Tribuna/Баскетбол/Блогі/О духе времени/Гігант з «Мінска» выйграў матч ЧС за самую маладую краіну – яе галоўны па баскетболе калісьці моцна насаліў зборнай Беларусі

Гігант з «Мінска» выйграў матч ЧС за самую маладую краіну – яе галоўны па баскетболе калісьці моцна насаліў зборнай Беларусі

Пасля гэтага Верамеенка не прыязджаў 12 гадоў.

Аўтар — bytribuna com
29 жніўня, 12:02
Гігант з «Мінска» выйграў матч ЧС за самую маладую краіну – яе галоўны па баскетболе калісьці моцна насаліў зборнай Беларусі

28 жніўня адбылася гістарычная падзея для спорту Паўднёвага Судана. Мужчынская баскетбольная зборная гэтай афрыканскай дзяржавы, якая ўпершыню прабілася на ЧС, выйграла там матч – з лікам 89:69 быў абгуляны Кітай. А пасля матчу амерыканскі галоўны трэнер пераможцаў Роял Айві сярод іншага выказаў персанальны рэспект: «Луол Дэнг – сэрца і душа ўсяго гэтага. Я даверыўся яго бачанню, і ўсё склалася. Я назаўжды ў даўгу перад Луолам за тое, што ён даў мне магчымасць трэнаваць гэтую каманду».

Дэнг – сапраўды знакавы чалавек для Паўднёвага Судана. Гэтая краіна ўвогуле зʼявілася толькі ў 2011-м – аддзялілася ад Судана ў выніку рэдкага для Афрыкі выпадку мірнага рэферэндуму, але яму папярэднічалі шматгадовыя грамадзянскія войны. А пасля здабыцця незалежнасці ў Паўднёвым Судане на шэсць гадоў разгарэлася яшчэ адна – паміж найбуйнейшымі этнічнымі групамі нуэр і дынка (і ўзброеныя канфлікты паміж цягнуцца час да гэтага часу). А яшчэ дынка – адзін з самых высокіх этнасаў у свеце, а рост – важная характарыстыка ў баскетболе.

Дэнг – адзін з дынка, а яго бацька Альда быў уплывовым чыноўнікам у Судане да перавароту Амара аль-Башыра ў 1989-м. Незадоўга да яго Альда здолеў адправіць сваю сямʼю ў Егіпет, але сам пры новым рэжыме трапіў у турму. Адтуль яго неўзабаве паслалі перагаворшчыкам з узброенай апазіцыяй, а праз некаторы час чыноўнік здолеў збегчы ў Брытанію – там атрымаў прытулак і забраў сямʼю ў Лондан. У Егіпце ж дзеці Дэнга-старэйшага паспелі сустрэцца з Манутэ Болам – 230-сантыметровым дынкам, якога ў свой час у Судане заўважыў скаўт і перавёз у ЗША, дзе Болу ўдалося пабудаваць прыстойную карʼеру ў НБА. Луол Дэнг пасля гэтага захацеў стаць баскетбалістам – у Брытаніі пайшоў займацца, паспеў патрапіць у зборную Англіі свайго ўзросту, а ў 14 гадоў зʼехаў у акадэмію ў ЗША.

У выніку Дэнг, які вырас да 2,06 метра, гуляў у НБА з 2004-га па 2019-ы, двойчы ўдзельнічаў у матчах усіх зорак, а таксама быў адзначаны спецыяльнай прэміяй за сумленную гульню і этычныя паводзіны. А яшчэ Луол выкарыстаў сваё становішча, каб дапамагаць людзям у Судане і такім жа ўцекачам адтуль, якім быў сам – стаў амбасадарам некалькіх гуманітарных праграм і фондаў, а ў 2005-м заснаваў свой, які, сярод іншага, дапамагаў юным суданскім гульцам зʼяжджаць у Брытанію, дзе Дэнг таксама ўкладваў сродкі ў развіццё дзіцячага баскетбола. У 2021-м Луол за сваю дзейнасць стаў кавалерам Ордэна Брытанскай імперыі.

