «патрыятычнае выхаванне сучаснай моладзі», для чаго «ў камандзе гуляюць маладыя гульцы, якія праз спорт выхоўваюцца ў духу патрыятызму і гонару за сваю краіну». Па факце ж 28-гадовы Новік, які правёў 13 матчаў і забіў два мячы, – далёка не адзіны ў камандзе, якога складана назваць маладым: асноўнаму варатару каманды 29 гадоў, а пары паўабаронцаў – наогул па 36. Пры гэтым менш за 20 гадоў, напрыклад, толькі пяці гульцам «Зова».

Калектыў з сімволікай акупантаў на грудзях пасля 14 з 26 матчаў лігі займае пятае месца з 25 баламі. На 14 ачкоў больш у лідара табліцы «Уральца». Так, каманда менавіта з такой назвай зараз стаіць на шляху беларускага «ДМедыя» ў расійскую аматарскую медыялігу. Праўда, там ва «Уральца» практычна цалкам іншы ростэр – узялі толькі пару гульцоў з «немедыйнага» складу. У Д4 жа «Уралец» двойчы абыграў «Зов» Новіка.

Атрымліваецца, што Новік паспяваў адначасова гуляць за каманды, дзе кіраўніцтва зусім па-рознаму ставіцца да вайны. Бо заснавальнік «Дружыны» Дружынін у пачатку сакавіка 2022-га зрабіў у сваіх сацсетках такі пост: «Агіда да вайны і да ўсяго, што з ёй звязана. Тыя, хто вінаватыя ў развязванні войн, – злачынцы. Рана ці позна справядлівасць пераможа, гісторыя ўсё расставіць па сваіх месцах, і тады сваякам дыктатараў можа стаць за іх няёмка. Я абсалютна супраць таго, што зараз адбываецца. Давайце зоймемся справай, а не вырашэннем геапалітычных задач на тэрыторыях, якія нам ужо не належаць». Праўда, зараз арыгінала гэтага выказвання артыста ўжо не знайсці.

Іншыя пасты блога

Усе пасты