А ў 2019-м Дэнг, скончыўшы карʼеру ў НБА, вырашыў больш шчыльна ўзяцца за баскетбол на Радзіме – і стаў прэзідэнтам федэрацыі Паўднёвага Судана. Луол паставіў адной з мэт узмацніць зборную краіны праз прыцягнення баскетбалістаў з мясцовымі каранямі. Аўтарытэт Дэнга, які стаў сам трэнаваць зборную, дапамог: паўднёвасуданскую майку надзелі ўраджэнец Судана Вэньен Габрыэль з НБА, нашчадак бежанцаў Карлік Джонс (MVP дапаможнай Лігі развіцця НБА) і іншыя таленавітыя баскетбалісты. А трэнаваць зборную стаў згаданы Айві – памочнік у «Брукліне» з НБА (зараз у «Хʼюстане»). Праўда, на вырашальныя матчы адбору на ЧС коўч праз занятасць у клубе прыехаць не змог – так што Дэнг вярнуўся на лаўку і справіўся сам. На ЧС ён афіцыйна заяўлены і як асістэнт Айві.

А яшчэ Дэнг у свой час выдатна запомніўся зборнай Беларусі. Справа была ў 2007-м – у год, калі жаночая зборная ўзяла бронзу Еўра, мужчынская спрабавала хаця б патрапіць у кваліфікацыю ЧЕ праз турнір другога дывізіёна (цяпер такога дзялення ў баскетболе ўжо няма). Для гэтага трэба было спачатку выйграць адборачную групу з Албаніяй, Славакіяй, Нідэрландамі і Вялікабрытаніяй. Атрымлівалася нядрэнна – у гадавой кваліфікацыі Беларусь выйграла пяць матчаў з сямі. Заставаўся вырашальны матч – яго пераможца і выходзіў у стыкі за фінальную частку. 5 верасня 2007 года ў Мінску Беларусь прымала Вялікабрытанію. Настрой у спортчыноўнікаў быў аптымістычны – у пачатку адбору ў Шэфілдзе беларускія баскетбалісты выйгралі 69:68.

Сустрэчу паставілі ў мінскі Палац спорту, дзе рэжымнікі вырашылі зладзіць аншлаг у 3800 гледачоў адзіна зразумелым ім метадам – сагналі школьнікаў і студэнтаў, што прызнала нават газета адміністрацыі Лукашэнкі. У выніку сотні рэальных заўзятараў проста не пусціў рэжымны АМАП, а на трыбунах была вельмі млявая падтрымка. Зрэшты, наўрад ці выратавалі б беларускую зборную і крычалкі з сектараў – як высветлілася пасля, свежых матчаў брытанскай каманды наогул не разбіралі, а за год склад супернікаў значна ўзмацніўся. У прыватнасці, дадаўся туды Дэнг – у кастрычніку 2006-га ён атрымаў паўнавартаснае брытанскае грамадзянства і пагадзіўся гуляць за краіну, якая дала прытулак ягонай сямʼі.

Луол і стаў галоўным героем матчу – набраў больш за ўсіх пунктаў (27) і асістаў (5). Сукаманднікі падтрымалі – і Беларусь была разгромленая 51:83. Гаспадарам не дапамаглі 13 пунктаў і 11 падбораў Уладзіміра Верамеенкі – і найлепшы тады баскетбаліст краіны пасля гэтага матчу 12 гадоў (!) адмаўляўся гуляць за зборную. Брытанія ж стала адным з двух пераможцаў Д2, потым выйшла на ЧЕ, а Дэнг згуляў за каманду яшчэ і на Алімпіядзе-2012.

У сёлетняй жа зборнай Паўднёвага Судана падапечным Дэнга стаў і 26-гадовы Коч Бар. 211-сантыметровы цэнтравы ад 3 жніўня таксама звязаны з Беларуссю – падпісаў кантракт з «Мінскам». Праўда, у зборнай Бар гуляе зусім няшмат – у гістарычным матчы з Кітаем правёў на пляцоўцы толькі дзве хвіліны і нічым не вызначыўся, а пры пройгрышы Пуэрта-Рыка (96:101 ОТ) за 12 хвілін набраў 0 пунктаў, 1 асіст, 2 падборы і 1 перахоп. Затое ўжо 3 пункты мае на сваім рахунку іншы гулец «Мінска» – форвард Якаб Чабашак у зборнай Славеніі, за якую гуляе з зоркай НБА Лукай Дончычам.

Іншыя пасты блога

Усе пасты